Удзельнік “Дажынак”: “Калі справа па душы…”

Удзельнік “Дажынак”: “Калі справа па душы…” У рэспубліканскіх “Дажынках” у Лідзе ўдзельнічаў вадзіцель сельгаскааператыва “Узмёнскі” Уладзімір Вітальевіч Сахонька, які за час жніва на машыне МАЗ-555 перавёз амаль 2500 тон збожжа. Заняў трэцяе месца. Прэміраваны каляровым тэлевізарам.

—На машынным двары сельгаскааператыва застаць яго можна толькі з раніцы, штодзень ён у рэйсах. Асабліва напружана працуе летам, калі жніво: і ад камбайнаў зерне на сушылку адвозіць, і на перапрацоўчыя прадпрыемствы ў Полацк, Віцебск, Глыбокае яго дастаўляе. Гэты шафёр заслужыў сваёй працай пашану, павагу. Дзякуй і раённай газеце за праяўленую ўвагу да нашага работніка. Прыемна, калі ў газеце адзначаюць землякоў. Дарэчы, і ў “Народным слове” пра яго ўжо таксама пісалі. Добры ён работнік і сем’янін,—дзялілася меркаваннямі дыспетчар гаспадаркі Юлія Васільеўна Шадурская.—Безадказны ў рабоце, ураўнаважаны, уважлівы да іншых, таварысцкі. Механізатары сельгаскааператыва лічаць, што пахвала і ўшанаванне з нагоды працоўнай перамогі радуюць вадзіцеля, але перад іншымі не фанабэрыцца, бо не з тых, хто нос задзірае. Ён—сціплы вясковы работнік. Маці Уладзіміра Вітальевіча, Валянціна Аляксандраўна, шмат гадоў адпрацавала ў гаспадарцы цялятніцай, даяркай, цяпер на заслужаным адпачынку, а бацька Віталь Цярэнцьевіч быў вопытным вадзіцелем, трактарыстам. Застаўся ў родных мясцінах і іх сын. Закончыў Гарадоцкі сельгастэхнікум, атрымаў спецыяльнасць электрыка, абавязкі якога і выконваў пэўны час у мясцовым СВК. Але не ляжала душа да гэтай справы, а таму з пасады галоўнага энергетыка падаўся вучыцца ў Боркавічы на шафёра. Праз пяць месяцаў, калі паспяхова здаў тэарэтычныя і практычныя экзамены, ужо меў пасведчанне вадзіцеля. Праўленне гаспадаркі даверыла машыну. Шмат карысных парад па яе рамонту і абслугоўванню атрымаў ад бацькі, які добра ведаў тэхніку. Уладзімір Вітальевіч нярэдка прыгадвае, як будучы яшчэ малым дзіцём разам з ім ездзіў на працу, і як яго пазней бацька вучыў беражліва абыходзіцца з тэхнікай. На жаль, некалькі гадоў назад ён памёр з-за цяжкай невылечнай хваробы, і ўжо няма добрага дарадцы.

У. В. Сахонька кажа, што талковая падказка для маладога вадзіцеля, як добрая знаходка. А таму і сам ахвотна дзеліцца ўменнем з маладымі кіроўцамі.

Удзел у “Дажынках” вадзіцель расцэньвае як дадатковы стымул у рабоце, і лічыць, што на рэспубліканскае свята ён трапіў не толькі дзякуючы асабістаму старанню. Вынікі яго работы напрамую залежаць ад старання і тых, хто кіраваў уборачнай тэхнікай, і тых, хто вырошчваў збажыну. Задаволены працоўнай перамогай вадзіцеля старшыня гаспадаркі Анатоль Мікалаевіч Матэленак.

—Мяне, канешне ж, радуе, што ёсць у гаспадарцы хлебаробы, якія вельмі адказна ставяцца да работы, якіх не трэба кантраляваць і панукаць, у ліку такіх і Уладзімір Вітальевіч Сахонька. Дзякуй яму за працу.

На здымку: У. В. Сахонька.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.