Долгие годы подарил Бог жительнице Леонполя Антонине Куприяновне Шук
gazeta 5-04-2025, 08:30 3 703 Вясковае жыццё / Грамадства
Долгие годы подарил Бог жительнице Леонполя Антонине Куприяновне Шук. Вместе с тем жизнь не баловала: ее детство было опалено войной, с юности тяжело работала, потеряла всех братьев и сестер, похоронила мужа и младшую дочь. Выстоять в трудные времена ей помогала вера в Бога.
Доўгія гады падарыў Бог жыхарцы Лявонпаля Антаніне Купрыянаўне Шук. Разам з тым жыццё не песціла: яе дзяцінства было апалена вайной, з юнацтва цяжка працавала, страціла ўсіх братоў і сясцёр, пахавала мужа і малодшую дачку. Выстаяць у цяжкія часы ёй дапамагала вера ў Бога.
– Не думала, што да такой старасці дажыву: у чэрвені мне споўніцца 92, – заўважае доўгажыхарка. – І калі яны, гэтыя гады, прайшлі?!
Добра выглядае для свайго ўзросту Антаніна Купрыянаўна. Маленькая, хударлявая, а ў вачах па-ранейшаму гарыць агеньчык цікаўнасці. Вось толькі здароўе падводзіць. Усё больш схіляецца да зямлі, мазалістыя рукі не пашкадаваў поліартрыт. Вынік цяжкай шматгадовай працы.
З маленства Антаніна (у дзявоцтве Каськевіч) дапамагала маці на ферме. Калі мірнае жыццё перарвала вайна, старэйшы брат пайшоў у партызаны, а малодшы і дзве сястры засталіся дома з маці. Узгадвае, што немцы не шкадавалі нікога. Ведаючы, што сям’я жыла надгаладзь, забралі кароўку-карміцельку, здзекваліся. Напрыканцы вайны стала крыху лягчэй: вярнуўся з партызанаў брат і вазіў арыштаваных з Міёр у Полацк. Аднак ненадоўга. Яго прызвалі на службу, і хутка прыйшла пахаванка – знік без вестак.
– Дзе ён загінуў, дзе пахаваны – невядома. Яго імя адбіта на абеліску ў Даўгінаве. Я прасіла пляменніцу з Віцебска, каб схадзіла ў ваенкамат, даведалася пра яго. У базах дадзеных ён таксама не значыцца, – заўважае суразмоўніца. – Была вялікая сям’я, а засталася я адна. Адзін брат ляжыць дзесьці ў Віцебску, другі ў Бігосаве, сястра ў Польшчы. У 1939 годзе выехала, там стварыла сям’ю. А я ў Лявонпалі застануся – дзе нарадзілася, там і апошні прыстанак знайду.
Пасляваеннае аднаўленне было цяжкім, Антаніна Купрыяўнаўна займалася палявымі работамі. Выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок. Разам з мужам уласнай працай здабывалі свой дабрабыт, трымалі вялікую гаспадарку. Шчыравалі за працадні, а калі сталі атрымліваць заробак, шчасцю не было межаў. Толькі муж скардзіўся, што не шкадавала сябе. Каб назбіраць грошай на першую машыну – Жыгулі – гадавала свінаматку і цялушак. Кожную гадзіну, нават ноччу, хадзіла карміць маленькіх парасятак.
Апошнія гады перад пенсіяй загадвала збожжавым складам. Аб’ёмы ўборкі былі вялікія, не паспявала нават на абед схадзіць. Дапамагалі дзеці. Пасля выхаду на пенсію даглядала сына старэйшай дачкі Таццяны. Не здалася і калі ў шэсцьдзясят гадоў засталася ўдавой. Давялося асвоіць усю мужчынскую работу: касіць, араць і многае іншае.
Трэцюю зіму запар Антаніна Купрыяўна жыве ў дачкі непадалёку. З наступленнем цёплых дзён зноў збіраецца дадому, садзіць і даглядае агарод. І цяпер перажывае, якія там парадкі, аднак жыць адной на хутары цяжка.
– Цяпер там не ўбачыш нікога. Калі хто праехаў міма на трактары – ёй ужо за радасць, – заўважае Таццяна Канстанцінаўна і дадае: – Рукадзельніцай была – і кручком вязала, і пруткамі, і вышывала – усё ўмела. А цяпер хварэе моцна, нядаўна не магла ад прастуды адысці. Клапоцімся пра яе, тут нічога рабіць не трэба, усё спраўлена. Прыйшоў час, мамачка, сябе берагчы. Абы здаровенькая была.
У паважаным узросце Антаніна Купрыянаўна захавала ясны розум, у многім дзякуючы таму што шмат чытала. У ліку любімых выданняў раённая газета і «Друг пенсионера». Цяпер баляць вочы, таму гэтаму захапленню аддае менш часу. Яшчэ некалькі гадоў таму спявала ў царкоўным хоры, у якасці пеўчай праважала вяскоўцаў у апошні шлях. Пабывала на службе ва ўсіх храмах у акрузе. Штораніцы і штовечара звяртаецца да Бога з малітвай.
Алена ВАРОНІНА.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва Антаніны ШУК.