Хозяевами деревня славится и песнями звенит
gazeta 6-08-2013, 09:42 0 Вясковае жыццё
![]()
"Вечар добры, людзі званыя і жаданыя,
Людзі старыя і маладыя,
Запрашаем вас на свята!
Свята, нібы казка!
Прыходзьце, калі ласка!"
З гэтага шчырага запрашэння пачалося свята вёскі ў Паташні. І сабралася на яго шмат людзей, прычым не толькі мясцовых, але і з суседніх вёсак, аграгарадка Павяцце.
Прыехалі ў родныя мясціны тутэйшыя выхадцы, якія жывуць у бліжэйшых гарадах. У студэнтаў і школьнікаў цяпер канікулы, а таму і яны прыйшлі ў маляўнічы куточак на ўзбярэжжа ракі Мёрыца да летняй танцпляцоўкі — а гэта менавіта тая катэгорыя насельніцтва, якая ўносіць асаблівае ажыўленне ў кожнае мерапрыемства. Хаця трэба падкрэсліць, што і многія тутэйшыя жыхары сталага ўзросту не ўступяць у энергічнасці, запале. А там, дзе збіраецца шмат вясёлых людзей, няма месца для суму і кепскага настрою. Пасля зацяжных дажджоў парадавала сваім цяплом надвор'е.
Пакуль старэйшыя жыхары ўладкоўваліся на лавачках, а моладзь прыстройвалася ў цяньку дрэў, арганізатары свята зазывалі гасцей вясёлай, добра ўсім вядомай песняй "Вёсачка мая".
Вядучыя мерапрыемства Аляксандр Гайдзель і Валянціна Ляшкевіч прыгожымі вершаванымі радкамі зрабілі ўступ да першай, галоўнай, часткі мерапрыемства "Сам сабе дызайнер", якая прысвячалася падвядзенню вынікаў агляду па добраўпарадкаванні сельскіх сядзіб:
"Мы едзем далёка за мора
Чужыя глядзець гарады,
Шукаем скалістыя горы,
Азёры крыштальнай вады,
І часта, так часта бывае,
Што мы
ў сумятлівым жыцці,
Мінаем і не заўважаем,
Красу сваіх родных мясцін!"
![]()
Падчас свята адзначылі вяскоўцаў, якія ля ўласных дамоў стварылі астраўкі прыгажосці. Адны гаспадары пасадзілі шмат кветак, другія — уклалі старанне ў стварэнне малых архітэктурных форм. Паташня — невялікі населены пункт і ўсе падворкі тут бачныя кожнаму. Па праўдзе кажучы, не ўсе яны вызначаюцца чысцінёй і ўтульнасцю. Некаторым домаўладальнікам яшчэ трэба шмат папрацаваць, каб навесці належны парадак. Але падчас свята пра недахопы не ўзгадвалі, бо іншая была мэта — прапагандаваць станоўчае, пахваліць дбайных. Каб вызначыць адметныя сядзібы на кожнай з мясцовых вуліц, папярэдне давялося абысці ўсе падворкі ў вёсцы. Самых прыгожых двароў аказалася адзінаццаць. Іх гаспадары падчас свята былі ў ліку шаноўных гасцей, пра якіх сказана шмат добрых слоў.
На вуліцы Зарэчнай вока "чапляецца" за яркі кветнік ля дома Сяргея Георгіевіча і Алы Іванаўна Панізнікаў. А на сядзібе Уладзіміра Генрыхавіча і Ларысы Вітальеўны Зорыных цікавым дэкорам вылучаецца Сад камянёў.
Шмат прыгожых куточкаў са сваёй "ізюмінкай" на вуліцы Маладзёжнай! У сапраўдны рамонкавы рай трапляеш на сядзібе Наталлі Фадзееўны і Пятра Часлававіча Томкаў. Выдзяляецца незвычайным і арыгінальным спалучэннем розных форм дваравая кампазіцыя, створаная Анатолем Янавічам і Ірынай Станіславаўнай Лаўрыновічамі. Ля іх дома побач са штучнымі паўднёвымі пальмамі, якія цягнуцца ўгору на фоне пунсовых кветак, прымасціліся белыя "буслы".
Трэба зазначыць, што фігуры і кампазіцыі, створаныя са штучных і прыродных матэрыялаў, прыжыліся на мясцовых сядзібах надоўга, яны толькі абнаўляюцца і дапаўняюцца новымі формамі. А ў дварах, дзе галоўным элементам упрыгожання з'яўляюцца кветкі, дызайн можна часта змяняць, выбіраючы для пасадкі розныя віды і сарты з улікам іх колераў і тэрмінаў цвіцення. Гэты сезонны вясенне-асенні дэкор штогод ствараецца ўноў і падтрымліваецца на працягу 5-6 месяцаў карпатлівай ручной працай. Непаўторны каларыт фарбаў і водараў пануе ў кожным двары, дзе пануюць прадстаўнікі расліннага свету. І ўзгадваючы пра іх, вядучыя свята з захапленнем казалі:
"А кветкі, люба глянуць!
Стракатаю сям'ёй
Сышліся на паляну
На летні мітынг свой.
Адна стаіць цыбатая,
Падняўшы парасон.
Лісцём другая кратае,
Б'е ўсёй зямлі паклон.
А трэцяя, чацвёртая
Глядзяцца ў глыб нябёс,
А пятая разгортвае
Пялёсткі ў ззянні рос".
Такая прыгажосць сустракае кожнага, хто заходзіць праз веснічкі ў двор Паўла Францавіча і Антаніны Мацвееўны Кашкураў, Алега Мікалаевіча і Валянціны Эдуардаўны Такмаковых.
З густам аформлены двор у Сяргея Аляксандравіча і Вольгі Францаўны Шукоў. Чысціня і ўладкаванасць пануе на сядзібе Віктара Антонавіча і Марыі Юльянаўны Лісоўскіх, Ірыны Аркадзьеўны і Эдуарда Антонавіча Рэўтаў.
На сядзібе заўзятага рыбалова Валянціна Вацлававіча Адамовіча месцам рэлаксацыі з'яўляецца вадаём з азёрнымі раслінамі, прыгожай лавачкай паблізу і яркімі кветкамі, якія ўпляліся ў агароджу.
На новай вуліцы Лугавой толькі тры сядзібы. Тут адметна выдзяляецца дом дырэктара гаспадаркі Алены Браніславаўны і яе мужа Валянціна Янавіча Лаўрыновічаў. У двары месціцца альтанка, радуе вока масток, б'е фантанчык…
Усіх гаспадароў добраўпарадкаваных сядзіб запрасілі на сцэну. Старэйшына вёскі Валерый Блажэвіч ўручыў ім падарункі.
![]()
У другой частцы свята адбылося тэатралізаванае прадстаўленне "Прыгоды Паўлінкі на кірмашы", дзе галоўнымі персанажамі былі літаратурныя героі з твора Янкі Купалы — Паўлінка і пан Быкоўскі. Па сюжэце гэтая парачка сустрэлася на кірмашы. Абодва ўжо звязаныя шлюбамі: ён узяў сабе жонку з-за мяжы, а яна выйшла замуж за Якіма Сароку. Тым не менш, пан Быкоўскі пачаў заляцацца да кабеты, што вельмі не спадабалася яе бацьку. Падзеі, якія разгортваліся на сцэне, суправаджаліся трапнымі жартамі, песнямі. Асабліва спадабаўся вяскоўцам заліхвацкі танец галоўнага персанажа, якому надта хацелася заваражыць "каханку". З гэтай мужчынскай роллю ўдала спраўляўся Сяргей Шук. А яго дачка Дар'я была Паўлінкай. Праявілі свой артыстызм у розных ролях і іншыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці — Антон Астукевіч (Прынцысь), Ларыса Зорына (Агата), Аляксандр Гайдзель (Сцяпан), Валянціна Ляшкевіч (Альжбэта). У інсцэніроўцы гучалі песні ў выкананні Яўгеніі, Дар'і і Сяргея Шукоў, Антона Астукевіча і Аляксандра Гайдзеля.
— Мясцовых тэатралаў змянілі на сцэне госці з суседняга раёна — цікавы канцэрт паставіў мастацкі калектыў пад кіраўніцтвам Юрыя Сычова з Глыбоцкага культурна-спартыўнага цэнтра. Гучалі песні ў групавым, дуэтным і сольным выкананні. Кожнага выступоўцу вясковыя гледачы праводзілі са сцэны гучнымі апладысментамі, — зазначае загадчык Паташнянскага сельскага клуба Валерый Блажэвіч. — Апошняя песня загучала, калі сонца ўжо схавалася за гарызонтам і наваколле ахінула цемната. І як толькі мелодыя пачала "затухаць", неспадзявана для ўсіх гучным акордам грымнуў салют, расквеціўшы неба рознымі колерамі. Кожны выстрал суправаджаўся радаснымі вокрыкамі, гойканнем, апладысментамі. Гэта было настолькі эмацыянальна! Ніхто ж не чакаў!
Феерверк абвясціў пра пачатак вясковай дыскатэкі, якая аб'яднала ў танцах і маладых, і людзей старэйшага ўзросту, і тых, хто працуе на высокіх пасадах, і радавых работнікаў, гараджан і вяскоўцаў. Гэта была вясёлая грамада, якой прадаставілася магчымасць адпачыць ад турбот, ад паўсядзённых жыццёвых клопатаў, падзарадзіцца станоўчымі эмоцыямі, бо з добрым настроем і праца спорыцца.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



