Галоўная > Вясковае жыццё > Нотная грамата для жывёлаводаў ААТ "Туркова"

Нотная грамата для жывёлаводаў ААТ "Туркова"


30-11-2016, 15:31. размясціў: gazeta
Нотная грамота для животноводов ОАО "Туркова"Гэты год жывёлаводы ААТ "Туркова" пачыналі з аптымізмам. Яны выйшлі  на МІёршчыне ў лідары па надоях, валавых і ў разліку на карову. 
 
Дойнае пагалоўе дружна цялілася, што забяспечвала прыбаўку да ўзроўню папярэдняга года. Кармоў хапала. Работнікі стабільныя. Праблем з узнаўленнем статка не ўзнікала, бо тэхнік-асемянатар Аляксей Чалала—адзін з лепшых у раёне. Прабачце, лепшы, гэта стане вядома праз некалькі месяцаў, калі ён пераможа ўсіх сваіх калег у прафесійным спаборніцтве не толькі на Міёршчыне. Галоўны заатэхнік Святлана Валёнак—вопытны спецыяліст, адказны работнік. Яна настойліва праводзіла палітыку, якую ярка характарызаваў тэзіс: няма цялушак—няма малака. Значыць, пастаянна клапацілася пра вырошчванне рамонтнага пагалоўя, і давяла колькасць "запаснікоў" дойнага пагалоўя (цяпер іх—1083) да 143 працэнтаў у адносінах да дойнага гурта. 

Аператыўныя зводкі сведчаць, што ў сярэ-дзіне мінулага студзеня дзённы надой на карову ў ААТ "Туркова" быў 13 кілаграмаў (на 14.01) з невялічкім, але плюсам да такой даты папярэдняга года. У сярэдзіне лютага, сакавіка, краса-віка гэты паказчык стабільна рос і быў адпаведна 14; 15,8; 16,7 кілаграма. Праўда, лютаўская прыбаўка ў 0,7 кілаграмаў да леташняга паступова памяншалася. Патлумачыць напругу малочнага струменя проста—быў перыяд актыўнага цялення матачнага пагалоўя.

Крытычным стаў май. У чэрвені сутачны надой дасягнуў у гаспадарцы максімуму і перабольшыў на нейкі час 17 кілаграмаў на карову, але "мінус" да ўзроўню папярэдняга года не дазволіў дасягнуць большага. Па выніках за кастрычнік надой на кожную рагулю ў статку зменшыўся на 220 кілаграмаў, а рэалізацыя склала толькі  93 працэнты леташняга аб'ёму за такі ж перыяд. Не, гэта не стала поўным правалам, ААТ "Туркова" захавала пазіцыі аднаго з буйнейшых вытворцаў малака ў раёне, а па рэалізацыі высакагатунковага яно па-ранейшаму лідар і прыклад для іншых. Але імідж лепшай гаспадаркі, несумненна, пацярпеў. Ды і на фінансах адставанне сказалася. 
Зніжэнне надояў захапіла ў асноўным малочна-таварны комплекс "Супорніца". Галоўны заатэхнік сцвярджае, што для выпраўлення сітуацыі пачалася паскораная замена нізкапрадуктыўных кароў. Сёлета тут уведзена ў асноўнае пагалоўе 309 пяршачак. Дзякуючы гэтаму атрымана 569 цялятак, на 64 больш леташняга. Прымаліся меры па павышэнні таварнасці надою. Праводзяцца кантрольныя дойкі. Узмоцнены кантроль за станам кармлення. Дастаўку кармасумесяў у 6.30 і 17 гадзін забяспечваюць два кормазмешвальнікі па некалькіх рацыёнах у залежнасці ад стану кароў. Выкарыстоўваецца камбікорм К-60. Становішча пакрысе выпраўляецца, а яго Святлана Міхайлаўна характарызуе наступным чынам: такога не павінна быць, але ёсць.

Заканамернае пытанне—у чым справа?
Разбірацца ў гэтым ў мінулы чацвер, 24 лістапада, у ААТ "Туркова" прыехалі вядучы спецыяліст абласной ветэрынарнай лабараторыі Аляксандр Рымдзёнак  і дырэктар райплемстанцыі Анатоль Клубань. Яны прааналізавалі паказчыкі развіцця жывёлагадоўлі, пагутарылі са спецыялістамі і жывёлаводамі, пабывалі на малочнатаварным комплексе "Супорніца", дзе якраз заканчвалася чарговае даенне. На пытанне аб прычынах сёлетняга зніжэння надояў аператары дружна адказалі, што ніякіх змен у рабоце не заўважылі, працуюць як заўсёды. Напэўна, так і ёсць. Да работнікаў даільнай залы  асноўныя патрабаванні па захаванні тэхналогіі даення, чыстай выдайцы, папярэджанні масцітаў і забеспячэнні вытворчасці высакаякаснага малака. А "экстры" адсюль пастаўлена  на перапрацоўку за кастрычнік 71 працэнт усёй колькасці, не горшай чакаецца сітуацыя ў лістападзе, з пачатку года— 65,3 працэнтаў (для параўнання, у сярэднім па раёне гэтыя лічбы адпаведна 50,8 і 45,2 працэнтаў). Так што вывад напрошваецца сам сабой— аператары машыннага даення стараюцца.

Аляксандр Рымдзёнак для сябе зрабіў высновы, што асноўная прычына зніжэння надояў у гаспадарцы—нераўнамернае цяленне кароў. Большасць дала прыплод у першым квартале, тады і надоі імкліва прыбаўлялі. Потым рагулі паступова "выдыхаліся". 
Увогуле гэта ўкладваецца ў бытуючае меркаванне, што год на год не прыходзіцца. Што на высокім узроўні вытворчасці і малыя хібы прыносяць да значных страт. А тут гаспадарка моцная, зробяць пэўныя высновы, у наступным годзе будзе забяспечаны далейшы рост, бо кармоў нарыхтавана дастаткова. Сапраўды, на зімоўку назапашана па 32,3 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы ў асноўным за кошт сенажу і сіласу. Гэта на 3,9 ц к. адз. больш леташняга. Калі зыходзіць з аб'ёмных паказчыкаў, туркоўскі статак  мае на зіму лепш напоўнены рацыён, чым грамадская жывёла ў сярэднім па раёне.
 
Але вялікія надоі патрабуюць не толькі багатых па аб'ёму, але і пажыўных рацыёнаў, збалансаваных па многіх параметрах, найперш па бялку. Цяпер на кармавы стол статку на "Супорніцы" трапляе сумесь з кукурузнага сіласу другога класа і травянога сенажу трэцяга класа. Канцэнтратаў у яе імкнуліся дабаўляць у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі, але, як адзначае дырэктар сельгаставарыства Віктар Сташкевіч, гэта не заўсёды атрымлівалася. Зерня ўласнай вытворчасці намалочана менш. Пакупка бялковых дабавак паўплывае на даходнасць малочнай галіны…

А пакуль высокаўдойныя каровы атрымліваюць абагачаны рацыён. Утворана група раздою. Спецыялісты суадносяць свае дзеянні з "Асноўнымі аспектамі па арганізацыйна-тэхналагічных патрабаваннях пры вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі". Гэты дакумент—нотная грамата сучаснага гаспадарання на фермах. Нават адна фальшывая нота ў ёй парушае ўсё сугучча.
Фота для ілюстрацыі.
Леанід МАТЭЛЕНАК.



Вярнуцца назад