Авторизация
 

З адказнасцю і любоўю

С ответственностью и любовью — У ВУПКУ “Міёрскі” ў жывёлагадоўлі задзейнічана шмат аператараў машыннага даення і аб выніковасці работы кожнага з іх можна меркаваць па вытворчых паказчыках, якія намнога вышэйшыя ў тых, хто працуе старанна і адказна, — зазначае галоўны заатэхнік гаспадаркі Леанід Дзмітрыевіч Касаты. — Дойныя гурты на фермах папаўняюцца прыкладна аднолькавым па племянных задатках статкам, няма вялікіх кантрастаў у кармленні і ўмовах утрымання. А вось прадукцыйнасць кароў у групах, замацаваных за работнікамі, розная. У ліку лепшых аператараў Алена Казіміраўна Невядомская з МТФ “Ліпніцы”. Гэта толькі здаецца, што кароў даіць справа няхітрая. Далёка не кожнаму аператару ўдаецца атрымаць добрыя надоі.

 

Меркаванне кіраўніка жывёлагадоўчай галіны пацвердзіла і сама Алена Казіміраўна, за плячыма якой шматгадовы вопыт працы ў жывёлагадоўлі:

— Прафесія аператара машыннага даення патрабуе пэўных навыкаў і ведаў. Надоі залежаць ад шматлікіх фактараў, сярод якіх складана вылучыць найбольш важныя, бо ўсё цесна пераплятаецца. Гэта і кармленне, і захаванне тэхналогіі, і надзейная работа абсталявання, і асемяненне кароў… Возьмем да прыкладу сам працэс даення. Здаецца, што прасцей можа быць: надзеў даільныя стаканы на саскі вымя і апарат сам “забярэ” ўсё малако. Толькі гэта не зусім так. Ёсць маленькая дробязь, ігнараванне якой і прыводзіць да зніжэння прадукцыйнасці статка — абавязкова трэба ўважліва сачыць за паступленнем сырадою ў калектар, каб і належную чысціню выдойвання забяспечыць, і своечасова зняць даільныя стаканы, што будуць траўміраваць жывёлу “вакуумам”. Калі ж гэтага не зрабіць, то можа карова “зарвацца” ці мастыт узнікне, а пры такой хваробе іншы раз і выбракоўваць жывёлу даводзіцца.

 

Самы спакойны перыяд у даяркі ў снежні, калі большасць кароў у запуску.  А ў студзені пачынаюцца ацёлы, прыбаўляецца малака, і тады да позняй восені ідзе карпатлівая праца, давядзецца хвалявацца і пра забеспячэнне высокіх надояў, і пра захаванне нованароджаных цялятак, і пра своечасовае пакрыццё статка…

— Да таго ж, каровы, як і людзі, хварэюць, — працягвае размову жанчына. — Хаця лячыць яе — абавязак ветспецыялістаў, але і даярка павінна ўважліва сачыць за жывёлай, бо яна лепш за іншых ведае фізіялагічныя асаблівасці кожнай “рагулі”, яе манеры паводзін, і адразу прыкмеціць, калі штосьці не так. Жывёла і смуткуе (такое нярэдка назіраецца, калі ідзе замена кароў у групах), і на боль рэагуе, і на грубасць. Усе мае падапечныя маюць мянушкі і адклікаюцца на іх. Летам на пашах некаторыя аператары сутыкаюцца з праблемай — статак неахвотна ідзе да перасоўных даільных установак. А я сваіх “пяструшак” паклічу, і тыя адразу да мяне бягуць.

 

Несумненна, надоі ў многім залежаць ад работы даяркі. Калі яна працуе абы дзень да вечара, то вынікаў не будзе. Руплівыя работнікі свае недахопы прыкмецяць, ды належныя высновы зробяць, крытычна адрэагуюць на недапрацоўкі іншых. Увесь калектыў на ферме павінен працаваць дружна і зладжана, не ставячы падножку адзін другому, сумесна турбуючыся пра вырашэнне ўзнікаючых праблем. Добра, калі і зоаветспецыялісты прыслухоўваюцца да меркаванняў і парад даярак. Разам з А. К. Невядомскай на МТФ працуюць яшчэ тры пастаянныя аператары — Вольга Станіславаўна Януковіч, Алена Міхайлаўна Жывіцкая і Святлана Іванаўна Рынкевіч. Старанныя, сумленныя. Праўда, прафесійны стаж у іх меншы.

 

За апошнія два гады на малочнатаварнай ферме ў Ліпніцах многае змянілася. Праведзена рэканструкцыя ўсіх жывёлагадоўчых памяшканняў, малочнага блоку, заменена тэхналагічнае абсталяванне, зроблены выгульныя пляцоўкі.

— Палепшыліся ўмовы працы, а ад гэтага і настрой у даярак іншы, — кажа Алена Казіміраўна. — Толькі вось здароўе мяне падводзіць. Дактары забараняюць фізічныя нагрузкі. Але да пенсіі яшчэ два гады. Цяпер, пакуль у рабочым страі, расслабляцца і скардзіцца на немач нельга. Як кажуць, узяўся за гуж, — не кажы, што нядуж. Трэба выконваць даручаную справу так як належыць, і да выхаду на заслужаны адпачынак я яшчэ планую надаіць ад сваіх “рагуль” шмат малака.

 

Пад апекай даяркі 46 кароў — нагрузка немалая. Аднак з такой “грамадой” жанчына паспяхова спраўляецца, да таго ж, хвалюецца, што нядаўна давялося выбракаваць з групы трох кароў і абавязкова неабходна паставіць на іх месца пяршачак. Трывожыцца жанчына і за вырашэнне больш маштабных пытанняў. Напрыклад, нямала малака губляецца пры летніх далёкіх перагонах жывёлы з адной пашы на другую. Вось і сёлета паблізу фермы няма дастатковай плошчы травастою для пасьбы дойнага гурта, давядзецца гнаць жывёлу на канюшыну аж пад Браслаўскі раён. Праўда, спецыялісты агранамічнай службы абяцаюць, што ў наступным годзе гэтая праблема будзе вырашана — запланавана засеяць травой участкі паблізу МТФ.

 

Алена Казіміраўна, расказваючы пра сябе, заўважыла, што з маленства душой “прырасла” да вёскі. Жыццё ў сельскай мясцовасці мае свае асаблівасці і цяжкасці, якія нярэдка стамляюць, але такі ўклад і стымулюе чалавека, не дае яму расслабляцца, прыслухоўвацца да хвароб. Трэба ўвесь час “бегчы і бегчы”, бо акрамя работы на ферме даводзіцца шчыраваць на агародзе, па хатняй гаспадарцы.

 

Прыгадала жанчына, што пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы яна ў прафтэхвучылішчы атрымала будаўнічую прафесію. Год адпрацавала па спецыяльнасці. Затым выйшла замуж за тутэйшага хлопца і вярнулася ў сельскую мясцовасць. Напачатку жылі з мужам у свякроўкі, а пазней гаспадарка выдзеліла маладым дом у Крычаве, і яны яго прыватызавалі. Давялося Алене Казіміраўне працаваць у клубе, сталовай, але нядоўга. А вось на ферме замацавалася на пастаянна. З жартам яна заўважае:

— Жыву ўжо шмат гадоў на адным месцы і работу не мяняю, аднак паспела папрацаваць у трох гаспадарках: напачатку — у калгасе “Ленінскі шлях”, затым—у падсобнай гаспадарцы ААТ “Міёрскі райаграсэрвіс”, а цяпер з’яўляюся работніцай ВУПКУ “Міёрскі”.

 

Справа ў тым, што тэрыторыя, на якой размешчана МТФ “Ліпніцы”, неаднаразова пераразмяркоўвалася. Адпаведна мянялася і кіраўніцтва, што, канешне, адмоўна адбівалася на вытворчых працэсах, бо зніжалася дысцыпліна работнікаў. Але сітуацыя стабілізавалася. Тутэйшыя землі і размешчаныя на ёй вытворчыя аб’екты трывала замацаваліся за адным сельгаспрадпрыемствам, дзе надаецца асаблівая ўвага развіццю малочнай жывёлагадоўлі. Канешне, не ўсё гладка і лёгка атрымліваецца. Ёсць недахопы, праблемы. Аднак і станоўчым можна пахваліцца. У “Мілашове” завяршаецца будаўніцтва вялікага комплексу, меншыя фермы рамантуюцца. А колькі за апошнія гады жылля ўзведзена?!

 

— І нам, работнікам, таксама трэба старацца, каб больш прадукцыі атрымліваць, высокай якасцю яе прадаваць. У першую чаргу гэта датычыць жывёлаводаў, бо гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса.

А ведаеце, што самае-самае галоўнае ў рабоце даяркі? Трэба любіць жывёлу, якую даглядаеш, — падкрэсліла Алена Казіміраўна.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

 

 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 19 сентября 2021
Андрей, Архип, Всеволод, Давид, Денис, Дмитрий, Иван, Кирилл, Константин, Макар, Михаил, Фекла

Именины 18 сентября 2021
Александр, Алексей, Глеб, Давид, Ефим, Захар, Максим, Федор, Елизавета, Ираида, Раиса, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта