Отдыхали в Окунёве

Отдыхали в Окунёве На свята вёскі Акунёва я ехаў з дваякім пачуццём. На розных пасадах працаваў там 14 год, гэта былі мае лепшыя часіны. Баяўся застаць запушчаную выміраючую вёску. Але ўбачанае і пачутае ўсяліла ўпэўненасць у тым, што тутэйшыя людзі поўныя рашучасці адрадзіць свой куточак. Толькі ім патрэбна дапамагчы. Другое прыемнае адкрыццё ў тым, што загадчыкам Сіцькоўскага клуба працуе энтузіяст, нястомны аптыміст. Таццяна Віктараўна Івашкевіч прафесіянал сваёй справы, гатовы пераадольваць любыя цяжкасці дзеля дасягнення мэты. А цяпер аб усім папарадку.

 

У свой час Акунёва было цэнтрам калгаса імя Заслонава. У вёсцы працавала сярэдняя школа, дзе вучылася больш за 200 чалавек. Былі і клуб, бібліятэка, магазін, кантора праўлення гаспадаркі, ветэрынарны ўчастак. Людзі з суседніх вёсак, улічваючы перспектывы, стараліся пераехаць сюды. Але ў пачатку 70-х гадоў пачалося ўзбуйненне калгасаў. Наш далучылі да “Шлях да камунізму”. Усю тэхніку забралі ў Сіцькова, следам скіраваліся і механізатары са сваімі сем’ямі. Многія паехалі за межы калгаса і нават раёна. Акунёва стала пусцець. Сёння ў вёсцы засталіся 16 пенсіянераў, 20 чалавек працаздольнага ўзросту і 16 дзяцей. Самы сталы жыхар — 82-гадовы Віктар Іванавіч Лебедзеў, на свяце адзначалі яго працалюбства, камунікабельнасць і гаспадарлівасць.

 

Удала складзеная праграма мерапрыемства, добра падрыхтаваныя вядучыя-старшакласніцы Таня Ганебная і Насця Шыпіла, група “Настальгія” з Міёр у складзе Ігара Сардыкі, Сняжаны Аксёнавай і Юлі Дабіжа, дзісенскія таленты Ядвіга Ганебная, Алена Окунева стваралі цудоўны эмацыянальны настрой жыхарам Акунёва і Ліпаціна.

 

Ніхто з прысутных не застаўся без увагі, у кожнага былі адзначаны яго лепшыя якасці. Песні прысвячаліся персанальна чалавеку або групе. Гледачы не шкадавалі апладысментаў усім артыстам, але ўсё ж Ядвіга Ганебная была па-за канкурэнцыі. У канцы мерапрыемства ў пляс пайшлі і старыя, і малыя.

Добрыя словы адрасавалі сям’і Мікалая Ігнатавіча і Наталлі Іванаўны Талапілаў, якія не адзін дзясятак год пражылі разам, служылі прыкладам для іншых. Яны вырасцілі чацвёра дзяцей, маюць столькі ж унукаў і дваіх праўнукаў. Мікалай Ігнатавіч добрасумленна працаваў у жывёлагадоўлі, а Наталля Іванаўна — тэхнічным работнікам у школе. Зараз аб іх клапоціцца сын Анатоль.

 

Мікалай Аляксандравіч Мішута шчыра працаваў вадзіцелем у калгасе, а яго жонка Зінаіда Васілеўна — загадчыца былога Акунёўскага клуба. Сёлета адзначылі залатое вяселле. Маюць дваіх дзяцей і траіх унукаў. Сярод прыкладных сем’яў вызначыліся  былы трактарыст Канстанцін Данатавіч Кляшчонак і яго жонка паштальён Тамара Паўлаўна, якія вырасцілі дваіх дзяцей і шасцёра ўнукаў. Усю сваю працоўную дзейнасць прысвяцілі жывёлагадоўлі Віктар Спірыдонавіч і Соф’я Васілеўна Талапілы. У іх таксама двое дзяцей і столькі ж унукаў.

 

Алена Аляксандраўна Талапіла, Тамара Паўлаўна Панкрат, Лілія Ільінічна Галубцова засталіся без сваіх другіх палавінак, але не палі духам. Алена Аляксандраўна вырасціла сына, унука, трымае хатнюю гаспадарку, працуе даяркай і атрымлівае высокія паказчыкі. Лілія Ільінічна шматдзетная маці, таксама працуе даяркай. Сёлета яе сын Іван закончыў школу, хоча стаць механізатарам. Тамара Паўлаўна страціла яшчэ і двух сыноў, таму дапамога суседзяў і спачуванне не бываюць лішнімі.

 

У сям’і Валянціна Кліменцьевіча і Еўдакіі Ігнатаўны Валошыных трое дзяцей, Віктар і Тамара Ісаковічы маюць чацвярых, яны стварылі такую маральную атмасферу, што ўсім тут утульна.

 

Вольга Піліпаўна Яленская, былая настаўніца пачатковых класаў і чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, адзначыла 80-годдзе. Столькі ж споўнілася і Дамініцы Казіміраўне Шымуковіч, якая працавала паляводам, мае чацвёра дзяцей і шэсць унукаў.

 

Усё сваё працоўнае жыццё імкнуўся да павышэння ўраджайнасці сельгаскультур аграном Зіновій Данілавіч Краснякоў. Дзякуючы яго намаганням калгас у 80-я меў добрыя намалоты і трывалую кармавую базу.

У 2001 годзе ў Акунёва прыехала сям’я Алены Барысаўны Маціван з яе матуляй Ефрасінняй Карпаўнай Мацюк. Гэта някрасаўская жанчына можа “каня на скаку спыніць і ў пылаючую хату ўвайсці”. Для яе не існуе жаночай і мужчынскай работы, яна ўсё выконвае па-майстэрску. Расце змена, дачка Даша — першакласніца. У сям’і на папячыцельстве знаходзіцца Ігар Мікалаевіч Зуеў.

 

Касцяк Акунёва — сям’я Юрыя Уладзіміравіча і Іны Іванаўны Ганебных. Мужчына з’яўляецца старэйшынам Акунёва, Ліпаціна і Стальмакова. Дзякуючы яго энтузіязму Акунёва мае добраўпарадкаваны выгляд: пафарбаваны агароджы, разбіты кветнікі, культывіруецца малая архітэктура. Сядзіба Юрыя Уладзіміравіча — прыклад для іншых. Ён адзін з лепшых старэйшын Мікалаёўскага сельсавета. Іна Іванаўна працуе паштальёнам, маюць дваіх дзяцей. З імі жыве і яе маці, якая адна выхоўвала сямёра дзяцей і мае 15 унукаў. Нягледзячы на сталы ўзрост, працуе ў калгасе ў жывёлагадоўлі.

 

На свяце прысутнічалі госці з Ліпаціна. Ніна Аляксандраўна Яленская ўдзельніца былога фальклорнага калектыву. 35 гадоў працавала даяркай, была лепшай. Вось ужо тры гады жыве адна, але трымае вялікую падсобную гаспадарку. Ніна Андрэеўна Кляшчонак у мінулым з’яўлялася добрай даяркай, маці траіх дзяцей і бабуля чацвярых унукаў. Таксама былы член фальклорнага калектыву. Аляксей Іванавіч Ганебны доўгі час узначальваў брыгаду ў калгасе. Ён асабістым прыкладам арганізоўваў людзей на працоўныя вынікі. Не здрадзіў свайму Ліпаціну, там жыве і зараз. Ён мае дзевяць дзяцей.

Альфрэд Іванавіч і Зінаіда Данілаўна Матулеўскія—самыя сталыя людзі ў Ліпаціна, мужчыну 86 гадоў, а яго другой палове — 80. Разам вырасцілі траіх дзяцей. Трымаюць хатнюю гаспадарку. Доўгажыхаркай з’яўляецца і Фаіна Сцяпанаўна Шэнда, якой 80 гадоў, маці траіх дзяцей.

 

Ішла размова аб тым, што фальклорны калектыў, які атрымаў званне народнага, выступаў на сцэне Віцебска і Мінска, спыніў сваю дзейнасць.

У Акунёве ёсць два патэнцыяльныя жаніхі, а гэта дзве маладыя сям’і. Узнікае пытанне, дзе яны будуць жыць? Аб гэтым неабходна думаць зараз, калі нам патрэбны маладыя кадры. Стварыць умовы для сваіх людзей выгадней, чым прыцягваць рабочую сілу з іншых абласцей.

 

Ф. ШЫМУКОВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.