СУП "Титово" — победитель среди сельхозпредприятий района

 СУП “Цітова” — пераможца сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна па вытворчасці і продажы малака і мяса.  Лепшым галоўным спецыялістам у жывёлагадоўлі названа намеснік дырэктара СУП «Цітова» Даната ШЧАЛКУН. Тут яна працуе з 2010-га, пачынала начальнікам даільнай залы, пяцігоддзе ўзначальвае галіну. 

Прыгадвае, што калісь ледзь не сілай яе прывезла з Глыбоччыны тагачасны кіраўнік гаспадаркі Марыя Сцяпанава. Карэспандэнты даведаліся ў вопытнага спецыяліста, з чаго складаюцца і як “куюцца” поспехі на фермах і пашах. Размова пачалася і неаднаразова суправаджалася фразай, вынесенай у загаловак.

— Шлях да высокай прадуктыўнасці дойнага статка пачынаецца з вырошчвання цялушачак, — сцвярджае Даната Целясфораўна. — На кожным этапе важна захоўваць тэхналогію. Не буду на падрабязнасцях спыняцца. Асабліва важным лічу належны догляд з першых хвілін жыцця з забеспячэннем сярэднясутачных прываг у 700-850 грамаў, штомесячную сартыроўку па вазе, каб маладняк знаходзіўся ў асяроддзі аднолькавых па развіцці. Слабых, неперспектыўных адразу выбракоўваем.


Ад даярак цялушкі трапляюць да Наталлі Разумчык, а ва ўзросце двух месяцаў пераходзяць на дарошчванне да Наталлі Шаблоўскай і Таццяны Кругловай. Наступны этап пачынаецца пры вазе гадаванцаў у 250 і больш кілаграмаў, каб пры 340 кг можна было пачаць пакрыццё. Догляд такіх — клопат Зоі Мяцеліца ў Цвеціне, Кацярыны Казлоўскай, Сяргея Сіняўскага і Алега Францава ў Залонецкіх. Праз тры месяцы пасля пакрыцця абавязкова праводзім рэктальнае даследаванне, каб скласці графік будучых цяленняў для адных, а непакрытым правесці пры патрэбе вітамінізацыю, масаж, сінхранізацыю.


Паступова фарміруем групы прыкладна з сарака пяршачак. У наступным яны папоўняць дойнае пагалоўе. Увод нецеляў у нас складае 38%, што вельмі добра. Іх раздойвае на працягу трох месяцаў на ферме “Субачава” Людміла Маслоўская. Добра ведае тонкасці падрыхтоўкі да цялення, сочыць за станам вымя, прывучае да сваіх рук і да даільнага апарата, да шуму абсталявання. Яна ж прымае цялятак, выпойвае іх малодзівам ад кароў чацвёртай-пятай лактацыі, яно самае высакаякаснае. Захаванасць прыплоду ў нас поўная.


 Для навацельных кароў забяспечваем авансаванае кармленне, выдзяляем 200 грамаў канцэнтратаў на кожны літр павелічэння надою. На МТФ “Субачава” дзённы надой дасягаў 26 кілаграмаў пры сярэднім па гаспадарцы ў 21,7 кг.


Увесь статак летам утрымліваем на пашах са шматкампанентным ці канюшынным травастоем, пра які вельмі клапоцімся, з абавязковым трохразовым даеннем.


Як да такога напружанага распарадку адносяцца работнікі.
— З разуменнем, бо наглядна бачаць вынікі сваіх намаганняў і зарабляюць летам ад 800 да 1100 рублёў у месяц. У нас даярак, якія душой хварэюць за справу, шмат. Самы вялікі надой сёлета за 10 месяцаў у Таццяны Свірко з МТФ “Субачава”, у даільнай зале стараюцца Алена Анціпенка, на раздоі — Раіса Кук’ян, падменная Таццяна Клішэвіч.


Мая надзейная падтрымка і апора — загадчыкі і начальнік даільнай залы. Найперш гэта Людміла Станкевіч і Святлана Кубліцкая, яны ўсё ведаюць і ўмеюць самі, патрабавальныя да падначаленых. З пытаннямі ўзнаўлення і індэнтыфікацыі спраўляецца заатэхнік-селекцыянер Канстанцін Спірыдовіч. Старанны пры сартыраванні жывёлы і іншых мерапрыемствах. Ніколі не чакае ўказанняў пастух летам і дзённы вартаўнік даільнай залы зімой Фёдар Іваноў. Усе аналізы робіць лабарант Людміла Валынец.


Вынікам вялікіх агульных намаганняў лічу тое, што ва ўсіх памяшканнях належны санітарны парадак, мастыты ў нас не масавыя, хворых жывёл паменела, кантроль за якаснымі паказчыкамі строгі, а таму малака гатунку “экстра” з пачатку года па гаспадарцы 87%, з верасня — 100%.


Кіраўніцтва жывёлагадоўляй у гаспадарцы Вы пачыналі з арганізацыі вырошчвання цялушак, увядзення, як цяпер кажуць, “дыктатуры тэхналогіі”, падбору кадраў. Што яшчэ лічыце важным у сваёй рабоце.


 — Сапраўды, спачатку гаспадарка мела толькі 74% патрэбнай колькасці цялушак на ўзнаўленне, цяпер іх 112-120%. Клеткі для нованароджаных цялятак паставілі на драўляную падлогу, яны хварэць сталі менш. Увесь маладняк на дарошчванні перавялі на бяспрывязнае ўтрыманне, для цялушак пабудавалі арачнік у Субачаве. На даільнай зале запусцілі другі прафілакторый. З ферм убралі коней і пазбавіліся ручной працы пры падвозе і прыгатаванні кармоў. Па тэхналагічных картах двойчы на дні рыхтуюць кармасумесі механізатары з “Гаспадарамі” Уладзімір Сямчонак для даільнай залы, Аляксандр Саплёнак для ферм “Субачава” і “Цвеціна”, Мікалай Барысёнак — для “Осцевіч” і “Залонецкіх”.


Ствараем належныя ўмовы і для жывёлаводаў.
Што да кадраў, то гэта клопат пастаянны. Балюча ўспрыняла трагічнае выбыццё выдатных спецыялістаў, імкнуся іх замяніць. Увогуле ўдалося стварыць зладжаны калектыў, дзе ўсе ведаюць тэхналогію вытворчасці і імкнуцца яе захоўваць, літаральна хварэюць за вынікі.
Якія спадзяванні на будучае.


— З пачатку года ў гаспадарцы ацялілася 230 пяршачак, пакрыта яшчэ 235. Толькі што правялі рэктальнае даследаванне чарговай групы цялушак, якіх даглядалі Іван Казлоўскі, Віталь Радзішэвіч і Вольга Грыдзюшка. Задаволена, што ўсе іх гадаванцы ацеляцца праз месяц-другі. Значыць, і ў наступным годзе будзем з малаком.


— Шчыра жадаю стабільнай работы і новых дасягненняў!

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.