У ААТ "Любінова" падчас вясенне-палявых работ накіруецца на палеткі ўся колавая тэхніка. Несумненна, спраў у механізатараў будзе шмат. Ужо цяпер большасць з іх дакладна ведаюць, на якіх участках давядзецца працаваць.
Як адзначае загадчык майстэрні Вітольд Пятровіч Катовіч, асаблівая адказнасць ляжа на кіроўцаў энерганасычаных "МТЗ-3022". І таму яны з асаблівым стараннем рыхтуюць "сталёвых коней" да пасяўной. На самай маладой па тэрмінах эксплуатацыі "трыццатцы" будзе працаваць Віталь Ланзер, які першым завяршыў рамонтныя работы. Хутка ён паставіць на лінейку гатоўнасці і шыроказахопны дыскатар. Андрэю Катовічу давялося сёлета "перабіраць" пярэдні мост у сваім энерганасычаным трактары. Дзякуючы падтрымцы калег па рабоце і інжынернай службы, якая своечасова прадставіла запчасткі, рамонт выканаў хутка. Цяпер даводзіць да ладу лушчыльнік. Аператыўна выправіў няспраўнасці хадавой часткі "МТЗ-3022" і Віктар Карповіч. Хаця яго трактар ужо шмат гадоў у рабоце, спецыялісты інжынернай службы не сумняваюцца, што ў гарачую пару тэхніка не падвядзе. А займецца Віктар сяйбой зерневых.
— Каб забяспечыць своечасовае і якаснае загортванне насення ў глебу, важна не толькі колавую тэхніку адрамантаваць, але і прычапны інвентар. За мной замацаваны АПП-6Д, прызначаны для апрацоўкі глебы з адначасовым пасевам зерневых ці зернебабовых культур, і выдатна падыходзіць для сяўбы на розных па механічным складзе глебах. Паўсферычныя дыскі агрэгата садзейнічаюць добрай апрацоўцы глебы, а пнеўматычная сеялка рэгулюе глыбіню загортвання насення. Але, каб прычапны агрэгат якасна выконваў усе функцыі, трэба загадзя выправіць няспраўнасці. І гэтую карпатлівую работу выканае Віктар Карповіч, — падкрэслівае загадчык майстэрні. — Галоўная замінка ў правядзенні рамонтных работ — недахоп дэталяў, на закупку якіх не хапае сродкаў, — канстатуюць механізатары, але не сумняваюцца, што пакуль паклічуць вясеннія палеткі, уся тэхніка будзе стаяць на лінейцы гатоўнасці. Эліза БЛАЖЭВІЧ. На здымку: у мехмайстэрні ААТ "Любінова" вядуць рамонтныя работы механізатары Віктар Карповіч, Віталь Ланзер і слесар Павел Молакаў. Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.