Праздник родной деревни Узмёны

Праздник родной деревни Узмёны"Самае лепшае месца на свеце",—так шчыра і прасякнута назвалі культработнікі сцэнарый да свята роднай вёскі Узмёны. Госці званыя і жаданыя, старыя і моладзь, жанатыя і халастыя спяшаліся далучацца. Ліпеньскай нядзеляй тут грала музыка для тых, хто здабывае хлеб і падымаецца з пеўнямі. Дзякуючы ім сяло жыве і частуе пірагамі. 
 
Распачала свята старшыня Узмёнскага сельвыканкама Таццяна Смулько. 
Шмат гора і пакут перанёс узмёнскі народ. Але з верай у шчаслівую будучыню выстаяў і ўзмужнеў на скрыжаванні няпростых шляхоў гісторыі. З гордасцю прыгадалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, з іх у ваколіцах нікога ў жывых не засталося, але памяць вечная. Ушанавалі воінаў, партызан і падпольшчыкаў хвілінай маўчання. "Дні, як годы, цягнуцца без яго, чацвяргі і пятніцы—больш нічога"—гучала ў песні. 

Праздник родной деревни УзмёныШто такое шчасце? Зразумееш, калі страціш тое, што цаніць не ўмееш. Хадзіць па зямельцы, бачыць, як пад лесам расцвіла вясёлка, слухаць, як спявае салоўка, любавацца сонцам і блакітным небам, есці здабыты працаю хлеб. Усяму гэтаму спаўна можна нацешыцца ў вёсцы. Вядучыя заклікалі заставацца ў мясцінах, дзе каласяцца нівы, жывуць родныя і дарагія людзі. 

Ёсць народная мудрасць: "Той род харошы, дзе старым гонар і павага, і тое свята слаўнае, дзе ім галоўнае месца". Узмёнскай доўгажыхарцы Ганне Адамаўне Разлом сёлета споўнілася 97 гадоў. Па стане здароўя яна не змагла прыйсці на мерапрыемства, але арганізатары ёй перадалі словы ўдзячнасці і падарунак. Вакальная група мясцовага СДК прысвяціла песню. 

Завіталі на дзень вёскі юбіляры. Вользе Іосіфаўне Матэленак жыццёвы каляндар перагарнуў 60 гадоў, Валянціне Феафанаўне Махонька—55, Уладзіміру Алейзавічу Шведу—55, Але Уладзіміраўне Крэер—50, Таццяне Рыгораўне Філіпенка—50. Прыгадаў колішнія "18, зноўку 18" і пажадаў іх вечнага панавання вакальны гурт Узмёнскага СДК. Імяніннікі гэтага дня Міхаіл Рамза, Алег Гердзюк, Яўген Галавін, Таццяна Пузака, Іван Андрыянаў.  

Нарадзіць дзіця, вырас-ціць, як сад—вышэй і складаней шчасця не бывае ад веку. Ды толькі духоўны багацей дасць свету сапраўднага Чалавека. Сёння з радасцю можна канстатаваць, што жыццё ў вёсцы працягваецца. Нядаўна нарадзілася самая маленькая ўзмёнская жыхарка Маша Пузака. Маме дзяўчынкі сталі прыемнымі ўвага культработнікаў і аднасяльчан, падарункі. 

Праздник родной деревни УзмёныСучасныя сем'і, нават у сяле, рэдка бываюць шматдзетнымі. Але ва Узмёнах іх некалькі. У Святланы і Аляксандра Дземідоў трое сыноў. Людміла і Аляксандр Махонькі выхоўваюць чацвярых дзяцей, Зоя і Іван Пузакі—пяцярых, па трое ў Ірыны і Аляксандра Кузміцкіх, Вольгі і Віталя Лазуроў, Наталлі і Віктара Шадурскіх. Ім—"Белая чаромха духмяная". 

Зямля—наш дом, нам яго берагчы, напаўняць прыгажосцю, чыстым святлом, каб было ўтульна і цёпла ўзімку і летам. Кожны вясковец спрыяе дабрабыту Узмён, асаблівая пашана гаспадарам, якія акультурваюць, даглядаюць, трымаюць у парадку свае падворкі. Старшыня сельвыканкама ўзнагародзіла лепшых. Ім і песня пра яблыневы квет.

Працягам урачыстасці стала гульнёвая праграма. Лад узмёнцаў шматгранны: нехта піша вершы і музыку, нехта майструе сваімі рукамі, становіцца чэмпіёнам. У дзень нараджэння пасёлка распачалі новую кнігу рэкордаў Гінеса. Аднак назвалі яе "Рэкорд па-ўзмёнску". Прысутныя ахвотна змагаліся за права быць унесеным у гістарычнае выданне. Пачалі з малога—асінай таліі. Сантыметрам вымяралі самую-самую. Вызначылі "Міс-вытанчанасць", а таксама самыя вялікія ногі, кулакі, магутны торс, доўгую касу, далікатную ножку.  
Радавалі салісты Дзіна і Вячаслаў Тамашэвічы, Тамара Аўхаронак, Святлана Рапніцына, Наталля Канюшэўская, Анастасія Рамза, Алена Панікава, Яўген Галыня, Вікторыя Грызлюк. Дапамагала праводзіць праграму Маша Лазур. 

"Хай жывуць усе шчасліва: дзеці, бацькі, старыя. Мы былі, ёсць і вечна бу-дзем, дарагія нашы землякі",—рэзюмавалі вядучыя Святлана Рапніцына і Вячаслаў Тамашэвіч.  Цудоўна, калі ў старажытнай вёсцы кіпіць праца і песні спяваюцца.

Алена БАСІКІРСКАЯ. 


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.