Шматгадовы вопыт аграрыяў сведчыць, што восеньскае ворыва больш эфектыўнае зе веснавое, а яшчэ дазваляе скараціць аб’ём работ у самы напружаны перыяд сяўбы. Але не толькі па гэтай прычыне 17 кастрычніка ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання правяло занальны семінар і адначасова спаборніцтва аратых, на якія былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя аграномы і інжынеры дзесяці гаспадарак.
Вось перад гэтай аўдыторыяй на полі сельгаспрадпрыемства "Пад'ельцы" начальнік райсельгасхарчу В.А. Бялько паставіў задачу працаваць больш эфектыўна. А гэта значыць берагчы тэхніку— яна каштуе дорага і павінна служыць доўга, праводзіць ворыва якасна, каб звесці ўсе наступныя аперацыі па падрыхтоўцы глебы да сяўбы да мінімуму. Адным словам, настаў час, калі жыць будзем так, як працуем.Праблемы эфектыўнасці ў час інструктажу дэталізаваў кіраўнік раслінаводчай галіны раёна, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу В.У. Гагалінскі. Ён падкрэсліў, што ўраджай на палях пачынае фарміравацца менавіта з ворыва.
І яшчэ раз нагадаў тэхналагічныя патрабаванні, звярнуў увагу на памылкі і недахопы, прычыны агрэхаў. Пазнаёміў з правіламі і арга-нізацыяй спаборніцтва. На гэты раз пераможцаў меркавалася вызначаць не па хуткасці ворыва, а па яго якасці. А тут асабліва важныя першыя прамыя барозны, задзелка іржышча, габністасць і іншыя паказчыкі.Пры праверцы камплектацыі счэпак трактараў з абаротнымі плугамі начальнік аддзела механізацыі райсельгасхарчу А.Д. Мышко з рулеткай у руках вымяраў шырыню каляі і іншыя параметры, тлумачыў іх важнасць пры транспарціроўцы і працы на полі. Пры гэтым кіраўнік і ўсе спецыялісты ўпраўлення неаднаразова вярталіся менавіта да правільнага развароту з абаротнымі плугамі. Гэта не выпадкова, бо пры выкананні такой нібы зусім простай аперацыі найчасцей ламаюцца плугі, губляецца час і парушаюцца ўмовы забеспячэння высокай якасці ворыва. Трэба адзначыць, што на занальныя спаборніцтвы прыбылі вопытныя аратыя пераважна на энерганасычаных трактарах "Беларус-3022" і "Беларус-1221" з абаротнымі плугамі. Усе маюць практыку апрацоўкі глебы.
Высокі клас работы "ў баразне" яны прадэманстравалі на загонах. Невыпадкова вызначыць пераможцаў аказалася не проста, давялося спецыялістам райсельгасгарчу ацэньваць вынікі працы кожнага зблізку, глядзець грабністасць і здаля. І вось вынікі: першае месца прысуджана механізатару ААТ "Пад'ельцы" Аляксею Іванавічу Арлоўскаму, другое—Андрэю Сцяпанавічу Ломашу з ВУПКУ "Міёрскі", трэцяе—Сяргею Пятровічу Урбановічу з ААТ "Наўгароды". Ім прагучалі шматлікія віншаванні, уручаны адпаведныя дыпломы і каштоўныя падарункі—наборы інструментаў. Але ўшанаванняў заслугоўвалі і многія іншыя. Вось таму назаву ўсіх, хто прыняў удзел ў першых занальных спаборніцтвах. Гэта яшчэ Уладзімір Іосі-фавіч Скавародка з "Пад'ельцаў", Ігар Багуслававіч Урбановіч з "Любінова", Аляксей Віктаравіч Мароз з "Павяцця", Генадзь Часлававіч Рачыцкі з "Мерыцы", Віктар Уладзіміравіч Шадурскі з "Узмёнскага краю", Анатоль Кірылавіч Шокель з "Чэрасаў" і Віктар Казіміравіч Рачыцкі з "Гвар-дзейскага". Менавіта ад іх залежыць і ураджай 2016 года.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.