Галоўная > Вясковае жыццё > Віктару Карповічу ў ААТ "Любінова" давялося шчыраваць ва ўзмоцненым рэжыме

Віктару Карповічу ў ААТ "Любінова" давялося шчыраваць ва ўзмоцненым рэжыме


17-10-2016, 16:08. размясціў: gazeta
Виктору Карповичу в ОАО "Любиново" пришлось трудиться в усиленном режимеЗ-за працяглых дажджоў сёлета значна зацягнулася жніво, а таму за сяўбу азімых зерневых  у ААТ "Любінова" ўзяліся пазней звычайнага. Каб не ўпусціць аптымальныя тэрміны, працаваць давялося ва ўзмоцненым рэжыме. Аграном гаспадаркі Яніна Марцінкевіч дзякуе ўсім механізатарам, а найперш—Віктару Карповічу, які засеяў вялікія плошчы пшаніцай і трыцікале на энерганасычаным трактары з шыроказахопным агрэгатам АПП-6Д.

Чатыры гады таму дырэктар сельгаставарыства ўпершыню накіраваў Віктара Карповіча на сяўбу. Механізатар нават разгубіўся, бо раней такую работу выконваць не даво-дзілася. Але кіраўнік супакоіў, бо ведаў яго прафесійныя навыкі і здольнасці, акуратнасць пры выкананні сельгасработ.

—Ад якасці сяўбы ў многім залежыць будучы ўраджай,—кажа Віктар Іванавіч.—А таму работа сеяльшчыкаў ацэньваецца не толькі ў перыяд яе выканання, але і на працягу ўсяго сезона вегетацыі раслін, калі кідаюцца ў вочы дапушчаныя агрэхі. Без пэўнага вопыту захаваць усе агратэхнічныя патрабаванні няпроста. Таму хваляваўся. Тым больш, што ў нас шмат дробнаконтурных палеткаў, на якіх складана працаваць з 6-метровым пасяўным агрэгатам. Але, вочы баяцца, а рукі робяць. 

Першапачаткова тэмпы работы не задаваліся, бо шмат часу траціў на настройкі і рэгуліроўкі . Аднак з кожным днём выпрацоўка павялічвалася. Сёлета пасеяў каля 900 гектараў ярыны, каля 400 га—азімых.
Адметна, што Віктар Карповіч ужо 8 сезонаў у жніўні накіроўваецца на палеткі на старым "КЗС-10". Своечасовае абслугоўванне і якасны рамонт гарантуюць надзейную работу тэхнікі. Але сёлета ў гарачы перыяд жніва яму давялося захварэць, а таму намалот атрымаўся меншы, чым летась. Усяго на хлебнай ніве было задзейнічана 5 камбайнераў. Побач працавалі Іван Чапулёнак, Уладзімір Лапкоўскі, Аляксандр Пяткевіч і Андрэй Шышка.

Прыгадаў Віктар Іванавіч, што першы раз сеў за штурвал камбайна яшчэ вучнем—быў памочнікам у Яўгена Козела.  Механізатарская работа спадабалася. Пасля школы накіраваўся ў Відзаўскае СПТВ. Разам набывалі сельскагаспадарчую прафесію Генадзь Граковіч, Валянцін Кавалёнак, Раман Курыловіч, Мікалай Трубіла. Усе затым пэўны час працавалі ў гаспадарцы, але ў родных мясцінах разам з Віктарам Карповічам затрымаўся толькі апошні з названых. Пасля вучылішча Віктара прызвалі ў армію. Служыў на Брэстчыне і ў чужых краях сумаваў па доме. Як дэмабілізаваўся,  працаўладкаваўся ў калгас "Рассвет" вадзіцелем—прафесію добра асвоіў салдатам. Тут сустрэў каханне: ён родам з Волкаўшчыны, а Таццяна—з  суседняй вёскі Фралоўшчына. Разам і прынялі рашэнне не шукаць шчасця ў горадзе, а жыць паблізу ад бацькоў. 

—У сельгасвытворчасці Віктар Іванавіч з 1987 года. Даўно далучыўся да атрада механізатараў. Цяпер за ім замацаваны камбайн, пагрузчык "Амкадор" і магутны "Беларус". Вопытны трактарыст прывучаў да тэхнікі і сельгаспрацы сына Валерыя. Калі той атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, некалькі гадоў запар адвозіў на бацькавай машыне ў ААТ "Любінова" збожжа ад камбайнаў, а Віктар Іванавіч тым часам шчыраваў на "КЗС-10". 

—Аднак хлопец атабарыўся ў Віцебску. Мае ўласную сям'ю,—апавядае  Яніна Марцінкевіч.—Затое дачушка Марына ў сельгасвытворчасці. Працуе бухгалтарам у ААТ "Чэрасы", завочна вучыцца ў Горацкай сельгасакадэміі. Замужам. Яе двухгадовая Даша часта гасцюе ў бабулі Тані і дзядулі Віктара. Дарэчы, сям'я Карповічаў нядаўна папоўнілася і ўнукам. Сын Валерыя—чатырохмесячны Косцік яшчэ не ведае пра прыгажосць мясцовага азёрнага краю. Калі падрасце, дзядуля пазнаёміць яго з рыбнымі мясцінамі, са шматлікай тэхнікай, на якой старанна працуе.

Пакуль гутарылі з Віктарам Карповічам, трактары з мехдвара накіраваліся на палеткі, заспяшаўся і наш субяседнік са словамі: "Увосень работ восем, а дзень кароткі, гэта прымушае працаваць больш рупліва". 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.
На здымку: механізатар ААТ "Любінова" 
Віктар Карповіч.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА. 


Вярнуцца назад