Авторизация
 

Прыватную ініцыятыву развівае садзейнічанне

 Тужлівыя трухнеючыя сцены. Замест вокнаў – пустыя вачніцы. Асірацелыя без гаспадарчай рукі будынкі “разнастайваюць” мясцовы пейзаж і ў горадзе, і на сяле. Яшчэ і капейку цягнуць з арганізацый, на балансе якіх лічацца. 

Па дадзеных статыстыкі, на канец 2018 года ў краіне прастойвала больш за 2,26 мільёна квадратных метраў пабудоў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, – каля 2 % ад усёй нерухомай маёмасці. Не знайшлося на іх вартага інвестара, каб не толькі ўкласці сродкі і ўдыхнуць жыццё, але і стварыць новыя рабочыя месцы. Нават выстаўленыя на продаж за адну базавую велічыню пустуючыя будынкі не зацікавілі пакупнікоў. У выніку даведзены ўрадам план па ўцягненні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці выкананы толькі на 62 %. Чаму так марудна ідзе працэс?

“Купіце аб’ект!” – заклікаюць аўкцыёны. Попыт ёсць. Праблема ў тым, што працэдура адчужэння дзяржаўнай маёмасці даволі складаная. Трэба сабраць аб’ёмны пакет дакументаў, на што спатрэбіцца нямала часу і сродкаў. Пасля ўдару малатка на аўкцыёне новы ўладальнік павінен перааформіць паперы на сябе. Нават калі прадаюць аб’ект за базавую велічыню, трэба яшчэ заплаціць за арганізацыю мерапрыемства, падатак… Набягае немаленькая сума для малога бізнесу, які яшчэ не распачаўся. Значную частку неэксплуатуемай маёмасці складаюць сацыяльныя аб’екты. З аднаго боку падыходзяць для ажыццяўлення ідэі, але не заўсёды размешчаны там, дзе рэальна штосьці арганізаваць. Часам улады маюць сваё бачанне, што павінна быць на гэтым месцы. Па-сутнасці, якая розніца, абы аб’ект выкарыстоўваўся і не ляжаў цяжкім грузам на плячах дзяржавы.


Каб нічога не стрымлівала ініцыятыўных людзей і рос попыт на аб’екты малога і сярэдняга бізнесу, неабходна граматна выбудаваная работа. На нядаўнім выязным прэзідыуме абласнога Савета дэпутатаў вопытам падзяліліся глыбачане. Некалькі гадоў таму раён быў названы найлепшым для бізнесу сярод рэгіёнаў вобласці з насельніцтвам менш за 50 тысяч чалавек. Па канцэнтрацыі прыватных прадпрыемстваў на тысячу жыхароў Глыбокае на пятым месцы пасля Віцебска, Оршы, Полацка і Наваполацка. Развіццю бізнесу спрыяе актыўная падтрымка ініцыятыўных людзей у працэсе арганізацыі вытворчасцей. Мясцовая ўлада зацікаўлена прадаць і перадаць у бязвыплатнае карыстанне пустуючыя будынкі, каб уся нерухомасць эфектыўна працавала. Лічыць сваім абавязкам дапамагчы ў афармленні дакументаў, арганізацыі аднаўленчых работ.


 Удзельнікі прэзідыума на ўласныя вочы ўпэўніліся, як пры гаспадарчым падыходзе можа выкарыстоўвацца тое, што ўжо практычна разбурыў час. Сяргей Канцэдалаў сярод тых, хто ўклаў капітал у рэканструкцыю незапатрабаваных аб’ектаў дзяржаўнай маёмасці. У канцы 2014 года па рашэнні райвыканкама атрымаў у карыстанне былы будаўнічы цэх плошчай 660 м2 з ацэначным коштам 180 тысяч недамінаваных рублёў. Па ўмовах інвестпраекта выканаў будаўніча-мантажныя работы і адкрыў гандлёвы аб’ект “ЛЮКС” ТАА “Маркет Прадукт”, дзе рэалізуе будаўнічыя матэрыялы. Тут стварыў сем працоўных месц.


З двара ў вялікім ангары інвестар з творчым ухілам размясціў кузню “У ажуры”. Вырабы з металу ствараюць 15 кавалёў-майстроў. Ажурныя арачныя канструкцыі, сімпатычныя фігуры з нержавеючай сталі па індывідуальных і тыпавых праектах упрыгожваюць вуліцы не толькі Глыбокага, але і практычна ўсёй Беларусі.


У ліку паспяхова рэалізуемых праектаў дрэваапрацоўчая вытворчасць “Берестадрев”, якая заняла тэрыторыю базы былога “Рамонтніка”. За пяць гадоў вялікія плошчы прыведзены ў парадак, перакрыты дахі, у жоўта-зялёных танах памяшканні. Згодна з інвестпраектам на мантажна-рамонтныя работы і закуп абсталявання затрацілі каля 500 тысяч беларускіх рублёў. Разнастайныя віды матэрыялаў ідуць у асноўным на экспарт. Пілавінне рэалізуюць на выраб гранул і на подсціл жывёле, кару – на падкормку буякоў. Вырабляюць брыкетныя пілеты. Ёсць свая сталярка, дзе ствараюць малыя архітэктурныя формы. Для пашырэння асартыменту прадукцыі і павелічэння аб’ёмаў вытворчасці плануюць набыць шматпільны станок і дыскавую пілараму. На прадпрыемстве створана 25 працоўных месц, па тры – чатыры чалавекі наймаюць па дагаворах падраду.


Узор высокай культуры прыёму гасцей і афармлення тэрыторыі – аграсядзіба “У Якімовіча”. У двары еўрапейскі парадак. Поўная гармонія архітэктурных форм. Сад, фантаны, масток, які вядзе да штучнага вадаёма, лавачкі, крынічкі – нічога лішняга. Тэрыторыя прыгажосці раскінулася далёка за межы аграсядзібы, плаўна перайшоўшы ў гарадскі парк, дзе любяць бавіць час глыбачане. Такі ўнёсак Дзмітрыя Якімовіча ў добраўпарадкаванне роднага горада. Яго прыклад пераймаюць іншыя.


 Як неаднойчы акцэнтаваў увагу на пасяджэнні старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, трэба садзейнічаць прыватнай ініцыятыве, умець прымаць нестандартныя рашэнні ў рамках закона, каб прыходзіў інвестар, ствараліся новыя вытворчасці і развіваўся рэгіён.


У ліку яскравых прыкладаў і Міёрскі раён. У нас будуецца ўнікальны металапракатны завод. Ключавы інвестар – аўстрыйская кампанія. Агульны аб’ём “чыстых” інвестыцый – звыш 200 мільёнаў еўра. Прадпрыемства дасць больш за 500 працоўных месц. Завод будзе мець вагу ў эканоміцы не толькі раёна, але і рэспублікі. На мясцовым узроўні дадатковыя даходы спатрэбяццца на развіццё будаўнічай, сацыяльнай сфер, розных відаў паслуг, падтрымку сяла. Замежных інвестараў прывабіла магчымасць развіваць і медыцынскае абслугоўванне. З гэтым звязаны чарговыя праекты, у тым ліку ўзвядзенне кардыяцэнтра.


Акрамя маштабнага інвестара неабходна падтрымліваць прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця мясцовай ініцыятывы, што дасць шанц на новае жыццё многім пустуючым аб’ектам. Зручней стане працаваць на ўмовах указа № 169 “Аб распараджэнні дзяржмаёмасцю”, які Прэзідэнт падпісаў сёлета 10 мая. Дакумент закліканы актывізаваць працэс уцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай нерухомасці. У ім прапісана растэрміноўка дзяржмаёмасці, спрошчана дзеючая і станоўча зарэкамендаваная норма – набыць аб’екты за базавую велічыню праз аўкцыёны. У прыватнасці, дазволены продаж з устанаўленнем такой пачатковай цаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, акрамя абласных цэнтраў і Мінска.


Выкарыстанне маёмасці, набытай па выніках аўкцыёну, даступнае не толькі пакупніку, але і створаным ім юрыдычным асобам. Новы ўласнік зможа аказваць паслугі ў сферы аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці ці дзейнасці, пры якой фізічныя асобы не займаюцца прадпрымальніцтвам, уплачваюць адзіны падатак.


Існуючая сістэма паніжэння кошту аб’ектаў таксама ўдасканалена. Указ № 169 скарачае колькасць абавязковых крокаў аўкцыёнаў з паніжэннем цаны на 20 %. Калі няма попыту, на паўторныя таргі маёмасць выстаўляецца адразу са зніжэннем кошту да 50 %.
Павялічаны тэрмін прадастаўляемай пакупніку растэрміноўкі аплаты з аднаго да трох гадоў, у чым ён вызначыцца сам. Пашыраецца кола арандатараў, якія могуць выкупіць маё- масць. Разам з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі такое права прадастаўлена фізічным асобам. У выпадку продажу маёмасці арандатарам захоўваецца права на пяцігадовую растэрміноўку.


Грамадзяне і арганізацыі змогуць набываць невыкарыстоўваемую маёмасць для разборкі на будаўнічыя матэрыялы. Пры гэтым афармляць тэхпашпарт і правапасведчанне на яе не патрабуецца. 

У ТЭМУ
Сёлета ў Міёрскім раёне да рэалізацыі з аўкцыённых таргоў прапануюць 11 аб’ектаў. Інфармацыя пра іх з фотаілюстрацыямі размешчана на сайце райвыканкама ў раздзеле “Дзелавое супрацоўніцтва” – “Нерухомасць”. Маёмасць можна набываць для развіцця ўласнай ініцыятывы ці пад жыллё, для яго падыдуць былыя ФАПы, клубы, школы ў сельскай мясцовасці.

Фотаматэрыял аўтара. 

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта