Галоўная > Вясковае жыццё > У вясенняй кругаверці

У вясенняй кругаверці


16-04-2014, 08:38. размясціў: gazeta

В весеннем круговороте

Паўднёвыя рэгіёны Беларусі ўжо на фінішы сяўбы, а ў паўночных гаспадарках Віцебскай вобласці яшчэ самы разгар работ, у тым ліку і ў нашым раёне, дзе тэхніка выехала на палеткі ў апошнія дні сакавіка і да сённяшняга часу глеба на многіх участках яшчэ не высахла.

 

Пра вясеннія клопаты вяскоўцаў гутарым з намеснікам начальніка райсельгасхарчу Віктарам Уладзіміравічам Гагалінскім.

 

 — Летась у сярэдзіне красавіка яшчэ снег ляжаў на палетках, а сёлета ўжо вядзём сяўбу. Не рана?

 

-Тэмпература паветра плюсавая, і важна пасеяць насенне, не ўпусціўшы спрыяльны час. Рызыка, канешне ёсць, бо яшчэ можа "выскачыць" мароз, але адцягванне сяўбы больш небяспечнае. Як сведчыць практыка, у нашых мясцінах насенне зерневых культур павінна легчы ў глебу да 1 мая, бо пры больш позніх тэрмінах хлебная ніва дае значна меншы ўраджай. На жаль, па аб'ектыўных прычынах правесці сяўбу за дзесяцідзёнку нашы гаспадаркі не могуць. Гэта і падштурхоўвае да больш ранняга яе пачатку. Ды і сёлетнюю сяўбу з мінулагодняй не варта параўноўваць, бо леташні красавік можна лічыць анамальным: ён здзівіў вялікім снегам і вясеннімі завірухамі. А ўвогуле надвор'е нярэдка прыпадносіць раслінаводам непрыемныя сюрпрызы.

 

 — Сведчаннем такога ўмяшання прыроды ў справы хлебаробаў стала і сёлетняя гібель азімых?

 

 — Менавіта так. Летась мы частку азімых страцілі з-за доўгай вясенняй затрымкі снегу. А сёлета пашкоджаны пасевы на вялікай плошчы з з-за яго адсутнасці зімой пры працяглых 20-25-градусных марозах. Пшаніца загінула на 3400 гектарах (29% ад пасеянага), рапс — на 2210 га (96%). Усе гаспадаркі панеслі значныя грашовыя страты, якія асабліва адчувальныя пры сённяшнім цяжкім фінансавым становішчы

 

 — Як цяпер плануеце распарадзіцца гэтымі ўчасткамі?

 

 — Засеем зерневымі і яравым рапсам. Мы не можам зменшыць плошчы пад гэтымі стратэгічна важнымі для сельгасвытворчасці культурамі, якія патрэбны і для выканання планаў рэалізацыі збожжа, і для забеспячэння грамадскага статка кармамі.

 

 — Наколькі вялікія аб'ёмы вясенніх работ?

 

 — Пад яравыя адведзена 20 897 гектараў, у тым ліку пад зерневыя і зернебабовыя — 11 600 га, а найбольшыя плошчы яны зоймуць у ААТ "Чэрасы" — 1005 га і ВУПКУ "Міёрскі" — 1010, СУП "Цітова" — 98 і ААТ "Папшулі" — 918. Зразумела, перш чым накіраваць у поле сеялкі, трэба падрыхтаваць глебу, падсілкаваць яе мінеральнымі ўгнаеннямі, унесці арганіку. На 4423 гектарах неабходна правесці вясенняе ворыва. Чакае пратручвання больш за 2800 тон (па плану) насення зерневых і зернебабовых.

 

На асаблівым кантролі падкормка азімых азотам — гэта падмурак пад будучы ўраджай.

 

Каб мець кармы, падсеем на 3600 гектарах шматгадовыя травы, у тым ліку на 2200 га — бабовыя. Для нарошчвання зялёнай масы трэба падкарміць азотам 20 643 гектары сенакосаў і пашаў, 5527 га траў. Падсілкуем іх і хлорыстым каліем.

 

 — І шмат ужо зроблена?

 

 — На 13 красавіка пасеяны раннія яравыя на 3644 гектарах (32%). Найбольш высокія тэмпы работ забяспечваюць механізатары ААТ "Міёрскі райаграсэрвіс" (71%), СУП "Павяцце" (60%), ААТ "Мікалаёўскі" (55%), "Гвардзейскі" (55%), "Туркова" (45%).

 

А на сяўбе зернебабовых хачу адзначыць ВУПКУ "Міёрскі", дзе план выканалі на 106%, КУП "Язна" (100%), ААТ "Мікалаёўскі" (74%), ААТ "Дрыгучы" (83%).

 

КУП "Язна" і ААТ "Пад'ельцы" ўжо прыступілі да сяўбы яравога рапсу.

 

Шматгадовыя травы ў гаспадарках раёна падсеяны на 306 гектарах (9% да плана). Аператыўна працуюць у гэтым напрамку раслінаводы ААТ "Наўгароды", "Міёрскі райаграсэрвіс", "Туркова".

 

Сельгасарганізацыі ўжо завяршылі першую падкормку азімай пшаніцы, пад якой найбольшыя плошчы заняты ў ААТ "Мікалаёўскі", "Туркова", "Пад'ельцы", "Цітова", "Узмёнскі край", "Чэрасы". Завершана сілкаванне азімага рапсу, хаця з-за гібелі яго засталося зусім мала, а таму давядзецца павялічваць плошчу пад яравым. Як і ў папярэднія гады, большасць гаспадарак будзе выкарыстоўваць нямецкую тэхналогію вырошчвання. Аднак Віцебскі МЭЗ палічыў немэтазгодным выкарыстоўваць яе ў 5 нашых гаспадарак з-за нізкага ўраджаю алейнага насення.

 

Сілкаванне азімых сёлета правялі вельмі аператыўна, бо на ўнясенні КАСу выкарыстоўвалі машыны "Раса" і "Дзвіна" на пнеўмаходзе — у нас іх ужо 10. Падкормка азімых азотам у раннія тэрміны, калі пачынае фарміравацца колас — фундамент, без якога не атрымаеш высокага ўраджаю.

 

Сенакосы і пашы падсілкавалі азотам на 2988 гектарах (14,5%), шматгадовыя травы — на 1584 га (28,7%). У гэтай справе ў лідарах ААТ "Туркова", "Міёрскі райаграсэрвіс", СУП "Павяцце". Уносіцца і калій, якім падкормлены сенакосы і шматгадовыя травы на 9028 га, а найбольшыя плошчы — у ААТ "Чэрасы"(1260 га), "Пад'ельцы" (883 га), "Дрыгучы (740 га), ВУПКУ "Міёрскі" (690 га).

 

Большасць сельгасарганізацый рупліва ўносяць "чырвонае" ўгнаенне і пад яравую сяўбу, а наперадзе ВУПКУ "Міёрскі", ААТ "Мікалаёўскі", "Узмёнскі край", "Чэрасы", "Пад'ельцы", "Гвардзейскі", СУП "Павяцце",

 

 — А наколькі забяспечаны сельгасарганізацыі мінеральнымі ўгнаеннямі?

 

 — На 7 красавіка калію мелі 69% да неабходнага ці 80% да мінулагодняга на гэтую ж дату, азоту — 23% (50%), фосфару — 13% (41%). Прычына невысокай забяспечанасці — недахоп грошай на закуп. Аднак аб'ёмы паступова павялічваюцца, бо на ўсіх узроўнях прымаюцца для гэтага меры. Напрыклад, нядаўна аблаграсэрвіс узяў крэдыт для набыцця азоту, і плануецца, што наш раён атрымае яго на 6 мільярдаў рублёў.

 

 — Магчыма, варта больш актыўна працаваць з арганікай?

 

 — Бясспрэчна, аб'ёмы назапашвання і ўнясення мясцовага ўгнаення неабходна павялічваць. Яго нарыхтавана 337 659 тон ці 79,4% да задання. Вучыцца працаваць з арганікай нашым сельгасвытворцам трэба ў работнікаў ААТ "Туркова", дзе штогод ствараюць яе вялікія запасы і эфектыўна прымяняюць. Вось і сёлета працуюць рупліва — мясцовага ўгнаення забуртавана на палетках 105 069 тон (110,6%). На 115% выканалі заданне па нарыхтоўцы мясцовага ўгнаення пад яравую сяўбу механізатары ААТ "Мікалаёўскі" (22 994 т), на 102,6% — ВУПКУ "Міёрскі" (31 805), на 113,3% — "Юбілейны" (11 330 т), на 92,8% — КУП "Язна" (18 560 т). Аднак важна не толькі правільна забуртаваць угнаенне на полі, дачакацца яго "выспявання", але і адпаведна тэхналогіі падсілкаваць глебу. Найбольш ўнесена пад яравую сяўбу арганікі ў ААТ "Пад'ельцы" (12 958 т), ААТ "Мікалаёўскі" (9559 т), "Туркова" (9047 т), КУП "Язна" (8674 т).

 

У гаспадарках раёна для сілкавання палеткаў арганікай тэхнікі недастаткова. Таму некаторыя гаспадаркі пры выкананні гэтай работы кааперыруюцца, павышаючы эфектыўнасць выкарыстання пагрузчыкаў і трактараў з гноераскідвальнікамі. Два магутныя механізаваныя атрады створаны пры райаграсэрвісе, і яны аказваюць паслугі іншым гаспадаркам. Дапамагаюць аграрыям меліярацыйныя прадпрыемствы, ДРБУ-203, ільнозавод, лясгас, аўтапарк №15.

 

Але нават пры добрым сілкаванні палеткаў арганікай, колас не стане важкім без мінеральных угнаенняў. Іх абавязкова трэба ўносіць пад збожжавыя, рапс, кукурузу, іншыя культуры адпаведна распрацаваных навукоўцамі норм.

 

 — Падчас сяўбы стаўка робіцца на энерганасычаную тэхіку?

 

 — Цяпер амаль у кожнай гаспадарцы ёсць па 3-4 трактары "МТЗ-3022" (ці аналагічныя ім па магутнасці) і шыроказахопная тэхніка. Дзякуючы іх прымяненню ў апошнія гады намнога паскорыліся тэмпы сяўбы. А выкарыстанне 55 камбінаваных пасяўных агрэгатаў забяспечвае больш высокую якасць загортвання насення. Між тым, вельмі важна не толькі мець добрую тэхніку, але і дбайных, адказных працаўнікоў. Работа сельскіх трактарыстаў нялёгкая, а вось зарплата не такая высокая, як хацелася б, і тым не менш, з вясны да позняй восені працуюць яны рупліва, перасаджваюцца з адной тэхнікі на другую, мяняюць прычапныя і навясныя агрэгаты. І ўсё ў іх атрымліваецца, бо за плячыма ў большасці вялікі вопыт, які перадаюць у спадчыну маладзейшым.

 

 — З якіх крыніц фінансуецца сёлетняя пасяўная кампанія?

 

 — Зразумела, што ўласных сродкаў на гэтыя мэты ў нашых сельгасвытворцаў недастаткова. У адпаведнасці з Пастановай Саўміна №53 ад 22.01.2014 года сёлета за першы квартал мы атрымалі ў якасці надбавак за малако 8,7 мільярда рублёў, з іх 742 мільёны патрацілі на гаруча-змазачныя матэрыялы, на мінеральныя ўгнаенні — 5,3 мільярда, на пагашэнне даўгоў перад аблаграсэрвісам за атрыманыя летась мінеральныя ўгнаенні — 2,2 мільярда.

 

І адпаведна Пастанове Савета Міністраў №1192 ад 31 снежня 2013 г. " Аб мерах па падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый да палявых работ, стварэнні трывалай кармавой базы і ўборцы ўраджаю ў 2014 годзе" выдзелены нашаму раёну крэдыт на 12,5 мільярда рублёў. Аднак скарысталіся ім толькі ААТ "Туркова" "Пад'ельцы", "Гвардзейскі" і райаграсэрвіс — асвоілі 1,9 мільярда рублёў. Іншыя не змаглі адкрыць крэдытныя лініі з-за пратэрміноўкі па раней узятых банкаўскіх крэдытах.

 

 — Пры няпростым фінансавым становішчы, напэўна, варта вяскоўцам быць больш гаспадарлівымі?

 

 — Гаспадарлівасць, граматны падыход з'яўляюцца асновай дзейнасці кожнай сельгасарганізацыі — без гэтага цяпер не толькі не будзе руху наперад, але і заробку не атрымаеш. Грошы з неба не сыплюцца, іх трэба зарабіць. Пытанні эканомікі сёння на першым плане. Трэба забяспечваць рэнтабельнасць вытворчасці і тут асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на змяншэнне выдаткаў на атрыманне прадукцыі. Канешне, няпроста знізіць сабекошт пры высокай цане на электраэнергію, тэхніку, запчасткі, ГЗМ, угнаенні, гербіцыды. Але ў сельгасарганізацыях "вузкіх месцаў", дзе губляюцца грошы, нямала. Кожны работнік павінен быць гаспадаром на сваім рабочым месцы — беражлівым, акуратным, прадбачлівым.

 

Цяпер у хлебаробаў адказны перыяд, нездарма ж кажуць: адзін вясенні дзень год корміць. І я спадзяюся, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яны паспяхова справяцца з палявымі работамі. Дарэчы, сёлета трэба атрымаць 68 тысяч тон збожжа ў свірнавай вазе. У мінулым годзе "хлебны каравай" заважыў 45 000 тон, у 2012-ым годзе — 57 000. Якіх вышынь удасца дасягнуць у 2014-ым-пакажа час, аднак зразумела, што лёгкага хлеба не бывае.

 

На здымку на 1-й стар.В. У. Гагалінскі.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

Фота аўтара


Вярнуцца назад