Галоўная > Вясковае жыццё > Станоўча ацэнены змены ў ААТ «Наўгароды»

Станоўча ацэнены змены ў ААТ «Наўгароды»


25-06-2018, 16:35. размясціў: gazeta

 21 мая прыступіў да выканання абавязкаў дырэктара ААТ “Наўгароды” Юрый ТРЫДЗЕНСКІ. Яму 49 гадоў, нарадзіўся на Браслаўшчыне. Мае інжынерную адукацыю, але 20 гадоў узначальваў падраздзяленне ў сістэме ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Апошнім часам кіраваў камунальным унітарным сельгаспрадпрыемствам “Відзаўскі” ў суседнім раёне. Пры сустрэчы на машынным двары ў Наўгародах пацікавіўся ў Юрыя Уладзіміравіча, як ён ацэньвае новае месца работы. 

— Часу прайшло мала, аднак з сітуацыяй у ААТ “Наўгароды” разабраўся, — аптымістычна адзначае новы кіраўнік. — Землі тут добрыя, палі пасля меліярацыі вялікія, іх контурнасць мне падабаецца. Касцяк калектыву захаваўся, людзі працавітыя, з разуменнем адносяцца да патрабаванняў. Адна сям’я механізатараў Гаўрыльчыкаў чаго вартая — бацька Валерый Антонавіч з сынамі Уладзімірам і Ігарам, або Андрэй Вашкель. Ёсць бухгалтарскія работнікі і спецыялісты, акрамя галоўнага інжынера, якога прызвалі служыць у войску. Але я сам інжынер па адукацыі, таму з пытаннямі рамонту тэхнікі і забеспячэння запчасткамі разабраўся. Цяпер усе трактары ў рабоце. Толькі “Беларус-3022” стаіць без рухавіка, але да восеньскага прыпару і ён павінен выйсці ў поле рыхтаваць глебу пад сяўбу азіміны. Цяпер пры падтрымцы раёна вырашаюцца пытанні аплаты дарагога рамонту матора.


На першым часе давялося наводзіць парадак на мехдвары, з-за гэтага нават план па здачы металалому выканалі, выпраўляць хібы ў арганізацыі працы, падтрыманні працоўнай дысцыпліны. Асаблівай увагі патрабуе вытворчасць малака. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, аднымі з першых у раёне ўключыліся ў нарыхтоўку кармоў. На сенажацях работа працягваецца з 6 да 21 гадзіны, людзей кормім. 14 чэрвеня пачалі закладваць другую траншэю сенажу. Гэтага корму ўжо назапашана 750 тон пры плане 3,5 тысячы тон, сена маем 205 тон пры заданні 300, штодзённая прыбаўка складае 20-30 тон.


Работы на корманарыхтоўцы ішлі паблізу Старога Пагоста. На вялікіх палетках тут на КВК-800 працаваў Ігар Гаўрыльчык, ад яго адвозілі зялёную масу тры МТЗ з прычэпамі. Трамбоўкай займаўся на “Беларусу-3022” Андрэй Вашкель.


Побач на полі нарыхтоўвалі сена. Збіваў у валкі граблямі высушаную злакавую траву Іосіф Чалай. Следам за ім рухаўся з прэсам Мікалай Рубаха.


— Бачыце, рулонаў няшмат на полі, імкнёмся адразу адвозіць іх пад дах,—каменціраваў сітуацыю кіраўнік гаспадаркі. — Такое духмянае сена падыдзе нават маленькім цяляткам. Маем намер забяспечыць статак на зіму кармамі пад поўную патрэбу. Цяпер на сенажацях працуюць шэсць механізатараў, чакаем у падтрымку ў якасці шэфскай дапамогі трактарам МТЗ-1221 з ільнозавода. Яго таксама выкарыстаем на корманарыхтоўцы: на адвозцы ці касьбе, бо пакуль касілка прастойвае з-за недахопу цяглавай сілы.


— Паліва з’явілася, і інтарэс да працы вырас, — выказваецца механізатар Іосіф Чалай. — Чым больш кармоў нарыхтоўваем, тым спакайней на душы: не трэба будзе іх раздабываць зімой.


Пагаджаюся, што справы ў жывёлагадоўлі прама залежаць ад кармавой базы.Але не толькі. Пакуль “Наўгароды” надоямі і прывагамі пахваліцца не могуць.


 — Разам з галоўным заатэхнікам аб’яз-джаю фермы і гурты штодзень, травастой бедны, а там, дзе пашы падкошвалі, трава зусім выгарала, — расказвае Юрый Уладзіміравіч. — Каб мець малако, найперш трэба дбаць не толькі пра аднаўленне, больш — пра нарошчванне дойнага пагалоўя. Рамонтных цялушак для гэтага таксама малавата, толькі 80% патрэбнага. Таму клапоцімся, каб захаваць кожную галаву прыплоду. Асемянатар працуе добра, цяленні адбываюцца, патрэбны час, каб дачакацца добрага выніку. Адначасова наводзім парадак у жывёлагадоўчых памяшканнях. Для гэтага стварылі будаўнічую брыгаду з чатырох чалавек. Яна давяла да ладу памяшканне на цэнтральнай сядзібе для маладняку. Адрамантавала дах, замяніла вокны, выраўняла сцены, забетаніравала праходы. Цяпер займаецца такімі ж работамі на МТФ “Стары Пагост”. А да корманарыхтоўкі падрыхтавалі памяшканне для складвання сена, усе рулоны размяшчаюцца толькі пад дахам.
У раслінаводстве закончылі праполку кукурузы, завезлі прэпараты для апрацоўкі яравых зерневых. Карбамідам пачалі падкормліваць яравы рапс.


— ААТ “Наўгароды” многае мае, каб нармальна жыць і развівацца, — падагульняе Юрый Трыдзенскі. — Хаця для поўнага шчасця заўсёды нечага не хапае. Хацелася б папоўніць трактарны парк, набыць зернесушылку, бо складана будзе рыхтаваць насенне збожжавых, з гэтым давядзецца звяртацца да суседзяў. Хаця і тое, што ўжо зроблена, абнадзеіла калектыў. Пачынаюць вяртацца работнікі, якія працаўладкаваліся ў іншых месцах.


— Усе пытанні развіцця вытворчасці і тыя, з якімі звяртаюцца людзі, Юрый Ула-дзіміравіч вырашае аператыўна, — ацэньвае ветэран працы Пётр Кандрашоў.
Такое меркаванне вопытнага чалавека пра кіраўніка, які толькі пачынае працаваць на новым месцы, пра многае сведчыць. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.


Вярнуцца назад