Авторизация
 

Як у Міёрах маладыя людзі становяцца прадпрымальнікамі

 З індывідуальным прадпрымальнікам Юрыем АЛЯКСЕЕВЫМ пазнаёміўся ў мінулым годзе, калі мяняў дах на сваёй хаце. Зноў яго парэкамендавалі, як спатрэбілася адвезці ў сталіцу на рамонт машыну з паламанай вельмі сучаснай рабатызаванай каробкай перамены хуткасцей. Амаль увесь дзень разам у адной кабіне, размовы па дарозе леглі ў аснову публікацыі. 

Вельмі хацелася высветліць, як цяпер маладыя людзі становяцца прадпрымальнікамі. Атрымаў такі адказ:
— Трэба мець вялікае жаданне, мэтанакіравана і старанна яго ажыццяўляць. Займацца ўласнай справай нялёгка, бо за ўсё адказваеш толькі ты сам. Трэба ўмець ладзіць з людзьмі, знаходзіць агульную мову з пастаўшчыкамі і заказчыкамі, улічваць многія фактары — псіхалагічныя, матэрыяльныя і фінансавыя. Прытым адгукацца на просьбы не толькі дзеля ўласнай выгады.


Магчыма, дзелавая хватка перадалася ад бацькоў?
— Сказаў бы інакш, яе выпрацавалі ўмовы: бацькі ў мяне не стала, калі скончыў першы клас. Маці было нялёгка адной гадаваць двух сыноў, “лішніх” грошай сям’я ніколі не мела. Затое з узростам павялічвалася жаданне дапамагчы маці, зарабіць. У пэўнай меры пастаянна садзейнічала пазнанню новага школа (вучыўся ў СШ №3), дзе наведваў шмат гурткоў, удзельнічаў у розных выставах. Пасля 11-га класа з імкненнем хутчэй атрымаць спецыяльнасць, каб працаваць самастойна, паступіў у сталічнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча будаўнікоў. Сярод іншых прычын прывабіла магчымасць займацца вытворчасцю мэблі. Праз год атрымаў чацвёрты разрад сталяра-станочніка па апрацоўцы драўніны і трэці разрад цесляра. Яшчэ раней, праз некалькі месяцаў тэарэтычных і практычных заняткаў, па прыватных заяўках гараджан стаў збіраць мэблю. Такім чынам задаволіў памкненне і палепшыў фінансавую сітуацыю ў сям’і. Па выхадных займаўся ў аўташколе, каб атрымаць катэгорыю “Б”, бо з братам марылі пра ўласную легкавую машыну.


Будаўнічае вучылішча — гэта ў наступным праца на будоўлі…


— Так, і я стаў цесляром на будоўлі ў Мінску, выконваў бетонныя і іншыя работы. Але нічога больш цікавага маладым спецыялістам не прапаноўвалі, таму праз некалькі месяцаў аказаўся ў Маладзечне, дзе спакусілі новай справай—зборкай пластыкавых шклопакетаў. На гэта пайшло паўгода. Год пратрымаўся ў прыватніка на ўстаноўцы дзвярэй. Такія работы не патрабуюць асаблівай кваліфікацыі, але і ў іх ёсць асаблівасці, якія неабходна ведаць, улічваць.


Калі вялікі попыт на “дзвярныя” работы закончыўся, адгукнуўся на прапанову фірмы па вырабе вокнаў і стаў менеджэрам па іх продажы і ўстаноўцы ў Міёрах. Так у 2007-м вярнуўся на радзіму. Як канчаткова асвоіўся з новымі абавязкамі, стаў задумвацца пра ўласную справу. Асабліва прываблівала праца на сябе. Некалькі спецыяльнасцей ужо меў, вопыт зносін з заказчыкамі асвоіў, сувязі з пастаўшчыкамі ў Маладзечне наладзіў, набыў грузавы мікрааўтобус. З такой базай у жніўні 2008 года аформіўся індывідуальным прадпрымальнікам па продажы будаўнічых матэрыялаў па ўзорах.


Зыходзячы з уласнага вопыту: ІП — што гэта?
— Найперш — самастойнасць, адказнасць, разуменне, што вынік залежыць ад уласных памкненняў. Улічваў попыт насельніцтва, а ён тады быў на дзверы, металічныя ўваходныя і пластыкавыя міжпакаёвыя, абліцавальны сайдынг, пліты ПВХ. Спачатку за ўсім гэтым ездзіў у Маладзечна, паступова пераарыентаваўся на Мінск. Наладзіў адносіны не з адным дзясяткам баз, пастаўшчыкоў, прадаўцоў. Для іх галоўнае— надзейнасць у здзелках, у аплаце за атрыманы тавар, вернасць слову. Імкнуўся гэтым патрабаванням адпавядаць.


Пэўны час дадаткова збіраў мэблю з ламініраванай ДСП, найперш камп’ютарныя сталы, шафы-купэ і іншае. У цэлым гэта надта цікавы занятак дзякуючы сучасным матэрыялам і мноству фурнітуры, выкарыстанню святлодыёдаў, сэнсарных уключальнікаў і многага іншага… Час ад часу звяртаюся да яго і цяпер.


У 2011 годзе захапіўся вырабам тратуарнай пліткі, на якую з’явіўся павышаны попыт. З сябрам прывёз са Златаўста, горада на Урале, вібрапрасуючы станок. Спачатку выкарыстоўваў яго вельмі напружана. Цяпер — не так часта, бо найперш патрэбны высакаякасны жвір, а яго з пачаткам узвя- дзення металапракатнага завода становіцца ўсё менш.


Попыт таксама зменшыўся, няўжо ад яго так шмат залежыць?
— Для вытворцы попыт — галоўнае. Яшчэ нядаўна ён быў амаль што ажыятажны на пластыкавыя шклопакеты, цяпер адчуваецца насычэнне. Толькі вызначаецца спажывецкі попыт іншы раз выпадкова. Напрыклад, неяк у далёкім рэйсе ў мяне зламаўся мікрааўтобус. Даставіць яго дадому аказалася складана: нестандартны па шырыні, ён не змяшчаўся на беларуска-расійскія лафеты. Давялося заказаць за мяжой шырэйшы, з лябёдкай ад акумулятара, пандусамі, бартамі, тэнтам, умацавальнымі рамянямі і падстаўкамі, адным словам, на ўсялякі выпадак выкарыстання. Каштаваў салідна, затое дазваляе перавозіць не толькі машыны, а яшчэ будматэрыялы, трубы, прафнасціл, мэблю і іншае пры любым надвор’і. Галоўнае — не прастойвае.


Яшчэ лепш, калі попыт пакупніка адпавядае ці спалучаецца з інтарэсамі вытворцы-прадпрымальніка. Вось мяне, як заняўся дастаўкай лістоў прафнасцілу і чарапіцы, зацікавілі так званыя даборныя элементы. Так, іх можна набыць на нейкай базе, але яны не заўсёды падыходзяць. Таму ўзяў накірунак на выраб такіх элементаў пад заказ, па канкрэтных памерах. Спачатку набыў ручное абсталяванне, самае прымітыўнае, потым настала чарга больш дасканалага.


Спатрэбіўся насельніцтву чорны метал. Угледзеў, што з яго можна зрабіць шмат цікавых рэчаў шляхам гарачай пракаткі і кавання. Набыў для гэтага ўніверсальны станок. На ім асвоіў нанясенне ўзораў на металічную паласу і квадратную трубу, выраб завіткоў і “гусіных лапак”. З’явілася магчымасць вырабляць прыгожыя каваныя вароты, брамкі, брылі над уваходамі. Нашы людзі практычныя, найперш заказваюць патрэбныя ў выкарыстанні рэчы. Але паступова более заказаў на такія ж каваныя і прыгожыя, дызайнерскія вырабы дамашняга і дваровага ўжытку, яны ўжо не надта танныя, бо дарагія матэрыялы. Гэта мангалы, кветнікі, садовыя лаўкі, хатнія банкеткі і іншае.


Сяльчане мяняюць старыя драўляныя прыдарожныя крыжы на больш прыгожыя і даўгавечныя металічныя. Прапанаваў некалькі варыянтаў, вырабіў і ўстанавіў у Кацілаве і Чапуках.


Вось нядаўна аформіў балкон шматпавярховага дома па вуліцы 350-годдзя Міёр: на пясчана-цэглавым сайдынгу размясціў некалькі каваных узорных дэталей. Побач на сцяне дадаткова мяркуем падвешаць аднатыповыя металічныя канструкцыі для вазонаў з кветкамі.


Спецыяльна паглядзеў, балкон папрыгажэў, хаця выкарыстаны вельмі сціплыя элементы дызайну. Што далей?
— Калі маеце на ўвазе работу з металам, то днямі набыў станок для дакладнага распілу труб і профіляў стужкавай пілой: металічныя карункі стане вырабляць прасцей, яны папрыгажэюць, будуць больш вытанчанымі, дакладнымі, з’явяцца новыя элементы.


Калі ж размова ідзе наогул пра развіццё справы, то мару стварыць гандлёвую базу будаўнічых матэрыялаў. Пэўныя крокі для гэтага зроблены. Калісь для сямейнай дачы набылі хату ў Кацілаве. Спачатку ля яе з’явілася агароджа з прафліста, потым яна ў адным месцы “падрасла” для павеці, аблегчаныя сцены дазволілі зрабіць памяшканні для абсталявання. Так што застаецца для ажыццяўлення плана не так і шмат.


Аблягчаюць пагрузачна-разгрузачныя работы з металам і будматэрыяламі два старэнькія пагрузчыкі, “бегае” па далёкіх маршрутах другі “бусік” — “Форд-транзіт”.


Пад прадпрымальнікам мы разумеем прыватніка, індывідуала, які не надта паважае кааперацыю з калегамі, калектыўныя работы, партнёрства. Гэта сапраўды так?
— Само жыццё ўладкавана такім чынам, што без узаемасувязей, карыснага абодвум бакам партнёрства не абысціся. Важна, якія яны набудуць формы.


На першым этапе сваёй дзейнасці я толькі забяспечваў пакупнікоў і заказчыкаў будматэрыяламі. Вядома, падтрымліваў знаёмства і пэўнае супрацоўніцтва з калегамі па прадпрымальніцтве. Адным з іх быў Юрый Баравік, які спецыялізуецца па замене шыферных дахаў на металачарапічныя ці з прафнасцілу, устаноўцы новага дахавага пакрыцця. Працуе салідна, спачатку ўдакладняе ў заказчыка ўсе пажаданні, потым распрацоўвае праектна-каштарысную дакументацыю, у якой указаны колькасць, віды і кошт матэрыялаў і работ. З такім партнёрам узаемадзейнічаць вельмі проста, бо нічые інтарэсы не парушаюцца. Сувязі сталі пастаяннымі, больш таго, па заказе “дахавікоў” вырабляю даборныя элементы патрэбнага віду і памеру, некаторыя па дамоўленасці нават удасканальваю, што паскарае і спрашчае іх работы. Як бачыце, такое ўзаемадзеянне карыснае абодвум бакам. Выйграюць ад яго і заказчыкі, чаму не працягваць?!


Вы нярэдка гаворыце аб набыцці новага абсталявання ці тэхнікі, што патрабуе значных сродкаў, нешта ж павінна заставацца і “для сябе”?
— Нельга спыняцца ў развіцці: дадатковае абсталяванне дазваляе асвоіць выраб новага ці палепшыць якасць таго, што карыстаецца попытам. Як абысціся без пагрузчыка, калі прывозіш значныя партыі металу, шыферу, цэменту, цэглы ці пліткі? Укладваць сродкі ў развіццё вытворчасці — гэта неабходнасць. Тады і прыбытак ёсць, аднак ён не павінен станавіцца самамэтай.


Трэба ўлічваць і сезоннасць грашовых паступленняў у прадпрымальнікаў: зімой заказаў менш. Ёсць і іншыя прычыны (напрыклад, ужо названыя канкурэнцыя і попыт), якія ўплываюць на фінансы. Таму прадпрымальніцкі хлеб нялёгкі, яго трэба забяспечваць напружанай працай і пастаянным пошукам.


— Шчыра жадаю ў гэтым поспеху.

Фота аўтара.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 168
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 85 499
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 79 845
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 332
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 41 084
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 434
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 579
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 апреля 2020
Владимир, Захар, Мартин, Петр, Степан, Яков

Именины 5 апреля 2020
Алексей, Василий, Георгий, Илья, Макар, Сергей, Анастасия, Варвара, Лидия, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта