Творчество в каждом уголке: как Раиса Крук из агрогородка Повятье благоустраивает свой двор
gazeta 16-09-2025, 11:30 14 096 Вясковае жыццё / Пятилетка качества / Год благоустройства 2025
Асновы ландшафтнага дызайну і садаводства Раіса Крук не вывучала, аднак з захапленнем добраўпарадкоўвае двор свайго дома па вуліцы Майскай у аграгарадку Павяцце. Патрэба акружаць сябе прыгажосцю ідзе ад душы, ідэі чэрпае з тэлепраграмы «Дача». Муж Леў Іосіфавіч лагодна ставіцца да жончынага хобі і ажыццяўляе яе задумкі. Мабыць таму і любяць збірацца ў іх гасцінным доме родныя, былыя калегі, сябры.
Размаўляем з гаспадарамі за чаем з шарлоткай пад павеццю ля дома. Гэта толькі адна з зон адпачынку ў іх прасторным двары. Не атрымліваецца спыніць позірк на чымсьці, бо акцэнтаў у афармленні шмат. На ўваходзе па правы бок сустракаюць туі, па левы схаваны ад чужых вачэй за агароджай сад, назіраць за якім можна, гойдаючыся на арэлях. Гаспадарчыя пабудовы таксама абрамляюць пладовыя дрэвы. Паўсюль астраўкі кветак, у глыбіні двара цяпліца з таматамі, агуркамі і перцамі. Яшчэ далей – градкі з гароднінай, за хлявом схаваўся і ўзбіраецца па сцяне вінаград.
– У іншых візуальна бачу – там бы тое пасадзіла, там тое, а ў сябе не магу – хочацца ўсё і адразу, – перажывае Раіса Ніканаўна. – Цяпер у модзе мінімалізм: крыху зеляніны і лужок. А я вельмі люблю кветкі. Разумею, што столькі стракатасці не трэба, варта ўпарадкаваць тое, што ёсць, аднак кожную своеасаблівую прыгожую расліну хочацца мець у сваім садзе.
Гаспадыня марыць пра асфальтаваныя дарожкі, аднак здаецца, што яны тут не да месца. Хочацца звязаць гэтыя астраўкі прыроднай прыгажосці сцежкамі натуральнага пахо- джання накшталт лясных. Да таго ж прыемна пахадзіць басанож па мяккай канюшыне.
Пакуль размаўляем, Леў Іосіфавіч прыслухоўваецца і ўздыхае, бо клопатаў па доглядзе тэрыторыі хапае круглы год. Звычайна летняй парой даводзіцца насіць ваду і паліваць расліны, сёлета наадварот, вільгаці было зашмат. А колькі часу трэба аддаць, каб скасіць участак ці надаць форму кустам?!
– Наогул я больш люблю вясну, калі з’яўляюцца першыя кветкі – нарцысы, цюльпаны, а яшчэ імхі – прырода ажывае. А потым воку прыядаецца, і ўжо не тое, – дзеліцца суразмоўніца.
Яе захапленне кветкамі падзяляюць родныя і знаёмыя. Штосьці з насення выпісвае і купляе, штосьці дораць. Яшчэ адна несумненная любоў Раісы Ніканаўны – экзатычныя для нашых мясцін плады. Растуць абрыкосы, нектарыны, персікі, шарафугі (гібрыд абрыкоса, слівы і персіка) і ківі, пакуль не пладаносяць шаўковіца і хурма. Дарэчы, вясной квітнеючы персік нагадвае ружовае воблачка. Двор дома, дзе жывуць з 2012 года, штогод папаўняецца новымі дрэўцамі і раслінамі. Адных руж аж дванаццаць відаў, а яшчэ рудбекіі, гартэнзіі, азаліі.
– Ужо хочацца маладогляднага саду, – разважае гаспадыня, але бачна, што пакуль не рэалізаваныя ідэі ўсё ж непакояць яе: – Вы прыяз- джайце да нас гады праз тры: туі падрастуць, сад набярэ моц – будзе ў нас казачна прыгожа. А ўжо на наступны год памяняем агароджу, тут будзе драўляны штыкетнік з вежамі.
Любяць бываць у бабулі і частавацца смакатой унукі, якія жывуць у Верхнядзвінску. Ацанілі чай з вырашчаных на ўчастку траў і смачную выпечку сяброўкі.
Раіса Ніканаўна – эстэт, працавала ў сферы культуры і заўсёды імкнецца акружаць сябе прыгажосцю. Як дома, так і на рабоце. Добраўпарадкоўвала тэрыторыю ля клуба, затым ля фермы, малыя архітэктурныя формы былі не толькі прывабныя знешне, але і выконвалі практычныя функцыі. Працягвае заставацца ў страі – спявае на сцэне Павяцкага СДК.
Прыемна назіраць за вынікамі сваёй працы. Любімае месца гаспадыні – лавачка ля лазні, схаваная ад чужых вачэй. Побач расце белы рыжскі бэз, буяюць клемацісы. Гаспадар адпачывае на лавачцы ля гаража, адкуль бачны ўвесь двор. Яго захапленне – лазня, што паставіў сам, цяпер займаецца яе напаўненнем.
Здаецца, усё на ўчастку ідэальна, але муж і жонка крытычна ацэньваюць сваю работу.
– Учора суседцы сказала, што прыедуць карэспандэнты. Кажу, сёлета ў нас сціпла, зеляніны менш. А яна ў адказ – усё роўна столькі кветак ні ў кога няма, – з усмешкай расказвае Раіса Крук і жартуе: – Можа гэта ўжо хвароба, што я не магу спыніцца?!
Раней купляла саджанцы, цяпер спрабуе сама чаранкаваць расліны. Дзеліцца імі з роднымі і суседзямі. У наступным годзе сад папоўняць іспанская вішня і сліва пісардзі – невысокія дрэўцы, з якіх зручна здымаць плады.
Гаспадары трымаюць на падворку курэй, прыходзяць сюды паласавацца смачненькім вожыкі. Яны дапаўняюць казачную атмасферу, якая пануе ў двары па вуліцы Майскай.
Алена ВАРОНІНА.




