— Кожны год мы выкарыстоўваем толькі насенне самых высокіх рэпрадукцый, не стане выключэннем і сёлетні. Што да яго аб'ёмаў, то асноўны фонд зерневых і зернебабовых складае 3220 тон, страхавы — 1700, і ён, дарэчы, сёлета нам спатрэбіцца. Як сведчаць папярэднія кантрольныя праверкі стану азімых культур, на многіх участках расліны загінулі ў выніку моцных маразоў і адсутнасці снежнага покрыва.
Азімыя зерневыя ў гаспадарках раёна займаюць 11 600 гектараў — плошча немалая. А загінула каля 30-40% пасеваў. Больш дакладныя звесткі будуць, калі ўсталюецца стабільная плюсавая тэмпература.
Што датычыць перазімоўкі рапсу, то тут становішча яшчэ больш крытычнае — ён загінуў на 2300 гектарах, а гэта 100% ад засеянай плошчы. Давядзецца пашыраць клін пад яравым рапсам.
Пад неаслабным кантролем спецыялістаў райсельгасхарчу закуп насення кукурузы, якога трэба мець 175 тон, завезена — 60. Яго размеркавалі па ўсіх гаспадарках. Абласнымі службамі праведзены тэндар на закуп дадатковай колькасці насення, і, несумненна, да пачатку масавай сяўбы яго будуць мець усе сельгасвытворцы, бо ў кормавытворчасці гэтая культура з'яўляецца вельмі важнай.
Хутка распачнем пратручванне насення зерневых і зернебабовых. Для вядзення гэтай работы ўсе гаспадаркі маюць высокаэфектыўную тэхніку, выкарыстанне якой забяспечвае добрую якасць апрацоўкі зярнятак хімпрэпаратамі. За кожнай устаноўкай замацаваны адказныя работнікі, якія папярэдне абавязкова праходзяць медкамісію, інструктаж. Як правіла, у іх ліку не навічкі, а тыя, хто ўжо мае вопыт работы ля пратручвальнай тэхнікі, ведае як пра-вільна падрыхтаваць рабочы раствор.