Авторизация
 

Пра Язненскае ПМС

 Калі размова заходзіць пра Язненскае ПМС, што базіруецца на ўскрайку раёна, неяк нязвыкла ўжываць словазлучэнне “горадаўтваральнае прадпрыемства”, але яно ў дадзеным выпадку да месца. Сапраўды, ПМС вельмі шмат значыць для аграгарадка. 

Тут працуе 61 чалавек непасрэдна з Язна, а таксама з навакольных вёсак Іст, Басянкі і іншых. Мясцовае насельніцтва звяртаецца да меліяратараў за паслугамі, кола якіх пашыраецца. Між тым, нават у лепшых умовах рэдкія прадпрыемствы меліярацыйных сістэм выжываюць. Як гэта ўдаецца язненцам? З такім пытаннем звяртаюся да кіраўніка ПМС Пятра РАДЗЮКА.

— Калектыў нашага ПМС складваўся гадамі, ён працаздольны, надзейны, як бярэцца за нейкую справу, нават калі яна на мяжы магчымага, абавязкова дагавор выканае,—пералічвае вартасці свайго прадпрыемства дырэктар. — Гэта ўлічваюць нашы заказчыкі. Мы мабільныя, можам працаваць у любым куточку вобласці, і не толькі.


Падтрымліваем стабільныя сувязі з наваполацкімі нафтавікамі, а тыму былі заняты на пракладцы прадуктаправода ў напрамку Круляўшчызны, выконваем заказы полацкіх і глыбоцкіх энергетыкаў, дапамагалі рыхтавацца да абласных “Дажынак” Верхнядзвінску, працуем ў гаспадарках, што ўваходзяць у холдынг Полацкага КХП, а гэта сельгаспрадпрыемствы Полацкага, Міёрскага, Верхнядзвінскага і іншых раёнаў. Наша ўменне ўзводзіць і абслугоўваць гідрамеліярацыйныя аб’екты неабходна рыбгасу “Навінкі” на Пастаўшчыне.


Мясцовае насельніцтва звяртаецца ў ПМС, калі ёсць патрэба ў транспарце, бульдозерных і экскаватарных работ. Нават прызвычайваемся да аказання рытуальных паслуг. Што зробіш, калі людзям больш няма куды звярнуцца.


Між тым сітуацыя ўскладняецца, цяпер мы падпарадкоўваемся “Віцебскмясамалпраму”, таму страцілі частку бюджэтных заказаў. І ўсё ж фінансавае становішча прадпрыемства стабільнае, своечасова разлічваемся з падаткамі і фондамі, выплачваем заробак сваім работнікам.


Якія перспектывы ў Язненскага ПМС на 2019-ы?
— Прадпрыемства на гэты год ужо загружана заказамі недзе на 70%. Часткова мы захавалі за сабой абслугоўванне меліярацыйных аб’ектаў у Полацкім і Міёрскім раёнах, што фінансуецца з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Будзем рамантаваць сажалкі і абслугоўваць шэраг збудаванняў у рыбнай гаспадарцы “Навінкі” ў Пастаўскім раёне, яшчэ 120-150 тысяч рублёў прынясе выкананне іншых дагавароў. Прадоўжым супрацоўніцтва з ранейшымі заказчыкамі, будзем шукаць новых. Іх дастаткова, але нам патрэбны ў першую чаргу плацежа- здольныя.


Вы назвалі свой калектыў згуртаваным, працаздольным, хто з’яўляецца яго ядром?
— У мяне ёсць на каго абаперціся. Любое заданне ў тэрмін і якасна выканаюць будаўнікі ўчастка пад кіраўніцтвам прараба Пятра Баслака. Вялікі практычны вопыт у звяна машыністаў бульдозераў у сладзе Станіслава Маркевіча і Сяргея Труса. Заўсёды можна разлічваць на вадзіцеля Мікалая Нікіціча. Падтрыміваць тэхніку дапамагае ўменне механіка Сяргея Якушына. Маладым спецыялістам яшчэ лічыцца Станіслаў Маркевіч, аднак ён ужо не толькі ўзначальвае планава-тэхнічны аддзел, але і выконвае абавязкі галоўнага інжынера. Надзейна забяспечвае тылы бухгалтэрыя пад кіраўніцтвам Валянціны Пучынскай.


Сакавік для Вас не зусім звычайны — адзначаеце ўласнае 70-годдзе і 46-ы год працы ў Язне. Сёлета спаўняецца паўстагоддзя меліярацыйнага і крыху больш за 30 год кіраўніцкага стажу. Стаж — гэта што?
— Найперш — сувязі, якія забяспеч- ваюць заказы для калектыву, а яшчэ вопыт, патрэбны для рашэння практычных здач. Я, сельскі хлопец з вёскі Антонава і сын рабочых саўгаса “Маркава” Шаркаўшчынскага раёна, працоўны шлях пачынаў майстрам Міёрскага БМУ пасля заканчэння Пінскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума. Напачатку займаўся асушэннем ўгоддзяў калгасаў “Парыжская камуна”, імя Чапаева, імя Кірава, “Маладая гвардыя”. Для майго прафесійнага станаўлення многае значылі кантакты з такімі знакамітымі кіраўнікамі, выдатнымі гаспадарнікамі, як Іосіф Майдзін, Акім Чувікаў, Альгерд Шаркель, Пётр Кандрашоў, з аграномам Надзеяй Цвяценка. Усе яны вельмі клапаціліся пра ўрадлівасць палёў і ўмелі ладзіць з людзьмі. А Міёрскі прарабскі ўчастак будаўніча-мантажнага ўпраўлення быў не з лёгкіх—мноства балотцаў і вымачак, незлічоная колькасць камення і бездараж вясной і восенню. Той пачатак стаў добрай практычнай школай.


Чаму такая “пачатковая школа” навучыла?
— Што кіраўнік абавязаны выконваць абяцанні, дадзеныя калектыву, клапаціцца пра падначаленых і пры гэтым быць патрабавальным. З тых часін прытрымліваюся пранцыпу: чалавека заўсёды трэба падтрымаць, але не за кошт аслаблення дысцыпліны і выканання абавязкаў, захавання тэхналогіі выканання работ. Імкнуся быць абавязковым і сам.


Работа для кіраўніка заўсёды на першым месцы, а як з адпачынкам?
— Клопаты пра вытворчыя справы не адпускаюць ніколі. Але гэта не азначае, што нельга вымеркаваць час на дом, сад, агарод, рыбалку ці грыбы. Да таго ж, у нас з жонкай двое дарослых дзяцей, у якіх свае сем’і, патрабуюць увагі чацвёра ўнукаў і ўнучка. Не так часта, як хацелася б, але збіраемся разам на сямейныя ўрачыстасці.


Сачу за публікацыямі ў СМІ, а гэта найперш “СБ. Беларусь сегодня”, “Міёрскія навіны”, ведамасная газета “Жывая вада”, дарэчы, даволі цікавая для меліяратара. З навінамі знаёмлюся па тэлебачанні. Фанатам у спорце сябе не лічу, але люблю більярд, не прапускаю рэпартажы пра нашых беларускіх валейбалістак.


Чым ганарыцеся?
— Дасягненнямі калектыву: па выніках 2017 года Язненскае ПМС было занесена на раённую Дошку гонару. Асабіста ўзнагародамі таксама не пакрыўджаны, у папцы захоўваю стос Ганаровых грамат, раённых і абласных. Сярод іх — нядаўняя падзяка Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца.


Цяпер настрой вясенні?
— Вядома, фронт работ у меліяратараў пашыраецца. Планы на бліжэйшую будучыню складваюцца. Але час цяпер не просты, шмат новага, нямала спантаннага. Дасягнутае нашаму Язненскаму ПМС трэба не толькі захаваць, памножыць.
Ад імя чытачоў раёнкі шчыра жадаю поспеху і віншую з юбілейным днём нараджэння.


Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 июня 2021
Александр, Алексей, Иван, Кирилл, Рафаил, Мария, Марфа, Марианна, Фекла

Именины 21 июня 2021
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта