ААТ "Туркова" адна з нямногіх гаспадарак раёна, якія сёлета павялічваюць вытворчасць малака. З пачатку года надоі выраслі на 4,8%. Нават у маі, калі пры пераводзе статка на пашы ў многіх сельгасарганізацыях "згубілі" прадукцыю, на мясцовых фермах прыплюсавалі да ўзроўню 2012 г. 104 ц (3,3%).
У дойным гурце таварыства 730 кароў. Размешчаны статак на дзвюх фермах, кожная з якіх забяспечвае рост прадукцыйнасці статка, а найвышэйшы ён на МТФ "Супорніца", дзе ад кожнай каровы за студзень-май атрымалі па 1950 кілаграмаў сырадою. Валавы надой — 853 тоны, што на 36 т больш леташняга. Гэта вынік старання ўсяго калектыву, асабліва аператараў машыннага даення Веры Паўлаўны Галавач, Наталлі Васільеўны Яшчэня, Зоі Генадзьеўны Дзямешка і Валянціны Мікалаеўны Шчамель. Аператары з МТФ "Гараўцы" стараюцца не адставаць ад іх, але сапернічаць няпроста, бо тут статак утрымліваецца ў іншых умовах, і тэхналогія даення адрозніваецца. У калектыве лідарства па надоях трымае Марыя Дзмітрыеўна Гудак. Некалькі гадоў назад жанчына пайшла на льготную пенсію як мнагадзетная матуля, але работу не пакінула.
ААТ "Туркова" прадала малака ў параўнанні з леташнім больш на 4,8%. Таварнасць яго за пяць месяцаў склала 82,8%, а ў гэтыя дні ўзнялася да 93,5% (сярэднераённы паказчык — 86,3%).
Л. ГЕРАСЕНКА.