Одна улица — общая судьба

Одна улица — общая судьба Вуліца В.Ю. Дзегіля ў аграгарадку Чапукі — самая маладая. На ёй жывуць работнікі ААТ “Любінова”. Многія з іх удзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці і часта выступаюць у іншых населеных пунктах раёна. А калі свята прыйшло да іх, дырэктар СДК Міраслава Фёдараўна Цыцына вырашыла парадаваць сваіх артыстаў выступленнямі прыезджых гасцей. Імі сталі загадчык аўтаклуба Ігар Сардыка і дырэктар Чэраскага СДК Сняжана Аксёнава.

 

Варта сказаць, што вуліца невыпадкова атрымала імя былога старшыні калгаса “Кастрычнік” Васіля Юльянавіча Дзегіля. Гэта быў таленавіты кіраўнік і арганізатар, які вывеў гаспадарку ў лік лепшых у раёне. Яго памяць прысутныя, якія сабраліся ў актавай зале школы, ушанавалі хвілінай маўчання.

Праграму вялі дырэктар СДК М.Ф. Цыцына і мастацкі кіраўнік Т.Ч. Корсак. Яны арганізавалі бяспройгрышную латарэю, кожны яе ўдзельнік атрымаў невялікі сувенір і жартоўнае пажаданне. А выступленні прыезджых талентаў сагрэлі сэрцы вяскоўцаў у пахмурны дзень.

 

Праграма свята не пакінула без увагі ні адну сям’ю, а іх на вуліцы 11, пра кожную было сказана добрае слова. Многім уручаны спецыяльныя дыпломы, салодкія прызы атрымалі дзеці.

Цэнтр вясковай вуліцы — Чапукоўская сярэдняя школа-сад — пабудавана 20 гадоў таму намаганнямі Васіля Юльянавіча. Яна адна з лепшых і прыгажэйшых у раёне, шырока вядомая экалагічным музеем. Навучальную ўстанову вось ужо 14 гадоў узначальвае Віктар Іосіфавіч Стацэвіч. Побач з ім плённа працуюць выдатныя педагогі Лідзія Васільеўна Драба, Рэгіна Іванаўна Мялеўская, Таццяна Міхайлаўна Пучынская і іншыя. Чысціню і парадак падтрымліваюць Мікалай Генадзьевіч Пашкоўскі, Аліна Вікенцьеўна Крывушонак, Ірына Уладзіміраўна Лёдкіна, Валянціна Канстанцінаўна Капусціна. Вось гэты калектыў і прымаў 12 жніўня гасцей-суседзяў.

 

Вуліца пачынаецца з дома сям’і Маркевічаў. Віктар Эдуардавіч працуе прарабам, а яго жонка Аліна Іосіфаўна — зорка мясцовай мастацкай самадзейнасці. Яна разам з сынам Данілам выступала на раённым аглядзе, сямейны дуэт атрымаў станоўчыя водгукі.

Прываблівае вока невялікі будынак комплекснага прыёмнага пункта бытавога абслугоўвання — гаспадарка Алены Чаславаўны Юшкевіч. Сюды сяльчане прыносяць абутак у рамонт, бялізну для мыцця, звяртаюцца за паслугамі цырульніка, нават набываюць патрэбныя рэчы.

 

Побач дом Капусціных . Яго гаспадар Мікалай Пятровіч — выдатны механізатар, не раз займаў прызавыя месцы ў гаспадарцы. Імкнецца сёлета новымі працоўнымі дасягненнямі адзначыць сваё 50-годдзе. Яго жонка Валянціна занята ў школьнай сталоўцы. У яе шмат захапленняў, а найперш — кветкаводства. Іх 15-гадовая дачка Іна — падрастаючая артыстка мастацкай самадзейнасці.

 

Франц і Марына Лабунькі вырасцілі дваіх дзяцей, радуюцца дваім унукам. Франц Адамавіч — жывёлавод, а Марыя Чаславаўна гаспадарыць у сталовай.

Дыспетчар ААТ “Любінова” Рамуальда Францаўна Сініца вырасціла траіх дзетак, год назад стала бабуляй. Яна не толькі аўтарытэтны работнік у гаспадарцы, але і актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці. Бярэ прыклад з мамы дачка Маша. У гэтай сям’і сёлета нямала юбілеяў.

 

За паваротам жыве дружная сям’я Міхаіла Уладзіміравіча і Зоі Ніканораўны Машараў. Яны нядаўна перабраліся сюды з вёскі Жміндзіна, якая цяпер стала вуліцай Лясной аграгарадка. Міхаіл Уладзіміравіч працаваў механізатарам, але і на пенсіі не адпачывае, з’яўляецца вартаўніком у школе. А Зоя Ніканораўна была паштальёнам, цяпер узначальвае аддзяленне сувязі, а яшчэ захапляецца кветкамі. Гэтыя паважаныя людзі вырасцілі траіх дзяцей, ужо тройчы яны бабуля і дзядуля. Іх маленькі ўнучок Арсен папоўніў сям’ю сёлета.

 

Пяты год сумеснага жыцця неўзабаве адзначыць самая маладая на вуліцы сям’я Цітовічаў. Механізатар Мікалай і повар дзіцячага сада Вераніка выхоўваюць дачушку Насцю.

Сапраўдную ўтульнасць стварылі ў сваёй хаце Алег і Ала Байчукі. Яны жывуць у любові і згодзе, выхоўваюць траіх дзяцей. Дарэчы, механізатар Алег у снежні адзначыць 35-годдзе.

 

Цяпер у новы дом перабраліся Мікалай Усеваладавіч і Фаіна Якаўлеўна Тамашэвічы. Ён — вартаўнік у бальніцы, а яна шмат гадоў узначальвае калектыў цялятніка. Вырасцілі траіх дзяцей, цяпер дапамагаюць дачцэ паставіць на ногі ўнучачку.

З Шаркаўшчынскага раёна нядаўна пераехала сюды сям’я Усцінавых. Гаспадар працуе механізатарам, а яго жонка — намеснік галоўнага бухгалтара і актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці. У іх дзве дачкі, старэйшая паступіла ў педуніверсітэт, а малодшая яшчэ ходзіць у школу.

 

Вуліцу Дзегіля дапаўняе завулак Чапукоўскі, дзе ўсяго тры сядзібы. У самай бліжэйшай жыве сям’я Ірыны Антонаўны Кажан, касіра. Яе муж Мікалай — ляснік. Іх дачка Алеся — актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, хутка яна адзначыць свой 15-ты дзень нараджэння. Разам з імі жыве мама Ірыны Антонаўны — Тэрэса Юльянаўна Рынцэвіч, акружаная любоўю, клопатамі і ўвагай.

Побач жыллё маладой сям’і Васільевых. Аляксандр — механізатар, а яго жонка Каця выхоўвае сына Сярожу.

 

А ў апошні дом нядаўна засяліўся малады спецыяліст — эканаміст Іван Алегавіч Мар’янкоў. Ён з Оршы, закончыў Горацкую акадэмію. Прыжываецца на міёрскай зямлі.

Своеасаблівая экскурсія па вуліцы суправаджалася песнямі, падарункамі і граматамі...

 

Ігар МАТЭЛЕНАК,

студэнт факультэта

журналістыкі БДУ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.