Галоўная > Вясковае жыццё >


7-05-2011, 18:49. размясціў: gazeta
Багата культур і клопатаў шмат
Штогод ААТ “Туркова” забяспечвае высокую ўраджайнасць сельгаскультур. Яшчэ адна адметнасць — багаты іх відавы склад. Мясцовыя раслінаводы вырошчваюць азімыя — жыта, пшаніцу, рапс, яравыя — ячмень, авёс, пшаніцу, трэцікале, зернебабовыя, а таксама бульбу, моркву, кукурузу.

Зразумела, за кожнай раслінай патрэбен асаблівы догляд. Вось і шчыруюць на палетках трактарысты з ранняй вясны да позняй восені. Цяпер асноўны клопат — хутчэй завяршыць сяўбу. Яравы клін у гаспадарцы складае 1183 га. У першыя дні мая загарнулі ў глебу насенне зерневых і зернебабовых на запланаванай плошчы, але клін пашырыўся — перасеялі азімыя, якія загінулі. Шчыруюць і на рапсавым полі, дзе таксама расліны не перазімавалі. Неспадзяваныя клопаты крыху замарудзілі тэмпы палявых работ.


Штодзённа на палетках задзейнічана 27-30 механізатараў, у кожнага свой адказны ўчастак работы. Іх працу строга ацэньваюць старшыня Віктар Іванавіч Сташкевіч і галоўны аграном Святлана Габдулаўна Сосік. Кіраўнік гаспадаркі кажа, што большасць трактарыстаў працуе бездакорна.
— Іван Зуевіч і Аляксандр Прашкевіч на “трыццатках” вядуць сяўбу збожжавых. Расціслаў Шаўлюга, Анатоль Протас, Віктар Талапіла, Алег Станкевіч апрацоўваюць глебу — шчыруюць з чызелямі. Уносяць мінеральныя ўгнаенні Сяргей Алеська, Сцяпан Шаўлюга, Васіль Якубаў, Аляксандр Кураш. Петр Заяц вядзе культывацыю на магутным К-701, — расказвае дыспетчар. — На баранаванні сельгаскультур задзейнічаны Пётр Дзямешка і Алег Катовіч, хаця апошні ў бліжэйшыя дні зоймецца пасадкай бульбы. Дарэчы, плошча пад “другім хлебам” сёлета ў нас павялічыцца з 50 га да 100. З пасадачнай машынай будзе працаваць Сцяпан Шаўлюга. Пры патрэбе механізатараў накіроўваюць з аднаго ўчастка на другі.
— Сёння я, напрыклад, заняты на полі з РДУ-1,5, а ў бліжэйшыя дні буду працаваць з іншым прычапным агрэгатам — прыеду на гэты ж участак з сеялкай — ужо сёмы сезон вясной загортваю насенне кукурузы, — адзначае Сяргей Алеська. — Настрой ва ўсіх трактарыстаў аптымістычны. Летась работы ускладняліся з-за зацяжных дажджоў, а сёлета надвор’е пакуль спрыяе.
Гаспадарка забяспечана палівам, угнаеннямі, хімпрэпаратамі для пратручвання насення і апрацоўкі пасеваў. Задача механізатараў — праявіць майстэрства. І гэта ім удаецца.
На здымку: Сяргей Алеська, Аляксандр Шульга і Канстанцін Галавач уносяць угнаенні на кукурузным полі
Э. БЛАЖЭВІЧ.



Вярнуцца назад