Хлеборобы из Повятья

Хлеборобы из Повятья Бяззменнае лідарства ў раённым спаборніцтве на працягу першых тыдняў  жніва трымалі маладыя хлебаробы з філіяла “Павяцце” ААТ “Міёрскі камбікормавы завод” Міхаіл Каснарэвіч і Аляксей Мароз. Прычым, апярэджвалі па намалотах не толькі маладых, але і самых вопытных камбайнераў. У сваёй гаспадарцы яны разам з іншымі ўжо абмалацілі рапс і пшаніцу, а вось яравыя яшчэ не паспелі. Механізатары філіяла, якія працуюць на старых камбайнах, пераключыліся на абмалот збажыны на прыватных надзелах, а Міхаіл і Аляксей, у іх новыя КЗС-1218,  накіраваліся на дапамогу суседнім гаспадаркам, гатовы нават у самыя аддаленыя куточкі раёна даехаць, каб мець добры намалот. Напачатку ўбіралі зерневыя ў ААТ “Узмёнскі край”, што павялічыла іх паказчык амаль на 200 тон. А 8 жніўня накіраваліся ў ААТ “Пад’ельцы”. Прыехалі раніцай, аднак на некалькі гадзін затрымаліся на мехдвары, бо трэба было пачакаць, пакуль збажына пасля вячэрняга дажджу абсохне. Пакуль тутэйшы аграном Міхаіл Пятровіч Панкрат аглядаў участкі, дзе можна разгарнуць работу, павяцкія механізатары часу не гублялі старанна рыхтавалі да выезду на поле камбайны, якія прыгналі “сваім ходам”.

— Несумненна, на першым плане — якасць абмалоту. Жняяркі аснасцілі сцеблападымальнікамі. Гэта ўжо чацвёртае жніво для мяне, ёсць пэўны вопыт работы і на такіх складаных участках. Упершыню ж сеў за “штурвал”, калі вучыўся на другім курсе аграрнага ўніверсітэта на інжынерным факультэце. Сёлета атрымаў дыплом і вярнуўся ў родныя мясціны, працую механікам па сельгасмашынах. Камбайн КЗС-1218, якім кірую, другі сезон у рабоце, тэхнічны стан яго добры і дазваляе хутка весці жніво. Намалаціў ужо 870 тон зерня (на 8 жніўня), — зазначыў М. Каснарэвіч. — І Аляксей Мароз працуе на новым КЗС-1218, які гаспадарка атрымала сёлета, але намалот у яго крыху меншы. Адстаў на некалькі дзесяткаў тон толькі таму, што давялося стаяць дзень на рамонце. Тэхніка новая, гарантыйная, а вось сапсавалася. Праблемы ўзніклі з бартавым блокам. Выправілі “гарантыйшчыкі” няспраўнасць, але… ненадоўга, зноў паўторна давялося выклікаць спецыялістаў. Працаваць на камбайне з такой няспраўнасцю можна, але, калі прыедуць майстры, зноў давядзецца Аляксею на пэўны час прыпыніцца.

 

Хлеборобы из Повятья — Ёсць жаданне ўдзельнічаць у рэспубліканскім свяце “Дажынкі-2012”? — адрасую пытанне лідарам жніва.

— Хто ж пра гэта не марыць?! Але не ўсё залежыць толькі ад нас, камбайнераў, вельмі важна, каб быў вялікі аб’ём работы — дастатковыя плошчы зерневых і высокая іх ураджайнасць, роўныя палеткі і адпаведная контурнасць. Ды і іншых фактараў шмат.

Разам з маладымі хлебаробамі на дапамогу работнікам ААТ “Пад’ельцы” прыехаў з філіяла “Павяцце” і вадзіцель Уладзімір Іванавіч Юрашак. Ён яшчэ ў першыя дні жніўня стаў першым у раёне вадзіцелем-тысячнікам, а да 7 жніўня перавёз звыш 1300 тон збожжа новага ўраджаю.

 

— Поплеч з маладымі і мне даводзіцца шпарчэй ездзіць, — усміхаецца вадзіцель.

Дарэчы, сын У. І. Юрашака — Іван таксама вырашыў звязаць сваё жыццё з вёскай. Ён вучыцца ў сельгасакадэміі на агранома, але і ў тэхніцы ведае толк. На летніх канікулах ужо чацвёрты год працуе на камбайне. Хаця і не ў ліку лідараў, але дастойны ўклад у агульную справу ўнёс.

 

— Як сведчаць вынікі раённага працоўнага саперніцтва, не адстаюць ад павяцкіх хлебаробаў па намалоце і пастаянныя лідары раённага спаборніцтва Іван Іосіфавіч Лакотка і яго сын Дзмітрый з ААТ “Гвардзейскі”. Ды і камбайнеры з ААТ “Узмёнскі край” Віктар Шамёнак і Віталь Анатольевіч Матэленак маюць добрыя намалоты. Хто сярод механізатараў-камбайнераў восенню ўздымецца  на першую прыступку працоўнага п’едэстала, пакуль яшчэ цяжка сказаць, — зазначае спецыяліст РК прафсаюза работнікаў АПК Ганна Віктараўна Матэленак.—Заўважу, што сёлета дацягнуцца да прызавога месца ў абласным спаборніцтве будзе больш складана, чым летась, бо ў шэрагу раёнаў, у тым ліку і ў Верхнядзвінскім, ужо ёсць “тысячнікі”, але старацца трэба. Праз лічаныя дні ў нашым раёне таксама з’явяцца такія пераможцы, і першы з іх атрымае не толькі Ганаровую грамату, але і грашовае ўзнагароджанне.

Поспехаў вам, хлебаробы!

 

Э. БЛАЖЭВІЧ.

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.