Июньский сенокос

Июньский сенокос З-за сухога надвор'я, якое ўсталявалася ў першыя тыдні чэрвеня, адчуваецца недахоп вільгаці ў глебе, што адмоўна ўплывае на развіццё сельгаскультур, і гэта, зразумела, непакоіць вяскоўцаў. А вось для касьбы — стварыліся найлепшыя ўмовы. Да таго ж, і тэрміны іх уборкі цяпер самыя аптымальныя, а таму мясцовыя аграрыі шырокамаштабна разгарнулі работу на сенажацях. Скарыстаўшыся добрым надвор'ем, у большасці гаспадарак адразу рупліва ўзяліся за нарыхтоўку сена, якое з'яўляецца незаменным у рацыёне цялят, а калі ёсць дастатокыя яго запасы, то і каровы могуць паласавацца.

 

—Трава хутка сохне пад промнямі сонца на лёгкім ветрыку, акумулюючы летні водар, які і зімой, калі не дапускаць парушэнняў тэхналогіі нарыхтоўкі і захоўвання, будзе прыемна напамінаць пра чэрвеньскія гарачыя дні,—кажа намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Віктар Уладзіміравіч Гагалінскі, які штодзённа бывае на "калгасных" палетках, кантралюе ход корманарыхтоўкі, дапамагае ў вырашэнні ўзнікаючых праблем, выяўляе недахопы, якія не прыкмецілі аграномы сельгасарганізацый, сочыць за выпраўленнем сітуацыі.


Наколькі аператыўна сельгасвытворцы вядуць корманарыхтоўку? Якія стаяць перад імі задачы і ці ўдасца іх выканаць? Гэтыя пытанні адрасую галоўнаму аграному раёна.
—Віктар Уладзіміравіч, якія ўражанні, ці радуюць сёлета травы сваёй вышынёй і гушчынёй?
—Ёсць, на жаль, участкі, дзе трава не "дацягнулася" ў росце. Аднак ёсць і такія палеткі, гледзячы на якія, душа радуецца. Добра раскусцілася, напрыклад канюшына, якую дбайныя гаспадары пасеялі летась без парушэння тэхналогіі: ва ўстаноўленыя тэрміны, захоў-ваючы норму высеву… Не дарэмна ж мы штогод ставім перад сельгасарганізацыямі раёна задачу—у запланаваных аб'ёмах праводзіць залужэнне і перазалужэнне сенакосаў і пашаў, і хто гэтага патрабавання прытрымліваецца, той, як правіла, заўсёды з кармамі. Дарэчы, сёлета нам трэба да 15 ліпеня паспець завяршыць такую работу на 9100 гектарах. У шэрагу гаспадарак зменшылі плошчы пад кукурузай і рапсам, а таму мы замест раней запланаваных 7500 га мяркуем павя-лічыць плошчу пад травамі на 1600 га.


Прадукцыйнасць сенакосаў у параўнанні з мінулым годам сёлета ніжэйшая. Найбольш уплывовымі былі два адмоўныя фактары: па-першае, вясна выдалася сухой і халоднай, з-за чаго замарудзіўся рост траў; па-другое, з-за недастатковага фінансавання не змаглі закупіць дастаткова ўгнаенняў для іх падкормкі. Аднак нельга загадзя прагназаваць змяншэнне аб'ёмаў нарыхтоўкі зялёнай масы, бо, як я ўжо казаў, ёсць участкі, дзе шматгадовыя травы цешаць вока. Аднак сёння па нарыхтоўцы кармоў мы мінусуем да мінулагодняга: летась на гэтую дату гаспадаркі раёна мелі 10 550 тон кармавых адзінак, а сёлета толькі 7 803.
—Раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці корманарыхтоўкі і пра тых, хто працуе найбольш зладжана.


—Усяго нам трэба нарыхтаваць для грамадскага статка на зімоўку 2015-2016 гадоў каля 20 тысяч тон сена, больш за 120 тысяч сенажу і 109 788 тон сіласу, што павінна скласці 68 444 тоны кармавых адзінак, з іх 40 499 т к. адз. неабходна атрымаць з траў першага ўкосу. Пакладзены травы ў пракосы на 5971 гектары (42,7% да плана), з іх на 4535 га яны ўжо ўбраны. Завяршае касьбу ААТ "Міёрскі райаграсэрвіс"—план выкананы на 95,1%. Больш за 60% травастою пакладзена ў пракосы ў ААТ "Гвардзейскі", "Туркова". Зразумела, гэтыя сельгасарганізацыі не марудзяць і з уборкай іх правяленай масы. Прыемна адзначыць, што намнога лепш, чым летась, вядзецца нарыхтоўка сена, якога маем 1779 тон. Напрыклад, у ААТ Пад'ельцы" яго насушылі 270 тон (гэта лепшы паказчык па раёне). ААТ "Мікалаёўскі" мае 244 тоны каштоўнага корму, УП "Цітова"—223. А вось па закладцы сенажу значна адстаём ад леташніх паказчыкаў, яго ў траншэях і буртах пакуль толькі 24819 тон. Найбольш арганізавана працуюць на падборы з валкоў правяленай травы, яе здрабненні і трамбоўцы механізатары ААТ "Туркова", дзе ў траншэях ужо 2466 тон зялёнкі. Іх старанне зразумелае, бо ім трэба назапасіць 10 500 тон сенажу ў сувязі з тым, што на МТФ "Супорніца" каровы знаходзяцца на круглагадавым стойлавым утрыманні. Яшчэ большы план у ААТ "Міёрскі", дзе таксама ёсць ферма з даільнай залай і вельмі вялікі гурт БРЖ,—ім неабходна нарыхтаваць12 925 тон такога корму, назапасілі—2090 т. І ў ААТ "Мікалаёўскі" вялікі план—12 850 т, а створаны сённяшні запас складае 3077 тон. На жаль, па тэмпах корманарыхтоўкі мы адстаём ад графіка.


—На якія тэхналагічныя моманты трэба звяртаць увагу падчас закладкі сенажу і сіласу, якія найбольш папаўняюць зімовыя рацыёны жывёлы?
—Калі казаць пра тэхналогію, то я б хацеў звярнуць асаблівую ўвагу на захаванне аптымальных тэрмінаў касьбы, бо перарослыя травы даюць нізкапажыўную зялёную масу, багатую на клятчатку і вельмі бедную на карысныя рэчывы.
Другі не менш важны момант, дзе іншы раз выяўляюцца парушэнні—тэхналогія закладкі сенажу і сіласу. Важна вельмі акуратна раўнамерным тонкім слоем разраўноўваць масу, а не скідваць кучамі, бо такія бугры трактар не зможа належным чынам ўшчыльніць, зялёнка будзе перагравацца. Абавязкова трэба рэгулярна кантраляваць тэмпературу корму. Падчас дажджу работнікі павінны прыпыніць нарыхтоўку і часова ўкрыць траншэю плёнкай. Нельга забруджваць сянаж ці сілас зямлёй, трэба вымошчваць на пад'ездах дастаткова шырокую і доўгую пляцоўку з галінак ці саломы для ачысткі колаў трактараў, што прыяз-джаюць з поля. Каб ў перыяд захоўвання не дапусціць псавання корму, неабходна вельмі герметычна ўкрыць яго плёнкай. Калі праігнараваць хаця б адно з гэтых тэхналагічных патрабаванняў, то добрага сенажу не атрымаеш.


У шэрагу гаспадарак практыкуць закладку здробненай масы ў бурты. Гэта, канечне, не лепшы спосаб, але, калі аб'ектыўныя абставіны прымушаюць яго прымяняць, то трэба належным чынам не толькі ўшчыльняць і ўкрываць масу, але і з асаблівым стараннем прыціскаць яе пасля ўкрыцця і зверху, і з бакоў. Інакш можна загубіць да 30% назапашанага корму.
У раёне створаны тэхналагічныя групы ў складзе работнікаў райветстанцыі і спецыялістаў райсельгасхарчу, якія будуць уважліва кантраляваць якасць нарыхтоўваемага корму, складаць акты аб выніках праводзімых даследаванняў, і, калі яны выявяць парушэнні, кіраўнікі агранамічных служб і радавыя работнікі павінны неадкладана рэагаваць на заўвагі і выпраўляць дапушчаныя хібы.


Магчыма, хтосьці лічыць, што летам галоўнае зялёную масу "напіхаць" у траншэі і за работу атрымаць зарплату, а калі корм зімой акажацца няякасным, то няхай у жывёлаводаў і галава баліць. Такая пазіцыя—непрымальная і недаравальная. Кормазабеспячэнне—гэта падмурак жывёлагадоўлі, і менавіта малочная і мясная галіны даюць ільвіную долю грашовай выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, а гэта—падмурак эканомікі кожнай гаспадаркі. Чаму ўзнікаюць праблемы з выплатай заробку—на рахунках няма грошай. А адкуль ім узяцца, калі рэалізацыя жывёлагадоўчай прадукцыі мізэрная? Малако—у каровы на языку, і пры дрэннай якасці кармоў не варта чакаць росту надояў зімой. Вось таму яшчэ раз нагадваю механізатарам і ўсім, хто мае дачыненне да корманарыхтоўкі, у тым ліку і трактарыстам, якія вядуць догляд зерневых культур, пасеяных на корм жывёле, кукурузы і рапсу,—у сельгасвытворчасці ўсе павінны працаваць у адной звязцы.


Гутарыла Эліза БЛАЖЭВІЧ.
На здымку: В. У. Гагалінскі.
Фота Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.