Аліментныя абавязацельствы — гэта абавязацельствы аднаго з бацькоў па ўтрыманні сваіх непаўналетніх дзяцей і паўналетніх, якія з'яўляюцца непрацаздольнымі і маюць патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе.
ПЫТАННЕ па прымусовай выплаце аліментаў вырашаецца ў судзе. Прынятае вызначэнне высылаюць спагнанніку (асобе, якая звярталася ў суд). Атрыманы дакумент трэба прынесці ў орган прымусовага выканання.
Раней суды толькі паведамлялі спагнанніку аб прынятым вызначэнні па аліментах і адразу накіроўвалі дакументы ў органы прымусовага выканання. Парадак змяніўся з 16 мая 2017 года, калі ўступіў у сілу Закон "Аб выканаўчай вытворчасці".
ЗАЎВАЖЫМ, што звярнуцца ў орган прымусовага выканання з судовым вызначэннем па выплаце аліментаў спагнаннік можа праз некалькі месяцаў і нават год пасля яго атрымання. Аднак запазычанасць па аліментах вылічваецца толькі за тры апошнія гады.
ПАСЛЯ таго як орган прымусовага выканання ўзбудзіў выканаўчую вытворчасць, пра гэта апавяшчаюць і спагнанніка, і даўжніка. На месца працы апошняга адсылаюць адпаведныя дакументы.
Юрыдычная асоба ці індывідуальны прадпрымальнік, у якіх працуе даўжнік па аліментах, павінны на працягу трох дзён зарэгістраваць атрыманыя дакументы і пісьмова праінфармаваць пра гэта орган прымусовага выканання.
ПАМЕР аліментаў на адно дзіця складае 25% ад заробку, на двух дзяцей — 33%, на трох і больш — 50%. Сума можа быць меншай, калі ў даўжніка ёсць іншая сям'я, у якой выхоўваюцца агульныя дзеці. У любым выпадку штомесяц на дзіця абавязкова выплочваць суму, роўную палове бюджэту пражытковага мінімуму. Цяпер гэта 98 рублёў 91 капейка.
КАЛІ даўжнік звальняецца з працы, то першыя тры месяцы з яго спаганяюць суму аліментаў, арыентуючыся на ранейшы заробак. Затым вылічваюць сродкі з дапамогі па беспрацоўі — 241 рубль 75 капеек на адно дзіця, 283 рублі 47 капеек на дваіх. Калі даўжнік увогуле не працуе, судовыя выканаўцы вывучаюць яго матэрыяльнае становішча і шукаюць шляхі спагнання аліментаў.
У АДНОСІНАХ да даўжніка прымяняюць прымусовыя меры. Напрыклад, можна абмежаваць у кіраванні транспартным сродкам, у выездзе за межы Рэспублікі Беларусь, забараніць распараджацца маёмасцю ці арыштаваць яе. Калі больш за тры месяцы даўжнік ухіляецца ад выплаты алі-ментаў, аддзел прымусовага выканання накіроўвае прадстаўленне ў праваахоўныя органы.
Адказнасць за ўхіленне ад выплаты аліментаў вызначана ў артыкуле 174 Крымінальнага кодэкса. Даўжніка могуць пакараць грамадскімі, папраўчымі работамі і нават пазбавіць волі.
Юлія ПУХАЛЬСКАЯ, начальнік аддзела
прымусовага выканання Міёрскага раёна.