Эффект усилий

Каб забяспечыць стабільныя вынікі ў жывёлагадоўлі, патрэбны штодзённыя намаганні па захаванні тэхналогіі. А вось іх і няма ў шэрагу гаспадарак. Таму не радуюць першыя сёлетнія паказчыкі па вытворчасці валавой прадукцыі ў філіяле ККЗ "Цітова", ААТ "Папшулі", "Сіцькова", "Мікалаёўскі", "Наўгароды", "Любінова", "Гвардзейскі", УП "Юбілейны". Асабліва значна зменшылі надоі жывёлаводы з Наўгарод. Прычыны гэтай сітуацыі ў парушэннях тэхналогіі ўтрымання, кармлення і даення кароў, вырошчвання маладняку. У гэтай гаспадарцы дойнаму пагалоўю не рыхтавалі кармасумесі, на некаторых фермах даілі статак два разы, былі перабоі ў водазабеспячэнні.

 

Вывад адназначны — высокія надоі падтрымлівае дыферэнцыраванае кармленне. А калі карміць кароў пасля цялення кіслым сіласам, у статка будуць праблемы са страўнікам, пячонкай і нагамі. Што навядзенне парадку ў кормапрыгатаванні дае добры вынік, сведчыць становішча ў ААТ "Сіцькова", "Мікалаёўскі", "Любінова".

 

Добрую прыбаўку малака з першых дзён года забяспечваюць работнікі ферм ААТ "Дрыгучы". Толькі ў студзені тут ад кожнай каровы надаілі па 396 кг сырадою з прыбаўкай да папярэдняга года ў 44 кілаграмы. Параўнайце, сярэдні надой за гэты месяц па раёне быў 258 кг. Але і да яго так далёка жывёлаводам КУП "Язна", ААТ "Наўгароды" і "Папшулі", УП "Юбілейны". А ўсё таму, што не арганізаваны раздой пяршачак і кароў, якія толькі што ацяліліся, групы такога статка не фарміруюцца. У рацыёнах прадукцыйнай жывёлы няма камбікорму. А пры раздоі асабліва патрэбны энэргетычны корм з утрыманнем 18-20% сырога пратэіну. Іншыя канцэнтраты чакаемай аддачы не дадуць, між тым сродкі на іх патрэбны значныя.

 

Вялікае значэнне мае і чалавечы фактар, умелае абыходжанне з жывёлай.

Асобныя гаспадаркі зменшылі рэалізацыю малака ці яго таварнасць. Значыць, скараціліся фінансавыя паступленні, так патрэбныя для падрыхтоўкі да веснавых палявых работ, правядзення рэканструкцый і выплаты заробку.

На пачатак лютага 24% кароў у нашых гаспадарках ацялілася. Яшчэ больш — у ААТ "Дрыгучы", "Чэрасы", "Узмёнскі край", філіяле ККЗ "Павяцце". Мы імкнёмся да раўнамернага цялення статка, а гэта 10-12% штомесяц. Адносна горшая сітуацыя зноў жа ў ААТ "Наўгароды", "Сіцькова", філіяле ККЗ "Цітова", УП "Юбілейны", КУП "Язна". Значыць, тут не было належным чынам арганізавана пакрыццё жывёлы летась у лютым-красавіку. Таму зменшылася колькасць цяленняў у канцы мінулага года — пачатку гэтага, зменшыліся і надоі. І такая сітуацыя можа паўтарыцца, калі меркаваць па тэмпах асемянення матачнага пагалоўя цяпер. Гэтая работа пачынаецца са штодзённых прагулак кароў. А яны да нядаўняга часу праводзіліся далёка не на ўсіх фермах усё тых жа гаспадарак "Цітова", "Папшулі", "Пад'ельцы", "Наўгароды", "Мерыца". Ды і эфектыўнасць пакрыцця не можа задавальняць.

Больш увагі патрабуе вырошчванне цялушак на ўзнаўленне і наогул маладняку. Нізкія сярэднясутачныя прывагі ў толькі што названых і некаторых іншых гаспадарках. А прычыны ў незбалансаваным кармленні і дрэнных умовах утрымання. Гэта значыць, у безадказнасці радавых работнікаў, спецыялістаў і кіраўнікоў.

 

Сярэднясутачная прывага ўсёй жывёлы павінна быць не менш за 600 грамаў, а на адкорме — 800. Кожнай гаспадарцы даведзена заданне па рэалізацыі бычкоў на мясакамбінат пры агульнай колькасці па раёне ў 5200 галоў. Аднак год пачалі з адставання ААТ "Пад'ельцы", "Наўгароды", "Мерыца" і некаторыя іншыя.

Сярэдняя вага пастаўляемага на мясакамбінат статка складае 430 кілаграмаў, аднак гэты ўзровень пакуль недасягальны для даглядчыкаў КУП "Язна", ААТ "Любінова" і некаторых іншых.

 

У шэрагу сельгаспрадпрыемстваў цяпер памяншаецца колькасць жывёлы. Гэта недапушчальна, бо пагалоўе — аснова будучых паказчыкаў. У першую чаргу неабходна нарошчваць малочны статак.

У раёне працягваецца рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, яна патрабуе вялізных фінансавых сродкаў. Яны павінны акупляцца належнымі ўмовамі працы для жывёлаводаў, утрымання прадукцыйнага пагалоўя і ростам таварнай прадукцыі. Але ж у асобных гаспадарках і ў абноўленыя памяшканні не можа заехаць кормараздатчык, не абсталяваны выгул, не наведзены парадак у малочных блоках і падсобных памяшканнях. Сучасныя фермы павінны быць укамплектаваны лепшым пагалоўем.

 

Сярод першачарговых задач — рацыянальнае выкарыстанне высакаякасных камбікармоў, якія трэба скармліваць у адпаведнасці з надоямі. Карміць дойнае пагалоўе толькі кармасумесямі. Даенне — абавязкова трохразовае, 40-50% надояў павінна адпавядаць патрабаванням гатунку экстра. А гэта немагчыма, калі не навесці парадак у памяшканнях, у абслугоўванні абсталявання, прафілактыцы і лячэнні гінекалагічных захворванняў і масцітаў.

 

На пастаянным кантролі павінны знаходзіцца таварнасць малака, догляд цялят, забеспячэнне прагулак кароў, раздой пяршачак, эфектыўнасць асемянення і рэктальная дыягностыка. І, зразумела — якасць кармоў, раскісленне сіласу.

Выкананне ўсіх гэтых задач, забеспячэнне высокай тэхналагічнай дысцыпліны немагчыма без адказных адносін усіх работнікаў жывёлагадоўлі да сваіх абавязкаў.

 

П. ПЯТРОЎ, намеснік начальніка

райсельгасхарчу

па жывёлагадоўлі.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.