13 сакавіка пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама І. В. Кузняцова і яго першага намесніка, начальніка райсельгасхарчу В. А. Бялько праведзены семінар-нарада з дырэктарамі, галоўнымі заатэхнікамі і ветурачамі гаспадарак, у першую чаргу па пытаннях развіцця жывёлагадоўлі. Выступілі намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі П. В. Пятроў, галоўны дзяржаўны ветэрынарны ўрач М. П. Масал, кіраўнік райплемстанцыі А. Б. Клубань. Яны падвялі вынікі работы па сваіх напрамках дзейнасці, вызначылі задачы на бліжэйшы перыяд.
Новыя асаблівасці правядзення падобных мерапрыемстваў вызначыў непасрэдна міністр сельскай гаспадакі і харчавання, які днём раней правёў абласны семінар-нараду, і запатрабаваў першачарговую ўвагу звяртаць не на справаздачы кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, а на іх вучобу, каб яны ў сваю чаргу маглі навучыць новым тэхналогіям падначаленых. Вось і на гэты раз аўдыторыя пазнаёмілася з лекцыямі па тэмах "Арганізацыйна-тэхналагічныя патрабаванні па вытворчасці малака на малочнатаварных фермах", "Сучасныя падыходы да арганізацыі паўнацэннага кармлення высокапрадукцыйных кароў", "Тэхналагічныя патрабаванні па вырошчванні рамонтнага маладняку", "Ацэнка кармавога стала".
Потым кіраўнікі і спецыялісты наведалі нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю малочнатаварны комплекс "Карпачова", каб на практыцы пазнаёміцца з укараненнем новых тэхналогій у жывёлагадоўлі.
Семінар быў выкарыстаны і для таго, каб правесці размову аб падрыхтоўцы да веснавых палявых работ. На мехдвары ААТ "Пад'ельцы" яго ўдзельнікам прадэманстравана на лінейцы гатоўнасці глебаапрацоўчая тэхніка, пасяўныя агрэгаты, толькі адзін з якіх яшчэ знаходзіцца ў майстэрні. А намеснік началь-ніка райсельгасхарчу В. У. Гагалінскі правёў інструктаж аб асаблівасцях выкарыстання машын па ўнясенні мінеральных угнаенняў, якія ў ліку першай тэхнікі ўключацца ў работу, пратручвання насення.
Не лішнім будзе заўважыць, што напярэдадні палявых работ спецыялісты райаграсэрвісу арганізавалі тэхабслугоўванне энерганасычаных трактароў "Беларус-3022".