Для хороших людей
gazeta 14-09-2012, 14:08 1 398 Вясковае жыццёЦікавай канцэртнай праграмай парадавалі жыхароў Пякоціна, Хоцькава і Ліпантаў артысты Туркоўскага СДК. Свята гэтых вёсак праходзіла ў сярэдзіне жніўня і сабрала як старажылаў, так і прадстаўнікоў маладога пакалення.
Вітаючы самых старэйшых жыхароў, — Яўгенію Ігнатаўну Окунь, Зою Фёдараўну і Францішка Вацлававіча Кодзісаў, Зінаіду Сямёнаўну Гарбатаву, Яўгенію Пятроўну Шульга — звярнуліся да іх з просьбай берагчы сваю маленькую радзіму, захоўваць яе спадчыну і традыцыі.
Шмат добрых слоў прагучала ў адрас тых людзей, чыё жыццё звязана з гэтымі мясцінамі. Вядучыя Алена Філіпёнак і Алена Дуброўская зазірнулі ў многія дамы і расказалі пра іх гаспадароў.
Два гады назад адзначылі залатое вяселле Іван Іванавіч і Соф’я Андрэеўна Кадушкевічы. Яны вырасцілі пяцярых дзяцей, дзевяць разоў атрымлівалі радасныя весткі пра нараджэнне ўнукаў і двойчы сталі прадзядулем і прабабуляй.
У Зінаіды Сямёнаўны Гарбатавай таксама пяць дзяцей, дзевяць унукаў, а праўнукаў ужо чацвёра. Шмат чаго зведала жанчына ў жыцці. У вайну працавала на Урале абпальшчыцай металу, а мірны час прайшоў за выхаваннем дзяцей, якіх расціла адна, і за працай у мясцовай гаспадарцы.
Працавітасць, ветлівасць і павагу да старэйшых прывівалі сваім пяцярым дзецям Георгій Пятровіч і Алена Канстанцінаўна Зуевічы. Самі яны ўвесь час працавалі ў сельскай гаспадарцы. Вопыт бацькі-трактарыста пераняў сын Іван, механізатар ААТ “Туркова”.
Гордасць вёскі Пякоціна — сям’я Францішка Вацлававіча і Зоі Фёдараўны Кодзіс. Францішак Вацлававіч падчас вайны быў высланы ў Германію, пасля працаваў у калгасе старэйшым на будаўніцтве. Шмат сіл і энергіі было аддадзена гэтай справе. Зоя Фёдараўна займала пасаду сакратара Шантараўскага сельсавета, затым працавала ў хаце-чытальні. Дзякуючы ёй у вёсцы захаваліся народныя традыцыі. Муж і жонка разам 63 гады, вырасцілі дваіх сыноў, маюць унукаў.
Працавітыя і сумленныя людзі жывуць у Хоцькаве. Пра ўтульнасць і прыгажосць вёскі клапоціцца старэйшына Пётр Аляксеевіч Каравай. Усё жыццё ён адпрацаваў у калгасе. Стараннасці ў працы навучыў і сваіх пяцярых дзяцей, якіх выхавалі разам з жонкай Тамарай Вітальеўнай.
Сям’я Наталлі Сяргееўны Рымша і Мікалая Уладзіміравіча Гарбатава самая маладая ў вёсцы. Мікалай добры гаспадар, за якую справу ні возьмецца—усё атрымліваецца найлепшым чынам. За чысцынёй і ўтульнасцю ў доме і парадкам на двары сочыць Наталля. Сваё каханне і шчасце яны старанна аберагаюць ад жыццёвых нягод.
Уладзімір Антонавіч і Леаніда Іванаўна Дуброўскія разам на працягу 30 год. Заўсёды сумленна ставіліся да працы, вырасцілі траіх дзяцей, пазналі шчасце быць дзядулем і бабуляй. Па-ранейшаму ў іхніх вачах свецяцца агеньчыкі радасці.
Словы ўдзячнасці і шчырыя пажаданні гучалі для Ларысы Рыгораўны Дзямешка, Яніны Янаўны Шкялёнак, Васіля Іванавіча і Надзеі Іванаўны Якубавых. Асобным радком павіншавалі тых, хто ў жніўні святкуе дзень нараджэння. А ў падарунак для ўсіх і кожнага — прыгожыя песні і вершы, вясёлыя танцы, гумарыстычныя інсцэніроўкі.
Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз — ганаровыя граматы па намінацыях “Дом узорнага парадку”, “Двор выдатнага стану”, “Лепшы кветнік”, “Лепшы сад і агарод”. Кожны атрымаў узнагароду.
На развітанне артысты пажадалі вяскоўцам, каб, нягледзячы на розныя жыццёвыя перашкоды, усё ў іх ішло як мае быць.
Шчырая падзяка кіраўніку ААТ “Туркова” В. І Сташкевічу за прадастаўлены транспарт, Соф’і Андрэеўне Кадушкевіч і Алене Канстанцінаўне Зуевіч, а таксама ўдзельнікам старэйшай і малодшай харэаграфічных груп Туркоўскага СДК за дапамогу ў правядзенні і арганізацыі свята.
А. ФІЛІПЁНАК,
дырэктар
Туркоўскага СДК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.