Галоўная > Вясковае жыццё > Абед для хлебароба ў ВУПКУ "Міёрскі"

Абед для хлебароба ў ВУПКУ "Міёрскі"


22-08-2017, 15:47. размясціў: gazeta

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 

Штодня ў сталовай ВУПКУ "Міёрскі" гатуюць дзясяткі порцый першага, другога і трэцяга.

Сталовая на тэрыторыі мехмайстэрні. Займае некалькі памяшканняў на другім паверсе доўгага цаглянага будынка. Абеды для хлебаробаў гатуе галоўны повар Валянціна КАРНІЦКАЯ. Дапамагаюць кухонныя работнікі Вераніка ЛОМАШ і Таццяна БУРЭНЬ.

У двары ля ўваходу смачна пахне. Яшчэ палова дзявятай раніцы, а з каструль на пліце чуваць дружнае булькатанне. Галоўны повар прыходзіць на работу ў 6.00.


— Сёння на абед суп з пярловымі крупамі, рысавая каша з катлетай, яблычны кампот. На падвячорак грэчка з катлетай і кампот, — знаёміць з меню Валянціна Генадзьеўна. — З мінулага года працаўнікоў кормяць двойчы на дзень. Абеды забіраюць у адзінаццаць, падвячоркі ў тры гадзіны дня. Развозяць дзве машыны, каб у полі доўга не чакалі. У сталовую прыходзяць харчавацца паляводы, будаўнікі, зваршчыкі, аграномы. Гатуем 40-45 порцый. Колькасць удакладняю раніцай. У выхадныя заказ меншы.


Для работнікаў кухні на час вясенне-асенніх палявых работ чырвоных дзён календара не бывае. Сёлета ля пліты з пятага красавіка. Валянціна Карніцкая ў ролі галоўнага повара ўпершыню. Па спецыяльнасці пекар. Апошнія гады прыбірае адміністрацыйны будынак гаспадаркі. У сталовай была кухонным работнікам, развозіла абеды. Цяпер адказвае за смак прыгатаваных страў, за запас прадуктаў, чысціню памяшканняў, за правільна распісаныя ў сшытку грамы і нормы. Таццяна Бурэнь прыйшла ў сталовую з водпуску па доглядзе за дзіцяці. Яна швачка, але з кухняй "Міёрскага" знаёма з дзяцінства. Назірала, як тут гатуе абеды маці. Вераніка Ломаш другі сезон у сталовай. У яе спецыяльнасць повара. Валянціна Генадзьеўна звяртаецца за падказкамі да маладога спецыяліста.


— Першы месяц было вельмі складана. Асабліва з лічбамі і дакументацыяй. Ды і гатаваць на некалькі дзясяткаў чалавек не тое што для сям'і, — гаворыць повар. — Паступова ўнікла ў справу. Але штораз хвалююся, ці спадабаюцца абеды. Перажываю, калі вяртаюць посуд з недаедзеным.


Па словах повара, любімыя стравы хлебаробаў — халаднік і бульбяное пюрэ з катлетай. Не вельмі рады пярловай кашы. Меню на наступны дзень складаецца звечара. На першае гатуюць суп з капустай, гарохавы, боршч, бурачнік, расольнік. На другое — кашы з круп і катлеты, плоў, макароны па-флоцку. З напояў — кампот або чай. Фарш дастаўляюць з мясакамбіната. Крупы, макароны і хлеб закупляюць у мясцовым магазіне. Бульба, капуста, морква, цыбуля — з агарода гаспадаркі.


Дзень на кухні распісаны па гадзінах. Самыя гарачыя — да абеда. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Вялікая электрычная пліта хутка награвае памяшканне. Бліжэй да адзінаццаці разліваюць суп і раскладаюць гарнір у тэрмабачкі, якія павязуць у поле, і ў міскі, што запоўняць сталы. Калі першы прыём ежы ў сталовай заканчваецца, бяруцца за ўборку. Мыюць посуд, ракавіны, падлогу. Да трох гадзін трэба прыгатаваць падвячорак і зноў навесці парадак.


— Работа на кухні незаўважная. Хтосьці лічыць яе лёгкай, а нам, самі бачыце, прысесці няма калі, — гаворыць Валянціна Генадзьеўна, памешваючы суп у вялікай каструлі.


Таццяна і Вераніка хутка наразаюць цыбулю і моркву. На чарзе мяса.
— Затое галодным ніхто не застанецца, — заўважаю.
— Акрамя нас саміх, — смяецца Таццяна.
— Сапраўды. Я сёння не снедала, кубачак кавы выпіць паспела, — кажа Валянціна.


Прыгатаваны абед атрымаўся смачным і сытным. Карэспандэнты газеты ў гэтым упэўніліся. Шчыра кажучы, хапіла б адной катлеты вагой у 150 грам. Тэксты пісаць — не камбайнам кіраваць. Хлебаробам, якія ў полі дапазна, харчавацца трэба грунтоўна. Як кажуць, добра папрацуеш — смачней паясі. І наадварот.


Вярнуцца назад