Минимаркет "Доброном" открылся в Миорах

 Сучасны харчовы магазін з’явіўся нядаўна ў райцэнтры па вуліцы 350-годдзя Міёр. Мінімаркет заняў большую частку будынка аўтавакзала. Пазнаёміцца з ім прымусіла неабходнасць папоўніць запасы прадуктаў паўсядзённага попыту. Першае ўражанне станоўчае: адразу кінуліся ў вочы сучаснае афармленне і новае абсталяванне. Пакупнікоў сустракаюць вітрына і стэнд з агароднінай і садавінай. 

Крышку далей — пад шклом ахалоджаныя фарш, паўфабрыкаты і мяса курынае і свіное. Цэны дэмакратычныя. Тут жа побач — каўбасы і каўбасныя вырабы.


Перад паваротам направа паліцы з кансервамі, якіх значны выбар. Таксама на любы густ больш запатрабаваныя малочныя вырабы, яны за паваротам. Можна знайсці і сыры з Пастаў. Ёсць яйкі: курыныя, перапёлчыны.


Хлеб і хлебабулачныя вырабы мясцовай вытворчасці і па звыклых цэнах. У наборы крупы, мука, соль, прыправы і іншае, на што найперш звяртаюць увагу гаспадыні. Залішне вялізныя, як падалося, паліцы запоўнены напіткамі: без градусаў і “гарачымі”.


 Стэнд каўбасных вырабаў папаўняла маладая дзяўчына загадчыца Святлана Шаляпёнак. Згаджаецца расказаць, чым адрозніваецца новае гандлёвае прадпрыемства ад іншых і чым імкнецца прыцягваць увагу пакупнікоў.


— Наш мінімаркет даволі прасторны для падобных магазінаў, аддаём перавагу ахалоджаным, а не замарожаным паўфабрыкатам і мясу, праводзім акцыі “Чырвоная цана” са зніжкамі нават да 40% на пэўныя прадукты і на вызначаны тэрмін, — расказвае Святлана Барысаўна. І тут жа пры падтрымцы пакупніцы прыводзіць прыклад, што аўсяныя шматкі (хлопья) каштавалі 69 капеек за пачак, “пачырванелі” да 59. Але гэта толькі на некалькі дзён, на наступным тыдні “Чырвоная цана” будзе на іншы тавар. — У нас можна набыць накапляльную дысконтную картку, як у “Еўраопце”, якая дае магчымасць атрымаць зніжку да 5% кошту пры рэгулярных пакупках.


— Сеткавы гандаль закрытага акцыянернага таварыства “Дабраном” арыентуецца на стварэнне магазінаў крокавай даступнасці, — працягвае знаёміць са сваёй установай загадчыца. — Таму выкарыстоўваем гнуткую цэнавую палітыку і сочым, які ў пакупнікоў запатрабаваны асартымент. У нас больш танныя, напрыклад, воцат, цукар, шакаладкі, крупяныя вырабы…

Наколькі ўдасца прытрымлівацца такой традыцыі, пакажа час.


Пацікавіўся, як ацэньваюць новую гандлёвую ўстанову знаёмыя міёрскія пакупнікі. Калі абагуліць меркаванні, то ўсе задаволены з’яўленнем новага прадуктовага магазіна, што прадастаўляе магчымасць знайсці патрэбнае і выбраць тавар па кашальку, па якасці ўсё ўсюды аднолькавае. Цана для пакупніка, асабліва для пенсіянера, — на першым месцы. Усім хочацца больш танных прадуктаў штодзённага попыту.


…Пакуль знаёміўся з гандлёвай установай, закончыўся рабочы дзень у арганізацыях і на прадпрыемствах. Наведвальнікаў у “Дабраноме” паболела. Яшчэ не склалася агульнае меркаванне пра новы магазін, таму міярчан прыцягваюць сюды не толькі абяцаныя акцыі і зніжкі, але і звычайны інтарэс. Працавалі дзве касы, разлічыўся за пакупкі хутка.


У суседнім магазіне “Родны кут” на вуліцы Кірава спытаў, ці заўважылі прадаўцы адток пакупнікоў са з’яўленнем “канкурэнта”. У адказ прагучала: “Пакупнікоў крыху паменела, але не надта. Станоўчае меркаванне пра наш магазін склалася даўно, а навічку бонусы яшчэ трэба заробіць”.


Як бачым, канкурэнцыя ўжо прачнулася. Сцвярджаюць, што яна, як і рэклама, рухавік гандлю, ад якога выйграе найперш пакупнік. 

У тэму

Новае прадпрыемства гандлю ў любым населеным пункце — гэта не толькі пашырэнне паслуг, але і дадатковыя рабочыя месцы. Як аказалася, загадчыца мінімаркета “Дабраном” Святлана Шаляпёнак — браслаўчанка, яе падначаленыя — міярчане.

Фотаматэрыял аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.