На работу — до восхода солнца

На работу — до восхода солнца
Штодзень зранку, задоўга да ўсходу сонца спяшаецца  на МТФ "Галіеўшчына"  Валянціна Уладзіміраўна Апалька.

 

— Працуе яна аператарам па дарошчванні маладняку БРЖ, а па сумяшчальніцтве выконвае абавязкі загадчыцы фермы. Таму і прыходзіць у кароўнік раней, чым пачынаецца ранішняя дойка, — зазначае бухгалтар па жывёлагадоўлі ААТ "Любінова"  Марыя Аляксандраўна Усціновіч. — На МТФ два вытворчыя памяшканні. У адным стаяць цяляты, ля якіх  гаспадарыць сама Валянціна Уладзіміраўна. А ў другім размешчаны каровы малочныя  і на адкорме, якіх   выбракавалі з дойнага гурта з-за нізкай прадукцыйнасці.  У  калектыве, якім кіруе В. У. Апалька, работнікаў нямнога. Пагалоўе жывёлы таксама нешматлікае. Аднак турбот хапае, бо жанчына вельмі адказна адносіцца да сваіх абавязкаў і як загадчыца фермы, і  як даглядчыца малядняку БРЖ. Абедзве работы для яе аднолькава важныя.

 

Валянціна Уладзіміраўна строга кантралюе ўсе вытворчыя працэсы на ферме. Сочыць, каб своечасова і ў неабходным аб'ёме падвозчыкі дастаўлялі кармы для статка, каб у рацыёне малочных кароў былі канцэнтраты, аб'ём выдачы якіх дыферэнцыраваны ў залежнасці ад прадукцыйнасці . Дарэчы, на ферме трохразовае даенне — у такім рэжыме тут працуюць і летам, і зімой. Заўсёды на першым плане ў загадчыцы фермы пытанні забеспячэння высокай якасці малака, якое, дарэчы, рэалізуюць гатункам экстра.

 

Пасля адгрузкі сырадою на перапрацоўчае прадпрыемства Валянціна Уладзіміраўна спяшаецца ў цялятнік, дзе яе чакаюць "малышы". У памяшканні 7 клетак, у кожнай з якіх размешчана прыкладна па 20 цялятак.

— Каб абслужыць гурт у 140-150 галоў, патрэбна нямала высілкаў. Аднак у жанчыны праца спорыцца, бо ёй падстаўляе плячо муж Канстанцін Канстанцінавіч, які працуе на ферме падвозчыкам кармоў і штодзённа, справіўшыся са сваёй работай,  дапамагае жонцы абслугоўваць маладняк, — падкрэслівае М. А . Усціновіч.

 

Вопыт работы ў В. У. Апалька ў жывёлагадоўлі вялікі. Раней яна даіла кароў і, як і кожная даярка, выхаджвала нованароджаных цялят, атрыманых ад кароў сваёй групы. Тады і спазнала ўсе галоўныя сакрэты іх догляду. У 2008-ым годзе МТФ "Кублішчына" рэканструявалі. Адзін кароўнік перарабілі ў цялятнік і размясцілі ў ім маладняк на дарошчванні. Прапанавалі ў ім працаваць  Валянціне Уладзіміраўне. Жанчына лічыць, што ў яе прафесіі аснова — старанне, а найгалоўнейшае падспор'е — вопыт , які прыходзіць з гадамі. Паступова назапашваюцца веды,  якіх не атрымаеш праз рэкамендацыі спецыялістаў ці дапаможнікаў.

 

— Гэтыя навыкі і сакрэты даюць магчымасць прадухіліць захворванні маленькіх цялят, — кажа В. У. Апалька. — А здаровы маладняк не толькі радуе сваім  вясёлым норавам, але і добрымі прывагамі, якія з'яўляюцца галоўнымі крытэрыямі ацэнкі работы аператара.

 У групе Валянціны Уладзіміраўны кожнае цяля штодзённа прырастае больш чым на 700 грамаў. І такія прывагі ёй удаецца забяспечваць пастаянна. А таму яна штогод у ліку пераможцаў раённага спаборніцтва і яе запрашаюць на ўрачысты злёт перадавікоў, які праводзіцца напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Не быў выключэннем і 2013-ы — даглядчыцу маладняку ўзнагародзілі Ганаровай граматай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.

 

Цялятак у Галіеўшчыну дастаўляюць з МТФ "Волкаўшчына", "Дзянісы", "Новы Пагост", "Любінова", "Кацілава". І за кожнай новай групай маладняку Валянціна Уладзіміраўна сочыць з асаблівай увагай. Дапамагае малым прывыкнуць да новага месца. Пазбегнуць узнікнення ў "калектыве" інфекцыйных захворванняў дапамагаюць прафілактычныя прышчэпкі, якія робіць цялятам ветурач Тамара Генадзьеўна Рынцэвіч. А ў гэтай рабоце яе галоўны памочнік — даглядчыца маладняку. Каб жывёла больш камфортна сябе адчувала, В. У. Апалька клапоціцца пра своечасовую падсцілку стойлаў саломай, якая затым выдаляецца  з памяшкання трактарам.

 

Работа на ферме, хатняя гаспадарка, клопаты пра сям'ю—гэтым напоўнены кожны дзень жанчыны. А што да хобі, то на такія "вольнасці" ў яе проста не хапае часу.

 Жывуць Апалькі ў вёсцы Кублішчына ў прасторным доме са зручнасцямі, які вы-дзеліла ім дырэкцыя гаспадаркі — для маладой сям'і з дзецьмі гэта быў добры падарунак. Праляцела ўжо 7 гадоў як Апалькі справілі наваселле. Старэйшая дачка Алёна за гэты час закончыла школу і падалася за ведамі ў ВНУ — яна студэнтка першага курса Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта.

 

Цяпер галоўнай памочніцай у Валянціны Уладзіміраўны па хатніх справах малодшанькая дачушка Олечка. Хаця і ў яе зімой напружаны "рабочы" графік: большую палову дня займае вучоба ў школе, а калі вяртаецца з урокаў, то бярэцца за  дамашнія заданні. А вось калі наступаюць канікулы, тады ўжо можна не толькі дома пагаспадарыць, але і да мамы, таты на ферму збегаць, каб не толькі дапамагчы ў рабоце, але і паказытаць цялятак за вушкамі, пагладзіць вільготныя "носікі", а гэта нядрэнны метад рэлаксацыі пасля напружаных школьных урокаў.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

 

Фота К. БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.