Сярод мясцовых сельгаспрадпрыемстваў самы вялікі дойны гурт ва УП "Міёрскі" і ён дае каля 10% малака ад агульнараённай вытворчасці. Спецыялісты райсельгасхарчу адзначаюць, што ў гаспадарцы ёсць вялікі патэнцыял для росту надояў, які трэба ў поўнай меры выкарыстаць, а для гэтага кожны работнік жывёлагадоўлі павінен праяўляць старанне. Адным з галоўных напрамкаў павелічэння прадукцыйнасці малочнай жывёлы з'яўляецца эфектыўная работа па штучным асемяненні кароў і цялушак.
У гаспадарцы працуюць два тэхнікі-асемянатары — Марына Іванаўна Гайдзель (мае 9-гадовы прафесійны стаж) і Марына Томашаўна Глод (7 гадоў выконвае нялёгкую справу). Дарэчы, летась выхад цялят на 100 кароў на фермах склаў у сярэднім 93 галавы, што вышэй сярэднераённага паказчыка. Пад наглядам гэтых жанчын больш 1500 кароў і цялушак злучнога ўзросту. Штодзённа яны раніцай і вечарам аб'язджаюць усе гурты, праводзяць двухразовае асемяненне жывёлы ў ахвоце, што павышае яго эфектыўнасць.
Абодва тэхнікі-асемянатары УП "Міёрскі" ўдзельнічалі ў раённым прафесійным конкурсе, які праводзіўся на базе ААТ "Чэрасы". М. І. Гайдзель заняла ў ім трэцяе месца, якое было прысуджана не толькі за майстэрства, прадэманстраванае падчас экзаменацыйных і практычных выпрабаванняў, але і добрыя вытворчыя паказчыкі. Марына Іванаўна атрымала каштоўны падарунак.
Маштабныя задачы па пакрыцці БРЖ неабходна выканаць тэхнікам-асемянатарам сельгаспрадпрыемства ў гэтым годзе. Асабліва напружана трэба папрацаваць ім цяпер, каб наступнай вясной на малочнатаварных фермах мець прыплод і малако.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.