На комбикормовом заводе в Миорах прошёл техосмотр

 Камбікормавы завод у ліку апошніх прамысловых прадпрыемстваў, на якіх праходзіў дзяржтэхагляд трактараў, прычэпаў да іх і рознай самаходнай тэхнікі. Належным чынам падрыхтавацца да яго былі час і магчымасці. Таму да прыезду камісіі 22 мая на тэрыторыі выстраіліся ўсе восем “адзінак”: чатыры трактары, у тым ліку амаль музейны Т-40, пагрузчык і тры прычэпы. 

Дагледжаныя, спраўныя, свежапафарбаваныя – адчуваецца клопат вядучага механіка Васіля Чарвінскага і нешматлікіх для такога парка механізатараў. Гэта Іван Равецкі, гаспадар “Беларусоў” і прычэпаў да іх, і Сяргей Лакотка, які працуе на “Амкадоры” і прыбірае тэрыторыю на Т-40. Дарэчы, ім давялося папрацаваць на пасяўной у сельгаспрадпрыемствах, а пагрузчык дапамагаў жывёлаводам “Узмёнскага краю” абыходзіцца з кармамі.


Як звычайна, ва ўсёй тэхніцы, што выстаўлена на лінейку гатоўнасці, праверылі надзейнасць рулявога кіравання, тармазоў, асвятляльных і сігнальных прыбораў. Былі заўвагі, якія неадкладна выпраўлены, рэкамендацыі, якія неабходна ўлічыць у працэсе эксплуатацыі. Важна, што дадзены дазвол на выкарыстанне ўсёй тэхнікі ў вытворчасці.


Галоўны дзяржаўны інспектар тэхнагляду Уладзімір Яскевіч пракаменціраваў сітуацыю на завяршальным этапе тэхагляду на прамысловых прадпрыемствах і ў невялікіх арганізацыях.


– Важная кампанія заканчваецца, сёння праверым стан тэхнікі ў Дзісенскім лясгасе. А гэта 35 адзінак трактараў і самаходных машын на іх базе, 15 прычэпаў. Але там заўсёды адказна ставіліся да тэхагляду, не чакаю, што сёлета будзе інакш, – кажа Уладзімір Канстанцінавіч.
У цэлым сітуацыя з падтрыманнем машынна-трактарнага парка ў рабочым стане станоўчая. Напрыклад, ва УП ЖКГ (галоўны механік Анатоль Брыцікаў) 22 трактары і восем прычэпаў, у рамонце адпаведна тры і два. У Міёрскім ПМС, дзе галоўны механік Леанід Шокель, дапушчаны да эксплуатацыі ўсе 21 трактар і 12 прычэпаў з 13 наяўных. У Язненскім (галоўны механік Дзмітрый Малец) меліяратарам засталося давесці да ладу чатыры трактары з 13, усе шэсць прычэпаў спраўныя. Няма сумненняў, што і астатняя тэхніка ў бліжэйшыя дні будзе выстаўлена на лінейку гатоўнасці.


Прайшла тэхагляд самаходная тэхніка ў ДРБУ-203, ЛВДС “Дзісна”, РЭС, санаторыі “Расінка”, водаканале, вучэбным камбінаце і іншых невялікіх прадпрыемствах і ўстановах. Выбіліся з графіку толькі райспажыўтаварыства і ПМК-55.


На мінулым тыдні таксама падводзілі вынікі працы механізатараў і рамонтнікаў сельгаспрадпрыемстваў, што рыхтавалі самаходную кормаўборачную тэхніку і прычэпы для перавозкі травяной зялёнай масы. Гэты тэхагляд не такі маштабны, але не менш адказны. Першымі вытрымалі экзамен УП “Цітова”, ААТ “Туркова”, “Папшулі” і “Мікалаёўскі”. Галоўны дзяржінспектар Уладзімір Яскевіч сцвярджае, што вялікіх прэтэнзій да іх не было. Не атрымалася ”лінейка гатоўнасці” ў вызначаны тэрмін у “Дрыгучах” і “Узмёнскім краі”. Няпростая сітуацыя ў КУП “Язна” і ВУПКУ “Міёрскі”.


22 мая карэспандэнт раённай газеты назіраў, як праходзіць допуск кормаўборачнай тэхнікі да работы на палетках у дзвюх гаспадарках.
У філіяле “Павяцце” на машынным двары да дзевяці гадзін выстраіліся ў рад трактар “Беларус-3022” з навешанай дзевяціметровай касілкай, два КВК-800, чатыры спецыяльныя прычэпы розных мадыфікацый, у тым ліку тры новыя, некалькі грабель рознага прызначэння, прэс-падборшчык, “Амкадор” для трамбоўкі сенажу, усяго 11 тэхнічных адзінак. Гэтага дастаткова на пачатковым этапе корманарыхтоўкі, сцвярджаў галоўны інжынер Леў Крук. Яшчэ шэсць адзінак у асноўным па прычыне зварачных работ знаходзіліся ў майстэрні і павінны былі стаць у строй у бліжэйшы час.


У гаспадарцы плённа выкарысталі для падрыхтоўкі корманарыхтоўчай тэхнікі час пасля ранняга заканчэння пасяўных работ. Так, механізатар Уладзімір Сіўко на энерганасычаным “Беларусу” сёлета пасеяў каля 1100 гектараў яравых культур, абсалютную большасць плошчаў, нават лён, і ўжо падрыхтаваў да выкарыстання касілку. Трактарыст Сяргей Нежывінскі на МТЗ-82 вывозіў на палі арганіку, адвозіў з іх каменне, потым даводзіў да ладу КВК-800.


– Пакуль поўнасцю выставілі кормаўборачную тэхніку на агляд толькі філіял “Павяцце” і УП “Цітова”, – адзначыў Уладзімір Яскевіч. З гэтым скіраваліся ў суседняе ААТ “Мерыца”. Тут да “лінейкі гатоўнасці” далекавата. Пад кіраўніцтвам маладога інжынера Фёдара Ахлопкава механізатары толькі распачалі рамонт кормаўборачнай тэхнікі. Трактарыст Аляксандр Мяніцкі займаўся сваім “Палессем УС-250”. Са шматгадовай практыкі вядома, што Аляксандр Браніслававіч пры любых умовах і ў любой сітуацыі будзе гатовы да выезду на сенажаць. Фёдар Мікалаевіч разлічваў: у корманарыхтоўку ёсць магчымасць уключыць тры касілкі, два прэсы, столькі ж грабель, адны новыя толькі набылі і цяпер манціравалі, “Амкадор” будзе на трамбоўцы. Але гаспадарка не мае ўтваральніка валкоў, праблема з прычэпамі…


Дырэктар гаспадаркі Алена Лаўрыновіч кантралюе падрыхтоўчыя работы. Яна праінфармавала, што праведзены тэхагляд энерганасычанай тэхнікі, як ідзе рамонт, калі паступяць патрэбныя запчасткі і заказаныя знакі “Ціхаходны транспартны сродак”. Але час бяжыць хутка. 

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.