Авторизация
 

У сховішчы для агародніны ў ААТ "Туркова"

+
Для захоўвання бульбы зімой ААТ "Туркова" мае вялікае сховішча, дзе хапае месца для буйных харчовых клубняў і насенных. Памяшканне ў сцюжу ацяпляецца, а калі мароз невялікі, такой патрэбы няма. Сёлета  перазімавалі амаль без турбот.
 
—Восенню аб'ёмы бульбы, дастаўленай у сховішча з палеткаў, былі значна большымі. Пасля сартыроўкі частку ўраджаю прадалі. Вельмі актыўна купляла насельніцтва дробныя клубні, якія для мясцовых прадавалі па 300 рублёў за кілаграм, для іншых—па 500. Попыт на харчовую бульбу слабы, хаця рэалізуем па 1900 рублёў—крыху вышэй за сабекошт. Цяпер у сховішчы каля 150 тон і мы не ведаем куды яе падзець,—расказваюць у бухгалтэрыі гаспадаркі.
Між тым, у сельгаставарыстве распачалася падрыхтоўка клубняў да вясенняй пасадкі. Аб'ём работы не малы—трэба перабраць 214 тон насення пяці гатункаў—"Фальварак", "Астэрыкс", "Крыніца", "Скарб" і "Янка". З агульнай масы выдаляюць пашкоджаныя хваробамі і гнілыя клубні. Адбіраюць і  нестандартныя, якія рэалізуюць насельніцтву па 1000 рублёў за кілаграм. На пераборцы задзейнічаны мясцовыя жыхары. Асабліва руплівыя Таццяна Тарноўская, Валянціна Стрыкава, Ніна Шастакевіч і іншыя. 
Створаных запасаў насення хопіць, каб пасадзіць запланаваную плошчу, але агранамічная служба плануе абавязкова закупіць і дарагія элітныя  клубні насення для сортаабнаўлення.
 
Яшчэ не так хутка надыдзе пара для пасадкі, але ў майстэрні ўжо дбаюць пра падрыхтоўку глебаапрацоўчай і пасадачнай тэхнікі. Няма сумненняў, што на лінейку гатоўнасці яна стане своечасова.
Цікаўлюся ў работнікаў мехатрада, хто летась асабліва стараўся, каб атрымаць добры ўраджай клубняў. Тыя адразу ўзгадалі спецыялістаў агранамічнай службы, якія турбаваліся пра забеспячэнне севазвароту, закуп угнаенняў, займаліся сортазаменай і сортаабнаўленнем. Але ўсе механізатары пагадзіліся, што многае залежыць ад тых, хто непасрэдна загортвае клубні ў барозны, даглядае іх. Як аказалася, ад пасадкі да ўборкі ля бульбачкі шчыравалі многія.  Напрыклад, з саджалкай працаваў Антон Протас. Барозны наразаў Сяргей Алеська, ён жа пазней і апрацоўваў міжрадкоўе. Акучваў таксама Іван Шаўчонак. З капалкамі  выязджалі на палеткі Аляксандр Кураш і Раман Дудла.
—Шмат людзей падбіралі клубні—школьнікі, студэнты, ваеннаслужачыя, пенсіянеры,—адзначыў начальнік мехатрада сельгаставарыства Антон Уладзіміравіч Радзіка.—Бульбачка, якая цяпер незапатрабавана, прайшла праз многія рукі.
Прыгадалі мясцовыя спецыялісты, што раней такіх цяжкасцей з рэалізацыяй клубняў у гаспадарцы не ўзнікала—мінулы год выдаўся самым складаным. Аднак, год на год не прыходзіцца. Летась ва ўсіх рэгіёнах Беларусі вырас добры ўраджай, таму з продажам бульбы сітуацыя няпростая. Аднак, на думку раслінаводаў, трэба на вышэйшым узроўні прымаць меры, каб у выніку немагчымасці збыту вырашчаны ўраджай закуплялі перапрацоўчыя прадпрыемствы, бо ўкладзена шмат не толькі людской працы, а і грошай. Шкада, калі з-за адсутнасці рынкаў збыту клубні выкарыстоўваюцца на корм статку. Дырэкцыя ААТ "Туркова" спадзяецца, што такога не здарыцца, і актыўна шукае магчымасці рэалізацыі "другога хлеба". 
Цяжка прадбачыць, якім будзе год сёлетні, але пад бульбу ў гаспадарцы адвялі, як і летась, 40 гектараў ворыва, якое восенню добра аздобілі арганікай, каб зноў сабраць багаты ўраджай. 
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 января 2021
Адам, Андрей, Аристарх, Вениамин, Давид, Иван, Илья, Иосиф, Макар, Марк, Моисей, Павел, Сергей, Степан, Агния, Нина

Именины 26 января 2021
Максим, Петр, Марфа, Афанасий, Яков

Госці краін

free counters
Партнеры сайта