Руки без дела скучают у Елены Синявской из Дисны
gazeta 4-04-2025, 08:30 3 705 Вясковае жыццё / Культура
Елена Синявская из Дисны из числа тех людей, чьи руки постоянно должны быть заняты. Или держать руль - у автолюбителя даже категория Е открыта. Или окунаться в землю – хлопоты в огороде дарят наслаждение. Или вязать крючком или вышивать бисером. Последнюю нужду с удовольствием реализует в Доме ремесел, куда устроилась на работу прошлым летом.
Алена Сіняўская з Дзісны з ліку тых людзей, чые рукі ўвесь час павінны быць занятыя. Або трымаць руль – у аўтааматара нават катэгорыя Е адчынена. Або акунацца ў зямлю – клопаты ў агародзе дораць асалоду. Або вязаць кручком ці вышываць бісерам. Апошнюю патрэбу з задавальненнем рэалізуе ў Доме рамёстваў, куды ўладкавалася на працу мінулым летам.
«Раблю тое, што цікава»
Засталі майстрыцу за справай. Вязала кручком чахол для стула. Гэта адна з работ, якую прадставіць на абласны конкурс. Плануе дапоўніць калекцыю дыванкамі і падушачкамі. Да гэтага пляла з бісеру жаночыя ўпрыгожанні, якія разам з іншымі работамі дзісненскіх майстрыц адправіліся ў Віцебск на выставу-продаж.
– Мне тут вельмі падабаецца. Раблю тое, што цікава, – дзеліцца ўражаннямі пра сваю справу. – Захапляе творчы працэс, і разам з тым хочацца хутчэй пабачыць вынік. Згодна з тым, што рэчы ручной работы асабліва каштоўныя, бо кожную з іх майстар стварае з душой.
Першай настаўніцай у вязанні для Алены Сіняўскай стала яе бабуля – татава маці. Дзяўчынкай з цікавасцю назірала за спрытнымі рухамі яе рук і практыкавалася сама. У другой бабулі – мамінай маці – вучылася кулінарыі. Аднак гэта справа ў дарослым жыцці не захапіла.
– Гатаваць для мяне – работа, а ўсё астатняе – задавальненне, – заўважае суразмоўніца. – Зараз столькі магчымасцяў для навучання, столькі даступнага матэрыялу ў Інтэрнэце. Вось бы рабіць паралельна тысяча і адну справу. На жаль, нельга ахапіць неабсяжнае.
Прафесіі на практыцы
У Алены Вітальеўны стракатая працоўная біяграфія. Першае месца працы – Новапагосцкая школа, куды выпускніца СШ № 2 уладкавалася піянерважатай. Затым паступіла ў вучылішча, дзе атрымала дыплом краўца, аднак па спецыяльнасці працаваць не давялося. Сямейнае жыццё прывяло ў Осцевічы. На ЛВДС «Дзісна» спраўлялася з клопатамі дворніка, прыбіральшчыцы, загадчыка па гаспадарчай частцы. Пасля дапамагала весці дакументацыю мужу-прадпрымальніку. Затым уладкавалася ў дом-інтэрнат для інвалідаў у вёску Луначарскае Верхнядзвінскага раёна, што суседнічае з Дзісной. Пэўны час была занята касірам на мясцовай аўтастанцыі, прадаўцом у гандлёвым павільёне.
– У працоўнай дзейнасці былі перапынкі, падчас якіх займалася сям’ёй і справамі па гаспадарцы. Разам з мужам выхавалі траіх дзяцей. Увесь час трымалі агарод і гадаванцаў на падворку. І цяпер з задавальненнем працую на зямлі, разводзім птушку. У нас куры розных парод, гусі, качкі. Кароў ужо не трымаю, родным давялося мяне ўгаворваць, каб іх прадаць, – расказвае Алена Вітальеўна. – З гаспадарчымі клопатамі спраўляюся звычайна ў навушніках – слухаю аўдыёкнігі, у асноўным мастацкую літаратуру. На друкаваныя часу няма, а так сумяшчаю прыемнае з прыемным. І на рабоце аўдыёкніга са мной.
Захапляльныя накірункі і маршруты
У Дзісненскі гарадскі Дом рамёстваў Алена Сіняўская прыйшла працаваць, калі тут з’явілася вакансія. Асноўныя творчыя накірункі майстрыцы – вязанне кручком, вышыўка бісерам і бісерапляценне.
– Вышыўка бісерам захапляе нават больш, чым крыжыкам. Гэта даволі затратная па часе справа, але вельмі цікавая, – заўважае суразмоўніца. – Увогуле за любімым заняткам час ляціць незаўважна. Дома па меры магчымасці таксама рукадзеллем займаюся.
У планах Алены Вітальеўны навучыцца плесці паясы. Знайшла інфармацыю пра дэкаратыўны шрыфт-арнамент «Берагіня», што ўяўляе сабой стылізацыю кірылічнага і лацінскага алфавіта пад узоры беларускага арнамента, і загарэлася ідэяй прымяняць яго ў паясах. Пакуль выкарыстоўвае гэты шрыфт-арнамент у імянных браслетах з бісеру.
Натхняюць і захапляюць работы іншых майстроў, з якімі знаёміцца на выязных выставах. За мінулы сезон давялося пабываць толькі на свяце ў Шаркаўшчыне і на экалагічным «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», сёлета творчых маршрутаў паболее.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.