Авторизация
 

Насенне да сяўбы падрыхтвалі

Хаця ўсе палеткі яшчэ пад тоўстым слоем снегу, хлебаробы ААТ "Гвардзейскі" ўжо думаюць пра сяўбу. Яшчэ з восені спланавалі, дзе  размесцяць яравыя зерневыя, якія ўчасткі адвядуць пад тэхнічныя і кармавыя культуры. Вызначыліся з плошчамі. Пад яравую пшаніцу, напрыклад, адвядуць 338 гектараў, пад ячмень — 356, пад зернебабовыя — 100. Акрамя таго, на ворным кліне  па 200 га зоймуць рапс і кукуруза, 50 лён. Для сяўбы патрэбна мець (па зерневай групе) 173 тоны насення.

 

— У нас створаны дастатковы яго запас: з улікам страхавога і пераходнага фондаў маем 300 тон, — зазначае галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Вікенцьевіч Іваноў.—Давялі да пасяўных кандыцый насенне  яшчэ з восені. Пярвічную ачыстку правялі на агрэгаце "ОВС-25", а другасную — на "Петкус-544". Гэтую работу выканалі Анатоль Уладзіміравіч Лысюк і Міхаіл Міхайлавіч Іваноў.

Вясной мясцовым хлебаробам застаецца толькі апрацаваць зярняткі хімпрэпаратамі. Гэтым зоймуцца пры наступленні аптымальных умоў надвор'я, калі ўсталюецца плюсавая тэмпература.  Машыну для пратручвання насення купілі ў 2010 годзе і на новым абсталяванні пры строгім захаванні тэхналогіі ўдаецца вельмі якасна апрацоўваць пасяўны матэрыял. Дарэчы, гэта вельмі неабходная "працэдура", ігнараванне якой прыводзіць да значнага зніжэння ўраджайнасці. На жаль, хімпрэпаратаў для пратручвання насення ў таварыстве цяпер вельмі мала. Але яшчэ ёсць час на іх набыццё.

 

Штогод насенны фонд гаспадаркі папаўняецца "элітай". Участкі, засеяныя такімі высокагатунковымі зярняткамі, даглядаюць раслінаводы з асаблівым стараннем, бо сабраны ўраджай затым выкарыстоўваюць на насенне. Летась, напрыклад, у фермерскай гаспадарцы "Іўе" Магілёўскай вобласці закупілі 5 тон элітнага гароху і 10 т лубіну. Пасеялі. Абмалацілі, высушылі, ачысцілі. І сёлета ўжо маюць шмат каштоўнага ўласнага насення.

Мінулагодняй восенню "гвардзейцы" ў адной з насенняводчых гаспадарак рэспублікі на выгадных умовах абмянялі фуражнае зерне на элітнае насенне яравой пшаніцы "Тома" — 10,1 тоны і ячменю "Бровар" — 10,9 т. Вясной яго загорнуць у глебу і ў наступным годзе будуць мець дастаткова насення першай рэпрадукцыі.

 

— Кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Гэтая прымаўка трывала замацавалася ў сялянскім ужытку і перадаецца з пакалення ў пакаленне, бо — праўдзівая. Калі ў зямлю пакласці хілае зярнятка, то паўнацэннага коласу не будзе. Вось таму мы стараемся высяваць толькі насенне высокіх рэпрадукцый. Аднак ураджай фарміруецца пад уздзеяннем многіх фактараў, кожны з якіх трэба ўлічваць. Летась  мы атрымалі з кожнага гектара па 32, 6 цэнтнера збожжа, што вышэй сярэднераённага паказчыка. Але суседзі з ААТ "Узмёнскі край" і "Мерыца" па ўраджайнасці зерневых нас апярэдзілі: мы недапрацавалі па доглядзе зернебабовых.

 Ёсць у нас і праблема з сушэннем збожжа ў гарачы перыяд жніва. Сучаснага высокапрадукцыйнага абсталявання не маем. Сушылка ўжо перавысіла ўсе тэрміны эксплуатацыі і летась увогуле не працавала. Пашчасціла ўбраць большасць збожжа пры сухім надвор'і і рэалізавалі яго без дадатковай дасушкі. Зернефураж для патрэб гаспадаркі і насенне даводзілі да неабходнай вільготнасці на ворахатаку, а гэта вельмі марудны працэс.

 Будаўніцтва новай сушылкі, на жаль, не плануецца. Аднак, нягледзячы на гэтую праблему, трэба дбаць пра павышэнне вытворчасці збожжа, якое не толькі дае нашай гаспадарцы выручку ад рэалізацыі, але і забяспечвае жывёлагадоўлю бялковым кормам. А патэнцыял для росту ўраджайнасці сельгаскультур у нас ёсць і важна максімальна яго выкарыстаць, — падкрэсліў кіраўнік раслінаводчай галіны ААТ "Гвардзейскі" М. І. Іваноў.

 

Э. БЛАЖЭВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 сентября 2021
Александр, Алексей, Василий, Григорий, Дмитрий, Захар, Иосиф, Никита, Сергей, Анна, Афанасий

Именины 21 сентября 2021
Георгий, Иван, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта