Авторизация
 

Вучылася на агранома, а цягнула — на ферму

Училась на агронома, а тянуло — на ферму
Аператар машыннага даення сельгаспрадпрыемства "Павяцце" Вольга Мар'янаўна Ганчарова за сумленню працу і забеспячэнне высокіх вытворчых паказчыкаў адзначана Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

— Руплівая працаўніца, клапатлівая шматдзетная маці і любячая бабуля, — так характарызуюць яе калегі па працы.

 

21 студзеня  жанчына адзначае важную жыццёвую падзею — 50-годдзе, і з гэтай нагоды дырэкцыя гаспадаркі шчыра віншуе Вольгу Мар'янаўну і жадае ёй здароўя, дабрабыту, аптымізму.

Чарговая значымая падзея ў шматдзетнай сям'і Вольгі Мар'янаўны Ганчаровай з вёскі Рачнёва Павяцкага сельсавета адбылася мінулагодняй восенню — ажаніўся сярэдні сын Леанід, які працуе ў мясцовай гаспадарцы электрагазазваршчыкам.

 

— Другі сын Вольгі Мар'янаўны — Дзмітрый — аператар свінагадоўчага комплексу. Мае сям'ю, дваіх дзетак, — расказваюць работнікі бухгалтэрыі СУП "Павяцце". — Дачка Ірынка з дзвюма дачушкамі, адной з якіх няма і двух гадкоў, жыве ў Рачнёве пад адным дахам з матуляй: муж паехаў на заробкі ў Расію, а яна засталася ў бацькоўскім доме. Пры маці і самы малодшы Мікалай. Ён яшчэ вучыцца ў школе. Родныя мясціны пакінула толькі старэйшая Наташа, яна жыве і працуе ў Наваполацку, мае двое малых.

 

У Вольгі Мар'янаўны ўжо 6 унучак. Трэба заўважыць, што сям'я Ганчаровых папаўняецца толькі дзяўчынкамі. Жыццёвымі сонечнымі праменьчыкамі  сталі для яшчэ маладой бабулі Мілана, Карына, Насця, Вольга, Даша і Юля.

— А хто з унучачак бліжэй да сэрца?

— Ды ўсе! За кожную хвалююся і за кожную радуюся. За дарослых дзяцей заўсёды перажываю таксама, і за малодшанькага Мікалая. Як і кожнай матулі, хочацца, каб у іх сем'ях панавалі парадак і згода, каб усе былі здаровымі. А што да працы, то шчыра прызнаюся: калі ёсць столькі дзяцей і ўнукаў, якія жывуць побач, то, канешне, расслабляцца часу няма. І на ферме, куды штодзённа спяшаюся, работа крапатлівая. А працаваць абы як не магу. Як кажуць, калі ўзяўся за гуж, не кажы, што нядужы. Так вось і "вярчуся" ў паўсядзённых клопатах. Між тым, за плячыма ўжо не адзін дзясятак гадоў, і здароўе не такое, як было раней. А з Рачнёва да фермы каля чатырох кіламетраў: летам—на веласіпедзе, а зімой то галалёд, то снег ці бура, і трэба пешшу дабірацца. Даяркай я адпрацавала ўжо больш за 15 гадоў.

 

— Работа нялёгкая. А не думалі прафесію змяніць?

— Пасля таго як працаўладкавалася на ферму? Не, не думала і не хацела, бо сама ж сюды папрасілася! Мне падабаецца  даглядаць статак. Тут я на сваім месцы.

Жанчына  прыгадала, што пасля заканчэння васьмі класаў Павяцкай СШ паступіла вучыцца ў Лужаснянскі сельгастэхнікум, дзе амаль чатыры гады асвойвала спецыяльнасць агранома, але да гэтай прафесіі зусім душа не ляжала. Атрымаўшы дыплом, выйшла замуж. Паехала да мужа, які жыў і працаваў у адной з гаспадарак Віцебскага раёна. Там уладкавалася памочнікам брыгадзіра, бо работы па спецыяльнасці не было. Хутка ў маладой сям'і нарадзілася першая дачушка — Наташа. Было гэта ў 1984-ым. Напачатку няньчыцца з малой дапамагалі бацькі мужа. Але аднойчы гэтыя "паўнамоцтвы" перайшлі да таты і мамы Вольгі. Прыехалі ў Чурылава пагасціць, тут і засталіся. Дзядуля маленькай унучачкі, Мар'ян Іванавіч, тады яшчэ працаваў і мог бавіць час з ёй толькі позна вечарам. А вось бабуля, Рамуальда Іванаўна, узяла на сябе ўсе клопаты па доглядзе за малой. Вольга ж пайшла працаваць аператарам на свінагадоўчы комплекс "Павяцце".

 

— Рэалізавацца ў якасці агранома мне так і не давялося. Ды і не рупіла! — прыгадвае В. М. Ганчарова. — Адзін год на комплексе адпрацавала ля свінаматак. А ў 1986-ым зноў пайшла ў дэкрэтны водпуск — нарадзіўся Дзімачка. Тады мы ўжо жылі асобна ад бацькоў на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі ў Павяцці. Калі ж малы падрос, дырэктар мясцовай сярэдняй школы Фёдар Аляксандравіч Сівы папрасіў мяне часова папрацаваць у навучальнай установе тэхработнікам.

Жанчына адразу ж адгукнулася на гэтую прапанову, бо ад дому да школы было вельмі блізка. Зусім побач — дзіцячы садок, у які хадзілі яе дзеці Наташа і Дзіма.

 

Адпрацавала Вольга Мар'янаўна ў школе 11 гадоў. І ў гэтым прамежку часу паспела нарадзіць Лёніка — у 1989-ым і Ірынку — у 1990-ым. Павелічэнне сям'і патрабавала дадатковых матэрыяльных выдаткаў. Таму Вольга Мар'янаўна папрасіла дырэктара сельгаставарыства, на той час ім  быў Рыгор Мікалаевіч Міна, — прыняць яе на работу аператарам машыннага даення. Аднак жанчыне давялося пачакаць, пакуль з'явілася вакантнае месца на МТФ "Павяцце".  Некалькі месяцаў працавала на ферме падменнай—давала водпускі даяркам. Праца спорылася, бо была па душы і падабалася ёй з маленства. Маці Вольгі Мар'янаўны пэўны час працавала на МТФ "Александрова". На гэтай жа ферме даіла кароў і цёця — Ганна Іванаўна Сякацкая.

 

— Менавіта там закладваўся падмурак маёй сённяшняй выніковай працы, — усміхаецца В. М. Ганчарова. — Пасля школы не засталася на ферме толькі таму, што прафесія даяркі сярод моладзі не была прэстыжнай. Калі ў 1998-ым я працаўладкавалася на ферму, то ўжо, як кажуць, мела свой розум і рашэнне было ўзважаным.

Пасля працаўладкавання на МТФ Вольга Мар'янаўна напачатку замяніла даярак Зою Марозаву, а затым Наталлю Сасноўскую, якія пайшлі ў водпуск. А затым ёй прапанавалі набраць групу "пакрытых" цялушак, дачакацца іх цялення і раздаіць. Так і зрабіла.

 

Ад пяршачак Вольга Мар'янаўна дабівалася не толькі "тэхналагічнай паслухмянасці", але і высокіх надояў. І першае, і другое давалася настойлівай працай. Аднак з даручаным заданнем яна паспяхова справілася. Прыкмеціўшы руплівасць даяркі ў гэтай няпростай рабоце, адказнасць за забеспячэнне высокай прадукцыйнасці статка, яе і пазней неаднаразова ставілі на раздой пяршачак. Вось і ў 2012-2013-ым была на гэтым адказным участку.

 

— Адну групу раздоеных пяршачак перадала даяркам, тыя замянілі імі выбракаваных кароў. І адразу ж набрала цялушак, — расказвае жанчына. — Праца на раздоі ўскладнялася тым, што даводзілася адначасова працаваць на двух участках: на пашах раздойваць пяршачак і прывучаць іх да перасоўных даільных установак, і даглядаць у кароўніку новую групу цялушак перад цяленнем. Але паспявала.

 

Аператар машыннага даення параўнала цяперашнія ўмовы працы на ферме з тымі, якія былі два дзясяткі гадоў назад. Задаволена, што прымяненне новых тэхналогій аблегчыла працу ў зімова-стойлавы перыяд.  Ужо не выкарыстоўваюцца даільныя вёдры, у якіх даяркі "цягалі" малако з кароўніка ў малочны блок, а там уручную злівалі ў халадзільнік. Устаноўлены малакаправод і дзейнічае сістэма даення "закрытага тыпу". Не трэба, як гэта было раней, уручную раздаваць кармы і чысціць кармушкі, бо цяпер па праходах, якія пашырылі падчас рэканструкцыі кароўніка, рухаецца кормараздатчык і раскідвае здробненую сумесь уздоўж кармавога столу. Павялічыліся і валавыя надоі, бо ўзрасла  прадукцыйнасць статка.

 

— Цяпер жывёле ўдосталь хапае сенажу, сіласу. Намнога лепшая і іх якасць. Абавязкова выдаецца камбікорм, — кажа даярка. — І калектыў у нас добры. У большасці аператараў вялікі стаж работы. Калі я ўладкавалася на ферму, тут ужо рупліва працавалі Валянціна Анатольеўна Мілашэвіч, Наталля Уладзіміраўна Сасноўская. Пазней прыйшлі  Святлана Васільеўна Вармахоўская, Таццяна Анатольеўна Жынь, Наталля Раманаўна Сівая. Усе аператары дысцыплінаваныя.

 

Інспектар па кадрах сельгаспрадпрыемства Антаніна Тадэўшаўна Мутар у пацвярджэнне працавітасці і адказнасці Вольгі Мар'янаўны Ганчаровай зазначыла:

— Калі ў яе нарадзіўся меншы сын, а было гэта ў 2004-ым годзе, то яна была ў водпуску па доглядзе за малым толькі адзін год, хаця мела права знаходзіцца дома да дасягнення дзіцём трохгадовага ўзросту.

 

Чым тлумачыцца такое рашэнне? Вольга Мар'янаўна — чалавек вельмі адказны — і разумела, што яе часовае выбыццё з калектыву ўносіць адмоўныя карэкціроўкі ў яго работу. Ды і хацелася захаваць высокай прадукцыйнасць кароў сваёй группы — статак "не любіць чужых рук".

— Мяркуеце набраць новую групу нецяляў для раздою?

— Не, гэта апошняя падрыхтаваная мной група пяршачак, якую цяпер сама і даіць буду аж да выхаду на пенсію, а да яе як рукой падаць.

 

Якую ацэнку рабоце аператара машыннага даення дае дырэкцыя СУП "Павяцце"? Найлепшым адказам на гэтае пытанне з'яўляецца нядаўняе ўзнагароджанне В. М. Ганчаровай Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

— У нашым сельгаспрадпрыемстве шмат працавітых работнікаў. У ліку іх і Вольга Мар'янаўна. Яе вопыт і старанне даюць канкрэтныя працоўныя вынікі,—падкрэслівае дырэктар СУП "Павяцце" Леў Іосіфавіч Крук. — І хочацца, каб такія людзі затрымліваліся ў сельгасвытворчасці як мага даўжэй.

 

На здымку: аператар машыннага даення СУП "Павяцце" В. М. Ганчарова у дарозе на працу.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

 

Фота К. БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 сентября 2021
Александр, Алексей, Василий, Григорий, Дмитрий, Захар, Иосиф, Никита, Сергей, Анна, Афанасий

Именины 21 сентября 2021
Георгий, Иван, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта