Адрес гомельчан – деревня Милашово

 Застацца ў Гомелі ці пераехаць у Мілашова? Для Марыны Шыпковай выбар быў відавочным. Прытым што некалькі гадоў таму нават не думала, што будзе жыць у сельскай глыбінцы, а хобі стане асноўным спосабам заробку.

Пазнаёміліся з Марынай Шыпковай на мінулагоднім экасвяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» на падворку Павяцкага сельсавета. Зацікавілі яе рэчы ручной работы для лазні і гісторыя пераезду з вялікага горада ў ціхую глыбінку. Чарговая наша сустрэча – летнім днём у Мілашове.

Прырода проста «ваў!»

Пайшоў другі год, як Марына са сваім маладым чалавекам Уладзіславам сталі сельскімі жыхарамі. Іх дом – былы дзіцячы сад. Яшчэ на тэрыторыі ў адзін гектар будынкі вучэбнага корпусу школы і спартыўнай залы.

– Хацелі купіць невялікі домік, – гаворыць Уладзіслаў, – пасля даведаліся, што за адну базавую прадаюцца школа і будынкі на яе тэрыторыі. Падчас аўкцыёну цана вырасла, не адны мы хацелі купіць, давялося патаргавацца.

 Міёршчына паланіла гамяльчан прыродай: мноствам азёр, лясамі, балотам Ельня.

– Любім падарожнічаць па Беларусі, шмат дзе былі, – заўважае Марына. – У гэтыя мясціны проста немагчыма не закахацца. Паўсюль азёры. Мясцовых жыхароў гэта зусім не здзіўляе, а для нас проста «ваў!»

– Мясцовасць экалагічна чыстая, – дадае Уладзіслаў. – На Гомельшчыне большасць лясоў закрыты, а тут свабодна можна збіраць ягады і грыбы. Сёлета ў лес яшчэ не хадзілі, у мінулым годзе былі.

З сабой маладыя людзі прывезлі гадаванцаў: сабаку і шасцярых катоў, якім таксама даспадобы сельскае прыволле. Побач з домам уладкавалі гняздо буслы. Як заўважала суседка, раней гэтыя птушкі тут не сяліліся. Згодна з народнай прыкметай, буслы прыносяць удачу і ахоўваюць дом ад нягод.

«А што вы там будзеце рабіць?»

Пытанне нумар адзін, якое задавалі Уладзіславу і Марыне родныя, сябры, знаёмыя, даведаўшыся пра іх намер змяніць месца жыхарства. Для саміх маладых людзей сумненняў не ўзнікала.

Уладзіслаў – юрыст, працуе на выдаленні. Час ад часу едзе ў офіс у Мінск. Марына трымала магазін з таварамі для хатніх гадаванцаў. З ІП перайшла на самазанятасць і развівае ўласны брэнд – рэчы ручной работы для лазні. Шапкі, мачалкі, дыванкі з джута прэзентуе на акаўнце studio_bugs у Інстаграм, прапаноўвае на кірмашах майстроў, мясцовых мерапрыемствах.

– Вязаць пачала яшчэ ў Гомелі. Хобі было спосабам адпачыць ад працоўных клопатаў. Цяпер гэта асноўны занятак, – гаворыць майстрыца.

Адно з памяшканняў у доме – майстэрня Марыны. У вёсцы адкрыла для сябе яшчэ адно захапленне. Вырошчвае кветкі, гародніну і травы: палын, чабор, мяту, размарын, лаванду і іншыя. Імі будзе напаўняць баваўняныя мяшэчкі для лазні.

– Можна параўнаць з чайным пакецікам: заварваюць у гарачай вадзе, якую затым лі-             юць на камяні для пару, дыхаць якім вельмі карысна, – заўважае Марына. – Кожная трава мае свае ўласцівасці. Цяпер падрабязней іх вывучаю.

У размераным сельскім рытме

 Паступова гаспадары прыводзяць у парадак тэрыторыю і будынкі. Зроблена нямала. У доме ёсць усе неабходныя камунальныя даброты. З тэрыторыі вывезены не адзін прычэп смецця і дзікай расліннасці. У будынку былой спартзалы – пункт пракату спортінвентару. Асартымент: ад ролікаў і канькоў да веласіпедаў і палатак. У планах – рамонт былога вучэбнага корпусу школы і далейшае добраўпарадкаванне тэрыторыі. З усімі работамі спраўляюцца самі.

Мясцовых жыхароў таксама здзіўляе, што Уладзіслаў і Марына выбралі замест абласнога цэнтра, дзе шмат магчымасцяў і ўсё даступна, невялікую вёску, якая не можа пахваліцца развітай сацыяльнай інфраструктурай.

– Гэта раней вёска азначала ізаляцыю. Інтэрнэт-магазіны спрасцілі жыццё. Дастаўка тавараў у любы населены пункт. Зімой машына ў рамонце была, заказвалі прадукты праз дастаўку, – расказвае Уладзіслаў. – Да таго ж побач у Ідолта магазін і пошта з доб-рым асартыментам. Да Міёр аўтобус ідзе. Мясцовыя жыхары спыняюцца ля прыпынка і прапануюць падвезці.

Добразычлівасць сяльчан і ўважлівасць старшыні мясцовага сельвыканкама прыемна здзіўляе жыхароў вялікага горада. Па душы цішыня і размераны рытм жыцця, які выключае спешку і мітусню.

Уладзіслаў і Марына працягваюць вандроўкі па Беларусі, бліжэй вывучаюць Віцебшчыну. Канешне, былі на вадаспадзе на рацэ Вята. Падарожнічалі па Верхнядзінскім раёне. На Браслаўшчыне ўразілі руіны сядзібы Плятэраў у Опсе і адметнасці Друі. Касцёл Божай Маці Шкаплернай паблізу Мілашова лічаць візітнай карткай ваколіц, якія сталі іх новым домам.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий