Авторизация
 

Гарачы подых хлебнай нівы

Горячее дыхание хлебной нивы
Яшчэ ў пачатку гэтага месяца, 3-га жніўня, ААТ "Мікалаёўскі" выканаў дзяржзаказ па рэалізацыі харчовага збожжа азімай пшаніцы, адправіўшы з элеватара на хлебапрыёмны пункт 670 тон.
На чарзе — продаж піваваранага ячменю. Але гэтыя зерняткі яшчэ не даспелі і за іх абмалот не браліся.

 

Збожжаўборачная тэхніка цяпер сканцэнтравана на азімым кліне: напачатку абмалацілі рапс, цяпер убіраюць пшаніцу. 6 жніўня давялося паназіраць за работай камбайнаў ва ўрочышчы Фралова. Поле — шматгектарнае і па ім, як чаўнакі па прадзіве, хутка рухаюцца камбайны, пакідаючы за сабой доўгія палосы саломы. Нахіляецца пад жняяркамі камбайнаў калоссе і, мінаючы розныя механізмы, ачышчаныя зярняткі трапляюць у бункеры.

Горячее дыхание хлебной нивы
Працуюць 8 камбайнаў. Прыкладна столькі ж, а можа і больш, тэхнікі на адвозцы — падлічыць яе цяжка, бо гружаныя трактары і машыны, прыняўшы каштоўны груз, накіроўваюцца на зернесушылку, а на поле вяртаецца іншы транспарт з ужо апарожненымі кузавамі і прычэпамі. Рух вельмі актыўны. Зверху прыпякае сонца, але яшчэ большы прыпар ад імклівай работы. Камбайнеры працуюць без памочнікаў, а таму не расслабляюцца ні на хвілінку. Прыпыняюцца толькі каб разгрузіць бункеры.

 

У гаспадарцы шмат новых камбайнаў "КЗС-12 18" з шыроказахопнымі жняяркамі. Аднак і старэйшыя "КЗС-10" у тэмпе ад іх не адстаюць. Звяртаецца ўвага на якасць абмалоту. За гэтым сочыць аграном Міхаіл Эдуардавіч Атміновіч. А "дапамагаюць" яму…буслы: птахі доўгімі крокамі паважна вымяраюць свежазжатыя палеткі і іх не палохае ні тэхніка, ні людзі — кожны заняты сваёй важнай справай.

 

— Нам засталося абмалаціць каля 400 гектараў азімай пшаніцы, а ўсяго яна займала без малога 1300 га. За пару дзён завяршым уборку азімых. Аднак са збожжавай групы нам неабходна яшчэ будзе ўбраць 853 гектары ячменю і 193 — зернебабовых, — зазначае кіраўнік раслінаводчай галіны і нахіляецца над іржэўнікам, бярэ ў рукі некалькі абмалочаных  каласкоў, цярэбіць іх і, пераканаўшыся, што ў іх не засталося зярнятак, прадаўжае размову. — На гэтым участку ўраджайнасць зусім нізкая.  Занадта доўга азіміна была вясной пад снегам. А затым поле заняла вада — разлілася Заходняя Дзвіна. У ліпені збожжавыя прыпыніліся ў развіцці з-за спёкі і зярняткі не набралі вагі. Сёлета з-за неспрыяльных умоў развіцця раслін мы не атрымаем запланаванага ўраджаю і на большасці іншых участкаў. У сярэднім кожны гектар дае каля 20 цэнтнераў пшаніцы, а ў мінулым годзе па ААТ "Сіцькова" (там я да аб'яднання гаспадарак узначальваў раслінаводчую галіну) мелі па 30 ц/га.

 

Горячее дыхание хлебной нивы
Другі вельмі важны аб'ект гаспадаркі — зернесушыльны комплекс ЗСК-30Ш "МОЖА", які тры гады назад устаноўлены ў Сіцькове. Тут таксама кіпіць работа. Адметна, што нідзе ў буртах не ляжыць зерне, хаця яго актыўна выгружаюць машыны.

— Усё збожжа адразу накіроўваецца ў сушылку, якая, дарэчы, можа прыняць да 80 тон, а за суткі высушваем 300-500. Аб'ёмы перапрацоўкі залежаць ад вільготнасці збожжа, якая цяпер каля 20%, а ў сырое надвор'е бывае і 26-30%. Абсталяванне можа працаваць на цвёрдым і вадкім паліве, але ў асноўным выкарыстоўваем дровы, — зазначае галоўны энергетык сельгаставарыства Валерый Пятровіч Мядзелец, яго засталі ля зернесушыльнага комплексу за рамонтам абсталявання. Інжынер негатыўна выказаўся пра выкарыстанне ў якасці паліва струхнелых дошак і бярвенняў, якія дастаўляюць з ферм пасля рамонту. На яго думку, гэтыя адходы не даюць падчас гарэння высокай тэмпературы, якая патрэбна пры значнай пераўвільготненасці зерня. Не было б праблемы, калі б ЗСК-30Ш мела дзве печы на цвёрдым паліве, але такое тут не прадугледжана. Калі збожжа паступае "сырым", даводзіцца для яго прасушкі падключаць печ на вадкім паліве, а яно вельмі дарагое.

 

Горячее дыхание хлебной нивы
Са шкадаваннем Валерый Пятровіч адзначаў, што летась закончыліся гарантыйныя тэрміны на рамонт ЗСК-30Ш. Цяпер пры няспраўнасцях даводзіцца звяртацца за дапамогай у райаграсэрвіс ці самім рамантаваць, а не ўсё атрымліваецца.

— Вось стаю з дакументацыяй і чэрпаю ў ёй неабходную інфармацыю, бо раней мне не даводзілася абслугоўваць такое сушыльнае абсталяванне, дзе ўсё грунтуецца на электроніцы, якая і "закапрызнічала". Спрабую разабрацца, — кажа энергетык.— У Дзенісове ў нас таксама ёсць сушылка, якая працуе на дровах. Яна старая і менш прадукцыйная, затое ў абслугоўванні намнога прасцейшая.

 

У цэлым па сельгаставарыстве за суткі высушваюць да 500 тон зерня. Гэта дазваляе бесперапынна працаваць на полі камбайнам і не буртаваць зерне на пляцоўках. Забяспечваюць работу абсталявання машыністы Аляксандр Шкялёнак і  Дзмітрый Налівайка (студэнт 4 курса Полацкага  дзяржаўнага ўніверсітэта), Мікалай Рафаілавіч Буда і Леанід Аляксандравіч Красько. За суткі сушылкі "з'ядаюць" каля 20 кубічных метраў дроў.

 

Горячее дыхание хлебной нивы
Кожны з нас можа прыгатаваць што-небудзь паесці, але толькі повар прыгатуе страву, адведаўшы якой, адразу мяняецца настрой, прыбаўляецца сілы. У час жніва работнікі сталовых робяць важную справу і застаюцца непрыкметнымі.

Усіх працаўнікоў, якія заняты на жніве, забяспечваюць харчовым сілкаваннем работнікі сталовай Мікалаёўскай школы.

— На працягу навучальнага года  мы гатуем абеды для дзяцей, а летам — для хлебаробаў, — расказвае повар Вольга Мікалаеўна Карніцкая.

— Канешне, хочацца, каб ежа была сытнай і смачнай, — дадае Аксана Рычардаўна Корзун.

Штодзённа ў сталовай рыхтуюць абеды на 60-70 чалавек і пастаянна мяняюць меню. Абавязкова сярод прапануемых страў ёсць мясныя. Найбольш любяць механізатары катлеты. Але гатуюць павары і тэфтэлі, гуляшы, плоў... На першае — расольнікі, гарохавыя і фасолевыя супы, боршч, вараную капусту…

Развозяць абеды на УАЗіках па двух напрамках, каб ахапіць усе рабочыя зоны.

На палявым стане іх раздаюць Эльза Муратаўна Сахатава і Аліна Пятроўна Нядзвецкая.

Доўга і старанна рыхтуемыя паварамі стравы звычайна з'ядаюць за 10-15 хвілін і не застаецца ніякага пацвярджэння іх карпатлівай працы. А найвышэйшая ўзнагарода, якую яны атрымліваюць — кароткае і шчырае "дзякуй" ад тых, хто падсілкаваўся.

 

Дырэктар сельгаставарыства Зыгмунд Іосіфавіч Пад'ельскі, задаволены тэмпамі ўборачных работ, і шчыра дзякуе тым, хто сваёй працай з дня ў дзень павялічвае хлебны каравай.

Горячее дыхание хлебной нивы
У гэтыя дні камбайнеры і вадзіцелі большую частку сутак праводзяць на хлебнай ніве, адсунуўшы на другі план усе іншыя жыццёвыя турботы. Раніцай, як толькі спадзе раса, выязджаюць яны на "стэпавых караблях" на палеткі, дзе каласіцца збожжа, і працуюць там аж да змяркання.

 

— Кожны камбайнер выкладаецца, бо ад гэтага залежыць не толькі своечасовая і якасная ўборка ўраджаю, але і заробак. Вылучыць лепшых, арыентуючыся толькі на намалот, будзе няправільна, бо ўсе працуюць на перадавой і ўклад кожнага значымы, — кажа кіраўнік гаспадаркі і называе прозвішчы механізатараў. Гэта Аляксей Уладзіміравіч Шыбека, Уладзімір Уладзіміравіч Глебка, Станіслаў Данатавіч Драгун, Іван Іванавіч Шляпецец — яны летась атрымалі новыя камбайны "КЗС-12-18", Васіль Аляксеевіч Зелянкевіч, Пётр Пятровіч Мядзелец, Мікалай Пятровіч Талапіла, Аляксандр Эдуардавіч Атміновіч. Адвозяць зерне на МАЗах Аляксандр Іванавіч Свяцкі, Аляксей Мікалаевіч Валынец і Сяргей Паўлавіч Маслоўскі, на ГАЗе-53 — Ігар Мікалаевіч Карніцкі, на трактарах — Аляксандр Рафаілавіч Буда і яго сын Дзяніс, Аляксей Фёдаравіч Фёдараў, Канстанцін Анатольевіч Галавач, Васіль Васільевіч Капыльскі, Іван Коркін. А калі трэба, то і яшчэ кагосьці можам задзейнічаць. На зернетаках перавозяць збожжа Віктар Гур'евіч Вагер і Анатоль Вячаслававіч Рачыцкі. Накіравалі ў прыватны сектар камбайн "Ліда-1300", якім кіруе Антон Пятровіч Кавалеўскі.

 

Горячее дыхание хлебной нивы
На асаблівым кантролі ў дырэктара сельгаставарыства — сяўба азімых.

Напачатку ляжа ў глебу насенне рапсу на 240 гектарах, а затым — азімая пшаніца, пад якую па плану адведзена 1300 гектараў. З падрыхтоўкай глебы праблем няма. У гэтым пастараліся Іван Сяргеевіч Шымуковіч, Пётр Мікалаевіч Станкевіч, Генадзь Канстанцінавіч Красько, Барыс Уладзіміравіч Глебка і Уладзімір Міхайлавіч Пляшко, Валерый Францавіч Шыманоўскі — ён жа будзе і галоўным сеяльшчыкам на МТЗ-30 22 у счэпцы з АПП-6.

Дастаткова назапасілі калію і ўжо ўнеслі яго на 400 гектарах пад ворыва. А вось з набыццём фосфарных угнаенняў атрымалася затрымка, таму і сяўбу рапсу раней не маглі распачаць, бо без такога сілкавання ён вельмі дрэнна зімуе. Калі не будзе ніякіх стрымліваючых фактараў, насенне крыжакветкавай культуры механізатары гаспадаркі мяркуюць пасеяць за некалькі дзён. Намнога больш часу давядзецца патраціць на палетках, якія зойме азімая пшаніца. У планах распачаць яе сяўбу за 20-25 жніўня і завяршыць не пазней 20-25 верасня. Загорнуць у глебу насенне толькі першай рэпрадукцыі, якое атрымалі на мясцовых палетках.

— Мы маем 200 т насення сорту "Ядвіся" і 300 т — "Капылянка". Плануем закупіць і элітныя зярняткі, каб засеяць імі 200 гектараў і мець добрае насенне і ў наступным годзе, — зазначыў З. І. Пад'ельскі.

 

Агульная ўборачная плошча зерневых і зернебабовых у ААТ "Мікалаёўскі" 2340 гектараў — самая вялікая ў раёне. Для параўнання: у ВУПКУ "Міёрскі" адведзена — 1810 га, у ААТ "Чэрасы" — 1825, "Туркова" — 1455. У іншых — менш. Намалацілі 2214 тон пшаніцы (на 9 жніўня). А вось ураджайнасць хлебаробаў не радуе. Можна спасылацца на надвор'е, але мясцовыя аграномы аналізуюць вынікі і заўважаюць пэўныя ўпушчэнні, важна ў наступным годзе не дапусціць іх. А мне хочацца пажадаць мясцовым хлебаробам добрага здароўя і спрыяльнага надвор'я, а старання ў іх хапае.

 

На здымках: 1. Камбайнер ААТ «Мікалаёўскі» Аляксандр Атміновіч; 2. На зернесушыльным комплексе; 3. Галоўны энергетык Валерый Мядзелец за рамонтам сушыльнага абсталявання; 4. Повар Вольга Карніцкая; 5. Станіслаў Драгун; 6. Механізатары на адвозцы збожжа Аляксей Фёдараў і Васіль Капыльскі.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 июня 2021
Иван, Митрофан, Назар, Петр, Ростислав, Мария, Марфа, Софья

Именины 16 июня 2021
Денис, Дмитрий, Лукьян, Михаил, Павел, Юлиан, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта