Стараемся сами, шефы помогают

 Стараемся сами, шефы помогают
У 62 населеных пунктах Міёрскага сельсавета жыве 2215 чалавек, у тым ліку 326 дзяцей, 1227 працаздольных і 762 пенсіянеры. У Дворным Сяле, Пад'ельцах і Чэрасах больш чым па сотні жыхароў, у 27 вёсках крыху менш насельнікаў, астатнія зусім невялікія. Дапамагаюць сяльчанам вырашаць мясцовыя праблемы 16 старэйшын.

 

Старшыня Міёрскага сельскага Савета Галіна Васільеўна Шынкевіч сведчыць:

 

— Штогод распрацоўваем мерапрыемствы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, вытворчых і сацыяльна-бытавых аб'ектаў. На іх ажыццяўленне накіраваны конкурсы на лепшыя сядзібы ў аграгарадках і іншых населеных пунктах, лепшага старэйшыну. Ход гэтай работы аналізуем на пасяджэннях сельвыканкама і сесіях сельскага Савета. А вынікі падводзім да 3 ліпеня—свята вызвалення, і ў верасні. Сёлета ўжо ўстаноўлена 108 метраў новай агароджы, 677 м старой адрамантавана і 712 — убрана. Пасаджана 30 дрэў, 40 кустоў, каля 6,5 мільёна кветак.

З удзелам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзяржпажнагляду, участковага і старэйшын праверана 946 домаўладанняў, 43 гаспадарам выдадзены прадпісанні.

 

Работнікі ААТ "Чэрасы" зрабілі клумбы і пасадзілі кветкі ля дзіцячага садка, абкошвалі аграгарадок, адрамантавалі фасад адміністрацыйнага будынка, абсталявалі гульнявую і спартыўную пляцоўкі, займаліся агароджамі на вуліцах Маладзёжнай і Азёрнай, даводзілі да ладу абеліск у Старых Круках, магілу партызана Мілуна ў Пацеенках, мост да пахаванняў у Казлах, вывозілі смецце. Такая ж работа праводзілася ў Пад'ельцах, Канахах, Пестунах, Свярдлах сіламі ААТ "Пад'ельцы". Ільнозаводаўцы прыбралі тэрыторыю ля клуба і бібліятэкі ў Дворным Сяле і вывезлі смецце, касілі баршчэўнік ля дарогі да гэтай вёскі. Дарожнікі ЛДД-34 даглядалі брацкую магілу ў Масеўцах, мясакамбінатаўцы высякалі хмызнякі, садзілі дрэвы і вывозілі смецце з Чэрасаў. Работнікі гэтых калектываў, а яшчэ ЦРБ, "Беларусбанка", Міёрскага лясніцтва, РЦГЭ, райвыканкама, раённага вузла паштовай сувязі, райаграсэрвісу касілі, вывозілі смецце, выконвалі іншыя работы па навядзенні парадку.

 

УП ЖКГ рамантавала дарогі ў Новым Сяле і Якубаўшчыне. Вуліца Садовая ў Пад'ельцах падсыпана сіламі гаспадаркі. Яшчэ ў большых аб'ёмах займалася гэтым ДРБУ-203, хаця трэба выконваць такія работы ў Пестунах, Канахах, Свярдлах.

Актыўна займаецца навядзеннем парадку не толькі на сваёй тэрыторыі Дварнасельская школа. Яе клопат — малыя архітэктурныя формы, абеліскі і воінскія пахаванні, гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, бібліятэкі, ФАПы, магазіны.

 

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 21 могілкі. На іх старэйшыны арганізавалі суботнікі, агароджы ўстаноўлены ў Пацеенках, Цілеўцах, Старых Круках, Вялікай Кавалеўшчыне, зрэзаны небяспечныя дрэвы ў Вялікай Кавалеўшчыне, Сілаве, Грэцкіх, Свярдлах, Старых Круках. Работы па агароджванні за кошт самаабкладання будуць працягвацца ў Якубаўшчыне. Паўсямесна з хмызнякамі змагаліся шэфы.

У населеных пунктах сельсавета знесена 78 старых будынкаў, але апошнім часам тэмпы гэтай работы зменшыліся, таму такіх пабудоў яшчэ нямала, сёлета разабралі толькі адзін у Чэрасах.

 

А вось якімі клопатамі жыве бібліятэкар і старэйшына Валянціна Мікалаеўна Пальчэўская:

 

— Я з'яўляюся старэйшынай вёсак Старыя і Новыя Крукі, Малая Кавалеўшчына, а гэта 109 двароў. З іх у лютым у якасці самаабкладання на добраўпарадкаванне сабрала 1280 тыс. рублёў. З красавіка па верасень пяць разоў праводзіла падворныя абходы, падрыхтавала 4 прадпісанні. На іх вяскоўцы адрэагавалі даволі хутка, выправілі ўсе недахопы. Наведваючы падвор'і, пераканалася, што іх гаспадары спарадкавалі дровы, скасілі траву, прыбралі смецце, пасадзілі кветкі. Асабліва адзначу Валянціну Францаўну Варонька — пенсіянерку і мнагадзетную маці (нарадзіла і вырасціла шасцярых), якая літаральна ўсё ўмее рабіць уласнымі рукамі. І робіць: адрамантавала печ, забетаніравала прыступкі ля дома, абнавіла фасад хаты, давяла да ладу калодзеж, агароджу, туалет, пасадзіла безліч кветак. Цяпер у яе ўсюды парадак і чысціня.

 

Сёлета на могілках у Старых Круках двойчы правялі суботнікі, масавасць іх з кожным годам павялічваецца. Абкасілі траву, выразалі хмызнякі, спілавалі небяспечныя дрэвы, прыбралі пахаванні, устанавілі дошку аб'яў з правіламі паводзін ля магілак, завозілі пясок для добраўпарадкавання. У гэтых справах вельмі дапамагло Міёрскае лясніцтва — наш шэф. Два леснікі працавалі з пілой і трымерам.

Для адвозкі смецця транспарт выдзяляе ААТ "Чэрасы".

 

У Старых Круках за помнікам землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, шэфствуюць вучні Дварнасельскай СШ  пад кіраўніцтвам мясцовай настаўніцы Маі Мікалаеўны Зазновай. Тут заўсёды парадак. А напярэдадні Дня Перамогі дзеці наведалі ўсіх ветэранаў, павіншавалі іх з надыходзячым святам.

Пачынаецца падрыхтоўка да юбілейнай даты Перамогі. Хацелася б у гэтай сувязі абнавіць і сам помнік воінам-землякам, і лепш аформіць тэрыторыю ля яго. Патрэбны новая агароджа, тратуарная плітка для дарожкі. Мяркую, што і гэта вырашыцца.

 

Як старэйшына я падтрымліваю сувязь з Міёрскім сельвыканкамам, удзельнічаю ў яго пасяджэннях, сесіях сельскага Савета. Штоквартальна мы падводзім вынікі сваёй работы. Маем дачыненні і да раённых мерапрыемстваў. А нядаўна старшыня сельскага Савета Г. В. Шынкевіч арганізавала для нас цікавую экскурсію ў Полацк.

 

Заключэнне

 

Нядаўна на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў разгледжана пытанне аб сумеснай рабоце Міёрскага сельскага Савета, дэпутатаў і старэйшын па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і могілкаў. Сярод вызначаных задач найважнейшая — абавязковае выкананне распрацаваных на сёлета мерапрыемстваў; развіццё актыўнасці дэпутатаў, старэйшын, усяго насельніцтва; знос старых невыкарыстоўваемых будынкаў і пабудоў; каардынацыя работы шэфаў; арганізацыя суботнікаў; удасканаленне правядзення аглядаў-конкурсаў на лепшую вёску, сядзібу, двор і інш.; рацыянальнае выкарыстанне зямлі і дапамога вяскоўцам у яе апрацоўцы; прапаганда станоўчага вопыту.

 

У час наведвання аб'ектаў добраўпарадкавання адзначаны новыя моманты: аказанне паслуг насельніцтву ў доглядзе за пахаваннямі, удзел сельскіх прадпрымальнікаў у фінансаванні закупу матэрыялаў, пашырэнне намінацый раённых аглядаў-конкурсаў, у якіх могуць праявіць сваю ініцыятыву мясцовыя органы ўлады, старэйшыны і насельніцтва.

Застаецца толькі больш актыўна працаваць.

 

Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.