Услуги ЖКХ для отдельных миорчан льготные

 Жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтва аплочвае не па поўных тарыфах, якія цалкам забяспечваюць пакрыццё выдаткаў, а па субсідзіруемых дзяржавай, паніжаных.

Права на дадатковыя льготы маюць шматлікія катэгорыі грамадзян. Найперш Героі Беларусі, Героі Савецкага Саюза і Героі Сацыялістычнай Працы — удзельнікі Вялікай Айчыннай, поўныя кавалеры ордэнаў Айчыны, Славы. У гэтым пераліку інваліды І і ІІ груп Вялікай Айчыннай, калі не маюць працаздольных членаў сям'і; узнагароджаныя ардэнамі і (ці) медалямі за самаадданую працу або бездакорную службу ў тыле ў час вайны; непрацуючыя пенсіянеры органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржкамітэта судовых экспертыз, органаў МНС і фінансавых расследаванняў — калі сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў; інваліды з дзяцінства, калі іх інваліднасць звязана з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай ці з вынікамі ваенных дзеянняў; інваліды І і ІІ груп з ліку ваеннаслужачых і работнікаў органаў унутраных спраў. У спісе льготнікаў таксама грамадзяне, якія атрымалі прамянёвую хваробу ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ці іншых радыяцыйных аварый, калі яны не маюць працаздольных членаў сям'і.


Для атрымання льгот неабходна звярнуцца па месцы жыхарства ў арганізацыю, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду і (ці) прадастаўляе жыллёва-камунальныя паслугі, з пашпартам і дакументам, што пацвярджае права на льготу. Калі падставы для прадастаўлення льгот зніклі, трэба паведаміць у абслугоўваючую арганізацыю на працягу 14 дзён.
1 кастрычніка 2016 года грамадзяне Беларусі атрымалі магчымасць скарыстацца дапамогай дзяржавы — субсідыяй — пры аплаце камунальных паслуг.


Субсідыі на аплату паслуг ЖКГ (безнаяўныя жыллёвыя субсідыі) прадастаўляюцца для частковай аплаты выдаткаў за тэхнічнае абслугоўванне, капітальны рамонт, санітарнае ўтрыманне, гарачае і халоднае водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыю), электраэнергію. Але пры ўмове, што штомесячная сума платы, разлічаная па нормах спажывання і з улікам ільгот, перабольшвае 20% сярэднямесячнага сукупнага даходу грамадзяніна (сям'і) — для гараджан, і 15% — для жыхароў сельскай мясцовасці.
Субсідыя прадастаўляецца штомесяц у безнаяўнай форме на працягу паўгода, пачынаючы з месяца, які ідзе за месяцам, у якім прынята рашэнне аб яе прадастаўленні. У разлік прымаецца сярэднямесячны сукупны даход грамадзяніна (сям'і) за шэсць месяцаў, што папярэднічаюць месяцу звароту.


Сярэднямесячны сукупны даход вызначаецца як суадносіны сумы даходаў за шэсць месяцаў і колькасці месяцаў, у якіх яны атрыманы. Пры тым заработная плата ўлічваецца ў даходах у месяцы, за які яна налічана; даходы ад выканання грамадзянска-прававых дагавораў дзеляцца на колькасць месяцаў, за якія яны налічаны; даходы ад прадпрымальніцкай, рамеснай і іншай дзейнасці ўключаюцца ў сукупны даход на падставе ўласных звестак, якія трэба засведчыць асабістым подпісам.


Велічыня прадастаўленай субсідыі ўказваецца штомесяц у паведамленні пра памеры плацяжоў.
Для атрымання субсідый на паслугі ЖКГ неабходна звярнуцца ў разлікова-даведачны цэнтр з заявай (бланк выдадуць) і прадаставіць пашпарт, звесткі аб атрыманых даходах кожнага члена сям'і за папярэднія шэсць месяцаў. У залежнасці ад сітуацыі могуць спатрэбіцца пасведчанні аб нараджэнні дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў; пасведчанне аб заключэнні шлюбу ці копія рашэння суда аб яго скасаванні; працоўная кніжка — для членаў сям'і, якім больш за 18 гадоў; для адпаведных катэгорый — пенсіённае пасведчанне ці пасведчанне інваліда, пасведчанне аб рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымаль-ніка, пасведчанне на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці або ліцэнзія на адвакацкую дзейнасць.


Пенсіянерам па ўзросце і інвалідам І і ІІ груп, якія жывуць без працаздольных членаў сям'і, субсідыі могуць прадастаўляцца без дакументаў.
Рашэнне аб прадастаўленні субсідыі прымаецца выканкамам на працягу 15 рабочых дзён. Тэрмін можа быць павялічаны да 20, калі патрабуецца праверка сапраўднасці прадастаўленых дакументаў. Або паменшаны да 10, як паступяць дакументы, што запытаны па лініі "аднаго акна". Аб прынятым рашэнні па прадастаўленні субсідыі грама-дзянам паведамляецца пісьмова не пазней чым праз тры дні.
Поўную кансультацыю па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі, прадастаўленні льгот, субсідзіраванні можна атрымаць у разлікова-даведачным цэнтры па тэлефоне 5 68 63.


Галіна ЛІСАКОВІЧ,

начальнік планава-эканамічнага

аддзела УП ЖКГ Міёрскага раёна.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.