Згодна з кадравай палітыкай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прафсаюзным лідарам выбіраюць чалавека адказнага, актыўнага, які карыстаецца аўтарытэтам у калектыве.
Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена САБІРАВА сустрэлася з кіраўнікамі прафсаюзных пярвічак у Міёрах. Разам паўтарылі правілы, якімі трэба кіравацца ў сваёй дзейнасці.
ГАЛОЎНЫ дакумент прафсаюзнай пярвічкі — калектыўны дагавор. Калі яго няма ці не выконваюцца ўстаноўленыя нормы, кіраўнік установы або прадпрыемства панясе адказнасць. Алена Сабірава раіла дасылаць калектыўныя дагаворы пярвічак на экспертызу ў абласную арганізацыю. Падкрэсліла, што раз у паўгода на пасяджэннях прафкама абавязкова разглядаць нормы выканання дакумента.
Пасяджэнні прафкама трэба праводзіць не радзей за адзін раз у квартал. Кожнае разгледжанае пытанне суправаджае пастанова.
НА пунктах дзейнасці прафсаюзнага лідара Алена Аляксандраўна спынялася падрабязна, кансультавала па незразумелых пытаннях. Нагадала, як весці дакументацыю, якую інфармацыю размяшчаць на стэндах. Прапаноўвала звяртацца па дапамогу, калі камусьці з членаў прафсаюзных арганізацый патрэбна матэрыяльная падтрымка. Напрыклад, пацярпеламу ад наступстваў урагана ў Шаркаўшчыне прафсаюз дапамог тройчы. Спачатку на мясцовым узроўні, затым на абласным і рэспубліканскім. “Мы не пабудуем дом і не накрыем дах, але не пакінем у бядзе і акажам пасільную дапамогу”, — адзначыла Алена Сабірава.
Фота аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.