Галоўная > Вясковае жыццё > Даярка — на курсах

Даярка — на курсах


25-02-2014, 09:35. размясціў: gazeta

Доярка — на курсах
Нярэдка накіроўваюць на шматдзённыя курсы для павышэння кваліфікацыі галоўных спецыялістаў, кіраўнікоў.
А каб даярак?..

 

— Засумняваліся? Палічылі, што такога не бывае? Паверце, я не агаварылася. Сапраўды, наш перадавы аператар машыннага даення Людміла Генадзьеўна Захарэнь, якая летась за высокія надоі была адзначана Ганаровай граматай райсельгасхарчу,  цяпер вучыцца на курсах. І не ў раёне ці вобласці, а ажно ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Праўда, у ВНУ вывучае не тонкасці прафесіі аператара машыннага даення — у гэтай справе яна ўжо мае багатыя навыкі,   а асвойвае "сумежную" прафесію — спецыяліста па штучным асемяненні БРЖ. Напачатку будзе вывучаць тэорыю на курсах пры акадэміі, затым два месяцы практыкавацца ў нашым сельгаставарыстве. А далей — здача экзаменаў, — расказвае бухгалтар па жывёлагадоўлі ААТ "Любінова" Марыя Аляксандраўна Усціновіч. — У далейшым будзе сумяшчаць дзве работы—і кароў даіць, і абавязкі асемянатара выконваць.

 

МТФ "Любінова" — лепшая ў сельгаставарыстве. Каб забяспечыць больш высокую вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі, адміністрацыя гаспадаркі вырашыла на гэтым важным аб'екце ўвесці ў штаты работнікаў спецыяліста па штучным асемяненні кароў. Невыпадкова накіравалі  на курсы Людмілу Генадзьеўну Захарэнь. Упэўнены, яна паспяхова справіцца з дадатковай нагрузкай і яе праца  ў далейшым дасць добры плён.

Пакуль жанчына вучыцца,  яе групу кароў расфарміравалі сярод даярак, кожная з якіх адносіцца да выканання абавязкаў з адказнасцю. Несумненна, часова перададзеныя ім пад апеку рагулі будуць добра дагледжаны. Аператары машыннага даення зацікаўлены ў тым, каб мець на ферме свайго асемянатара, што дасць магчымасць своечасова выяўляць кароў у ахвоце і пакрываць іх. Гэта да мінімуму знізіць ялавасць кароў у групах і павялічыць надоі. Цяпер даяркі падмяняюць жанчыну, а  хутка яе праца будзе прыносіць ім бонусы.

 

Пакуль калега-аператар вучыцца на курсах пры акадэміі, ля кароў шчыруюць Людміла Мікалаеўна Пяткевіч, Алеся Генадзьеўна Машара (родная сястра Людмілы Генадзьеўны), Галіна Іванаўна Баравікова і Вольга Міхайлаўна Драба. Загадчыца фермы Наталля Іванаўна Тумарава падкрэслівае, што нагрузка ў іх у сувязі з расфарміраваннем групы кароў Л. Г. Захарэнь крыху павялічылася. Аднак даяркі спраўляюцца і ім, нягледзячы на часовую адсутнасць сваёй калегі, рэгулярна прадастаўляюцца выхадныя дні.

— Калектыў на ферме дружны, а гэта вельмі важны аспект у вырашэнні многіх вытворчых і арганізацыйных пытанняў, — падкрэслівае Марыя Аляксандраўна Усціновіч.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

 

Фота К. БЛАЖЭВІЧА.


Вярнуцца назад