2019-ы абяцае Міёрскаму філіялу АУП “Віцебскаблпаліва” добры ўзровень забеспячэння насельніцтва цвёрдымі відамі паліва. На гэты год заключаны дагаворы на пастаўку сямі тысяч метраў кубічных дроў і амаль пяці тысяч тон торфабрыкету. Летась забяспечылі палівам звыш трох тысяч домаўладанняў, льготнай катэгорыі — 269.
Згодна з пастановай Савета Міністраў № 1028 ад 09.11.2012 г., устаноўлены максімальныя нормы водпуску насельніцтву аднаго з відаў паліва на домаўладанне ў каляндарным годзе па фіксаваных рознічных цэнах: 3,5 тоны торфабрыкету і 4,9 м3 дроў. Іх маюць права купляць грамадзяне, якія пастаянна жывуць у краіне, зарэгістраваны па месцы жыхарства ў дамах з пячным (вадзяным, паравым) ацяпленнем і не падключаны да сістэмы цэнтралізаванага цеплазабеспячэння раённых кацельняў.
Спажывец, у якога ёсць паліўная кніжка, назваўшы яе нумар, робіць заказ па тэлефоне 4 04 17. Для льготнай катэгорыі грамадзян неабходны даведка сельвыканкама (на вёсцы) ці жыллёва-камунальнай гаспадаркі (горад) аб складзе сям’і, копія льготнага пасведчання і заява. Паліўныя кніжкі выдаюць па прад’яўленні пашпарта.
Дзяржава аплачвае вялікую долю цаны паліва. Тона торфабрыкету на заводзе каштуе ў тры разы даражэй, чым яе атрымліваюць спажыўцы, яшчэ ўдвая танней — для льготнай катэгорыі. Прымальныя цэны і на дровы, якія купляем драўнінай у лясгасе, а потым прадаём піленыя і шчапаныя. Кошт дастаўкі залежыць ад месца, дзе жыве спажывец.
Каб не ствараць ажыятаж, не варта адкладваць набыццё торфабрыкету на ацяпляльны сезон. Пры магчымасці заказвайце паліва ў красавіку-жніўні. Тады можна быць упэўненым, што кошт будзе прымальным і колькасць дастатковай. Летась у снежні некаторыя спажыўцы заплацілі за торфабрыкет па поўнай цане прадаўца.
Асноўны пастаўшчык торфабрыкету — ТБЗ “Браслаўскі”. Дзякуючы новаму абсталяванню якасць паліва павышаецца. А яго кошт застаецца ранейшым трэці год запар.
Фота для ілюстрацыі.
Сяргей КРУК, дырэктар
Міёрскага філіяла Віцебскага
абласнога УП “Віцебскаблпаліва”.