Весенние планы жителей Дисны

 Падчас Дня гарадскога савета ў Дзісне ўдзельнікі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп назіралі прыклады як умелага, так і нядбайнага гаспадарання. Хутка пацяплее, і многія прадстаўнікі працоўных калектываў і прыватныя гаспадары возьмуцца за добраўпарадкаванне тэрыторый. Некаторыя падзяліліся планамі і задумкамі.

Працягваецца бягучы рамонт у будынку філіяла дзіцячай школы мастацтваў і гарадскога Цэнтра культуры. Гэта не дастаўляе вялікіх нязручнасцей персаналу. Наадварот: рады, што ўмовы працы і адпачынку паляпшаюцца. Заменены вокны, падлога, аднак наперадзе яшчэ нямала работы.

З пацяпленнем паболее клопатаў не толькі ў камунальнікаў, але і ў калектываў прадпрыемстваў і арганізацый. Прыбраць тэрыторыю, асвяжыць знешні выгляд малых архітэктурных форм. На тэрыторыі аднаго з шматкватэрных жылых дамоў у аварыйным стане знаходзіцца крышка калодзежа. Патрабуе абнаўлення знешні выгляд магазіна «Рына».

Пэўную работу па добраўпарадкаванні і паляпшэнні ўмоў працы работнікаў на Дзісненскім участку жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо правялі. У прыватнасці, памянялі дзверы ў гаспадарчых пабудовах, замянілі сістэму ацяплення, абсталявалі санітарны вузел. Астатняе, па словах начальніка Віктара Бандарэнкі, у планах на летні перыяд. У тым ліку абсталяванне альтанкі.

Масштабныя планы ў дырэктара Дзісненскага лясгасу Максіма Абрамчыка. Па-першае, пафарбаваць адміністрацыйны будынак, асвяжыць дах, жалезабетонную агароджу і альтанку, пакласці асфальт, замяніць агароджу ля дрэваапрацоўчага цэха. У памяшканне, што знаходзіцца на тэрыторыі, мяркуюць перанесці частку складоў.

Максім Віктаравіч заўважае, што мерапрыемствы па добраўпарадкаванні мае кожнае лясніцтва. Іх клопат – прывесці ў належны стан месцы адпачынку. Цяпер работнікі лесу наводзяць парадак уздоўж дарог, а неўзабаве возьмуцца за азеляненне тэрыторый. Пасадачны матэрыял ужо чакае свайго часу ў гадавальніку. З 21 сакавіка стартавала акцыя «Дай лесу новае жыццё!», да ўдзелу ў якой будуць далучаць працоўныя калектывы і насельніцтва Міёршчыны. Усяго са 140 гектараў, запланаваных на пасадкі ў Год добраўпарадкавання, 120 мяркуюць высадзіць вясной.

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий