Галоўная > Вясковае жыццё > Курс развіцця УП "Цітова" вызначаны

Курс развіцця УП "Цітова" вызначаны


20-11-2017, 14:32. размясціў: gazeta

 Свята аграрыяў — прамежкавы этап падвядзення гадавых працоўных вынікаў. З чым сустракаюць яго хлебаробы і жывёлаводы УП "Цітова"? З такім пытаннем наш карэспандэнт звярнуўся да кіраўніка сельгаспрадпрыемства Франца ВЕРШАЛОЎСКАГА.

— Сёлета нямногія работнікі сельскай гаспадаркі Міёршчыны задаволены вынікамі намаганняў, але гэта не значыць, што не стараліся. Пэўны плён ёсць, — адзначыў Франц Віктаравіч. — Найперш, нашы хлебаробы павялічылі намалот зерня на 960 тон, жывёлаводы штодзень надойваюць на 1200-1400 кілаграмаў малака больш леташняга. Імкнёмся рэалізаваць яго толькі гатункам экстра. Дзякуючы намаганням намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі Данаты Шчалкун стабільна працуе малочнатаварны комплекс "Цвеціна". Ёсць прыбаўка ў прывагах буйной рагатай жывёлы і свіней. Заканчваем рамонт свінагадоўчага камплексу, там аднаўляецца пагалоўе. Новы тэнтавы арачнік хутка прыме 200 цялушак. Дарэчы, на ферме ў Субачаве плануем паставіць клюшачнік для двухсот пяршачак на раздоі.


Будзем пашыраць майстэрні. Дзякуючы ўключэнню гаспадаркі ў інтэграцыйную структуру нам выдзелены энерганасычаныя трактары "Кіравец К-744" і "Беларус-3035", 12-метровая сеялка "Амазон", культыватар, дыскапак, 9-метровая касілка, шыроказахопны каток, 9-корпусныя абаротныя плугі. Для абслугоўвання і захоўвання тэхнікі неабходны належныя ўмовы.


Аднак асноўная ўвага ў гаспадарцы жывёлагадоўчым аб'ектам. Толькі для статка адных сцен недастаткова, важна напоўніць кармушкі…
— Сёлетняй зімой яны пуставаць не будуць. Больш плана назапашана сена і сенажу, убрана ўся кукуруза і закладзена 2460 тон сіласу—107% да задання. Дарэчы, на корманарыхтоўцы асабліва пастараўся механізатар Сяргей Ходзька на КВК-800. Увогуле на ўмоўную галаву жывёлы назапашана па 28 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў. Гэта крыху менш леташняга, але складае 110% да запланаванай колькасці. Выручылі пасевы траў — канюшыны і канюшыны з цімафееўкай, якія займалі 540 гектараў.


Пашыраць плошчы пад травамі не плануеце?
— Структура пасяўных плошчаў у нас склалася, істотна мяняць яе не маем намеру. Хаця бялковую праблему вырашаць трэба. Пасеваў траў, кукурузы, а яе было толькі 167 гектараў, дастаткова для забеспячэння травяністымі кармамі буйной рагатай жывёлы. Праблема для нас і кармленне свінапагалоўя на комплексе, дзе найперш неабходна зерне, канцэнтраты. Сёлета намалацілі крыху больш за 4 тысячы тон збожжа пры ўраджайнасці 32 ц/га, што для сёлетніх умоў нядрэнна, а патрэбна мець мінімум на 2000 тон больш. Такую задачу стаўлю перад маладым галоўным аграномам Аляксеем Даражынскім, які адказна адносіцца да сваіх абавязкаў. Вырашаць яе неабходна ў асноўным за кошт росту ўраджайнасці. Гэта няпроста, бо з запланаваных 800 гектараў азімых пасеялі толькі 575. Працягваем ворыва зябліва, дарэчы, на новым "Кіраўцы" адначасова з іншымі трактарыстамі цяпер шчыруе з плугам Пётр Маняк. Хацелася б больш актыўна (неабходна не менш за 12 тысяч тон) уносіць пад будучы ўраджай арганіку. Што не паспеем, давядзецца рабіць вясной.


Разлічваеце на старанне механізатараў?
— Добрых працаўнікоў у нас нямала. У ліку перадавікоў найперш камбайнер-тысячнік і трактарыст Анатоль Сачыўка. На трактары і камбайне старанна працуе Анатоль Юршэвіч. Умелы спецыяліст па хімапрацоўцы пасеваў Валерый Грыдзюшка. З вопытных работнікаў бярэ прыклад малады механізатар Мікалай Валынец.


У жывёлагадоўлі лепшыя даяркі Людміла Маслоўская і Таццяна Клішэвіч, даглядчыкі-пастухі Фёдар Іваноў і Іван Баслак, цялятніца Наталля Разумчык.


Ствараем умовы для замацавання мясцовай моладзі і далучэння дадатковай рабочай сілы. Адрамантавалі пяць пустуючых двухкватэрных дамоў. Дзве кватэры выдзелілі сваім маладым сем'ям, дзв е — прыезджым, астатнія пакуль чакаюць новых гаспадароў.
Лічу, што гаспадарка развіваецца. Таму асабліва прыемна было на абласных "Дажынках"атрымаць з рук старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва ключы ад новенькай чорнай "Нівы" і пачуць словы падзякі нашым хлебаробам за старанне. З асаблівым задавальненнем перадаў іх усім працаўнікам УП "Цітова". 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.


Вярнуцца назад