Из дома в дом

Вёска Сабалеўшчына нічым асаблівым сярод суседніх паселішчаў не вызначылася, не адзначана ў гістарычных дакументах, невядома нават паходжанне яе назвы. Хаця тут заўсёды жылі і жывуць працавітыя людзі. З пачаткам калектывізацыі ўсе тры дзясяткі двароў уступілі ў калгас імя Дзяржынскага, у склад якога яшчэ ўвайшлі тады Пустошка, Рамелеўшчына, Гуркі. Першым старшынёй быў абраны Вікенцій Станіслававіч Маркевіч, які перадаў паўнамоцтвы Апанасу Іванавічу Сухоўскаму, калі калектыўная гаспадарка пашырылася на Аўсянку і Снегі. Потым некалькі дробных калгасаў аб'ядналіся ў буйную — "Рассвет". Сабалеўшчына тады стала брыгадай, якой доўга кіраваў А. І. Сухоўскі, пазней — Генадзь Міхайлавіч Лапкоўскі. Тут размяшчаліся магазін, пачатковая школа, дзе дзяцей вучыла Валянціна Сяргееўна Марцінкевіч.

 

Нямала тутэйшых вяскоўцаў змагаліся з ворагам, франтавымі дарогамі прайшлі Антон Сцяпанавіч Янушкевіч, Пётр Іванавіч Марцінкевіч, Антон Канстанцінавіч Гром, Браніслаў Іосіфавіч Федаровіч, Пётр Васільевіч Масленікаў, Ніканор Канстанцінавіч Сільмановіч. І пакінулі добрую памяць на роднай ніве, як і дзясяткі іншых землякоў.

 

Жыццё працягвалася ў дзецях. Толькі ў адной сям'і Федаровічаў іх было 8, у Надзеі і Пятра Марцінкевічаў — 7, Браніславы і Канстанціна Цыцыных — 6, Ядвігі і Піліпа Александровічаў, Валянціны і Мар'яна Марцінкевічаў, Ніны і Альбіна Маркевічаў — па 4. Усе выраслі вартымі людзьмі, уладкаваліся ў жыцці, хаця многія і разляцеліся па свеце. А сярод тых, хто застаўся, старэйшая Станіслава Юльянаўна Маркевіч. Працавала ў калгасе, вырасціла пяцярых дзяцей, мае восем унукаў і ўжо столькі ж праўнукаў. На свяце вёскі, якое адбылося 4 жніўня, яе ўшаноўвалі першай са шматлікімі пажаданнямі, падарункам і песняй "Цячэ ручай" у выкананні жаночай вакальнай групы.

 

У суседнім двары таксама жывуць цудоўныя людзі. Марыя Фёдараўна Маркевіч была тэхработніцай на Волкаўшчынскім комплексна-прыёмным пункце бытавога абслугоўвання. Ганарыцца трыма ўнукамі і двума праўнукамі. Яе дачка Аліна  працавала на заводзе ў Клётавым Двары, у Волкаўшчынскай базавай школе, але іх закрылі, цяпер на яе плячах дамашняя гаспадарка, сядзіба, агарод, кветкі, усё дагледжанае і прыгожае.

 

У наступнай хаце калісь жылі Пётр Дзмітрыевіч і Ніна Міхайлаўна Гром. Цяпер у бацькоўскі дом вярнуўся іх сын Генадзь, які працяглы час знаходзіўся ў Прыбалтыцы. Сказалася прыцягненне родных мясцін. І не толькі для Генадзя Пятровіча. Доўга жыла ў Латвіі Ірына Іванаўна Балжэнка. Пасля развалу Саюза вярнулася, працоўны шлях закончыла калгасніцай у "Рассвете". Потым доўга даглядала маці — мудрую і акуратную жанчыну, якая рана засталася ўдавой, адна паставіла на ногі дваіх дзяцей. Да яе штогод прыязджала другая дачка Людміла з далёкага Нальчыка. І сёлета — не выключэнне.

 

Менавіта Ірына Іванаўна прыняла ў свой двор вясковае свята. А дапамаглі яго зрабіць цікавым і вясёлым удзельнікі мастацкай самадзейнасці Наталля Рудзь, Алёна Гедравец, Генадзь Галіяд. Фінансавую падтрымку аказала ААТ "Любінова", за што шчырая падзяка дырэктару Васілю Рыгоравічу Яфімаву.

 

Таццяна КАЗЛОЎСКАЯ,

загадчыца Волкаўшчынскай бібліятэкі-клуба.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.