Счастья вам, жители!

На вуліцы Камсамольская, што ў аграгарадку Язна, адбылася падзея, якую чакалі даўно. Здаецца і вуліца невялікая, але ж людзі жывуць на ёй цікавыя, незвычайныя. Аб іх і ішла гаворка.

 

Вядучыя  Л.Г. Бервячонак і Л.Э. Карпава пачалі свята з гістарычных штрыхоў. У 70-ыя гады, з развіццём меліярацыі, узнікла ў вёсцы неабходнасць узвядзення жылля для працаўнікоў. Так і пачала забудоўвацца новая вуліца. Спачатку афіцыйнай назвы яна не мела, а ў народзе яе клікалі "правительственной", бо на ёй жылі начальнік БМУ — І. К. Дубоўскі, галоўны інжынер, галоўны бухгалтар, партарг. Вуліца будавалася, а назвы не было. Тады В. А. Храмцова прапанавала назваць вуліцу Камсамольскай. Як памятаюць мясцовыя жыхары пра надзённыя праблемы, жанчына гэта была вельмі вясёлая, у сталым узросце складала сама прыпеўкі і спявала на канцэртах, а пра сябе гаварыла "я — камсамолка". У той час на вуліцы жылі маладыя сем'і: энергічныя, актыўныя, таму прапанову падтрымалі.

 

Для насельнікаў Камсамольскай Р. Налівайка выканала песню пра вёсачку. Расповед пра жыхароў вуліцы вядучыя пачалі з сям'і Т. А. Касатай і І. М. Шыкула, бо  мерапрыемства праходзіла непасрэдна на прыгожым, квітнеючым панадворку гэтых гаспадароў.

Тамара Аляксандраўна ў мінулым настаўніца, зараз на пенсіі, але ж спраў у яе цяпер больш, чым раней, бо, як спяваецца ў песні "не пустуе яе хата", а гасцінная. Сустракае з радасцю не толькі дзяцей, — а іх у яе трое — але і сваякоў, аднакласнікаў і турыстаў. Едуць госці да яе з усяго свету, бо ў хаце вельмі ўтульна і прысмакі ў гаспадыні адмысловыя. Яшчэ яна майстар на ўсе рукі: з саломкі, паперы вырабляе розныя дзівосы, вяжа прыгожыя рэчы. Дапамагае ў многім ёй  муж Іван Мітрафанавіч, ён жа дырэктар у Язненскай школе, а ў вольны час кіруе па гаспадарцы.Прыгожа на панадворку і ў іх суседзяў — Пятра Баляслававіча і Ларысы Цімафееўны Радзюкоў. Гаспадыня таксама раней працавала ў школе, дзе карысталася павагай у калег і вучняў, цяпер на пенсіі, любіць і даглядае кветкі. Пётр Баляслававіч — начальнік ПМС. Працоўны шлях звязаў з меліярацыяй, пачынаў прарабам, быў начальнікам ПТО, галоўным інжынерам. 32 гады сям'я жыве на Камсамольскай вуліцы, вырасцілі сына і дачку, маюць пяцёра ўнукаў.

 

Добра жывуць па суседству Ада Канстанцінаўна Шчарбіцкая і Ганна Дзмітрыеўна з мужам Мікалаем Пятровічам Шчарбіцкія. Маючы аднолькавыя прозвішчы, жанчыны вельмі падобныя, як сёстры, не дзіўна, бо жывуць па суседству 40 гадоў!

Ада Канстанцінаўна з дзяцінства працуе. Была занята ў калгасе, садку і ў бальніцы. Выгадавала дзвюх дачок, мае столькі ж унучак. Ганна Дзмітрыеўна з Мікалаем Пятровічам 46 год разам. Яна пасля заканчэння курсаў прадаўца ў Міёрах прыехала працаваць у Язна, тут і сустрэла свайго нарачонага. Мікалай Пятровіч мясцовы "кулібін", ён яшчэ з дзяцінства цікавіўся тэхнікай. 42 гады адпрацаваў у ПМС, там жа шчыравала і жонка. Вырасцілі дачку, цешацца ўнукамі.

 

"Старажылам" на вуліцы можна лічыць Л. І. Ермаковіч, жанчына шмат працавала, перанесла шмат выпрабаванняў лёсу, а зараз на пенсіі, дружна жыве з суседзямі, якія  часта звяртаюцца да яе за мудрай парадай.

Вядучыя адрасавалі віншаванні жыхарам вуліцы: А. Л. Шаблоўскаму, А. Ф. Фурсу, У. К. Максімовічу.

 

В. А. Сачыўка — шматдзетная маці, нарадзіла і вырасціла чатырох сыноў і дачку. Віншаванні прымаў яе сын Сяргей, які папрасіў выканаць для маці песню "Мама". Кожны ўспомніў пра сваё і многія жанчыны вельмі расчуліліся.

Я. Д. Калягін жыве ў Расіі, але кожнае лета прыязджае на малую Радзіму. Ён дзяліўся сваімі ўспамінамі.

 

Узгадала былое і Н.Н. Міхненак, яны з мужам засяліліся ў новыя дамы ў 80-х гадах: "Гэта нешта было страшнае, навокал гліна, разбітая цэгла, ваду насілі з возера, але ўсё перажылі, бо былі маладыя і руплівыя." Па спецыяльнасці Ніна Мікалаеўна—кранаўшчык, аднак 29 год  адпрацавала ў школе .

 

Віншаванне атрымала вялікая сям'я Юршэвічаў: старэйшае пакаленне Анатоль Іванавіч і Таццяна Саваўна, і іх  сыны Яўген і Дзмітрый, нявесткі Сняжана і Іна. Таццяна з Анатолем пазнаёмілася на Язненскім фэсце, калі прыязджала да сяброўкі. Потым сустракаліся, перапісваліся, пажаніліся і з'ехалі ў Латвію, але вярнуліся на радзіму Анатоля, сыны выраслі тут. Цяпер стварылі свае сем'і і жывуць разам на адной вуліцы.

 

Яшчэ адна маладая сям'я — Дзяніс Кірык і Алеся Бурэц. Хлопец жыве тут з маленства. Нарадзіліся  Дзяніс і Алеся ў 1983 годзе і сёлета яны юбіляры.

На свяце шмат нумароў прагучала ў выкананні мясцовага народнага фальклорнага гурта "Язынка". Ад імя жыхароў вуліцы П. Б. Радзюк падзякаваў артыстам. Доўга не сціхалі  смех, гаворка, песні. Дабра і шчасця вам, жыхары вуліцы Камсамольскай!

 

Вольга АЛЕКСАНДРОЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.