Механізатары сельгасарганізацый Міёршчыны, завяршыўшы сяўбу азімых, прыступілі да зяблевага ворыва. А найбольш за іншых апрацавалі глебы аратыя з ААТ "Узмёнскі край" — 210 гектараў. Як адзначае галоўны аграном таварыства Ганна Захараўна Барэйша, цяпер у гаспадарцы працуюць на полі два трактары — "МТЗ-1221" і "МТЗ-3022". Кіруюць энерганасычанай тэхнікай Уладзімір Дзмітрыевіч і Віктар Уладзіміравіч Шадурскія — бацька і сын. Малодшы з іх выехаў на палеткі на "Беларусе" з 8-корпусным абаротным плугам некалькі месяцаў назад, калі распачалася падрыхтоўка да сяўбы азімых . А Уладзімір Дзмітрыевіч прыступіў да ворыва значна пазней, бо працяглы час быў задзейнічаны на транспартыроўцы здробненай зялёнай массы, якую дастаўляў ад кормаўборачных камбайнаў да сянажных траншэй.
Хутка да іх далучацца яшчэ тры механізатары — Антон Мікодавіч Францкевіч, Віктар Пятровіч Шамёнак і Анатоль Уладзіміравіч Маляўка, якія цяпер ставяць на зімовае захоўванне замацаваную за імі кормаўборачную тэхніку.
Кіраўнік раслінаводчай галіны падкрэслівае, што вясной у гаспадарцы пад яравыя культуры адводзяць прыкладна 1500 гектараў. Вось гэтую плошчу і трэба восенню адпаведным чынам падрыхтаваць. Летась з даведзеным заданнем гаспадарка не справілася, бо і з палівам праблемы былі, і надвор'е выдалася сырым, дажджлівым, з-за чаго тэх-ніка не змагла працаваць на нізкіх участках. Таму часткова давялося весці ворыва вясной, а гэта — парушэнне тэхналогіі, што адмоўна сказваецца і на ўраджайнасці сельгаскультур. Сёлета перашкод для работы аратых пакуль няма: надвор'е стаіць сухое, ёсць і салярка для запраўкі трактараў. Галоўнае — не прамарудзіць, бо ў гаспадарцы землі цяжкія, гліністыя, а восеньскае надвор'е пераменлівае і рэдка бывае без дажджоў, якія могуць паставіць аратым падножку ў рабоце.