Шел по жизни с верой в Бога священник Николай Мелех

 У летапіс лявонпальскага храма Святой Жыватворнай Троіцы, якому сёлета споўнілася 250 гадоў, упісана імя святара Мікалая Меляха. Тут служыў Богу і людзям на працягу 52 гадоў. Тут знайшоў вечны спачын і пахаваны на тэрыторыі храма разам з матушкай Марыяй. Даглядаюць магілы бацькоў і застаюцца пастаяннымі прыхаджанкамі і памочніцамі ў храме дочкі святара Вера Чысцюліна і Таццяна Вішнёвая.

«Гэтая царква – частка ўсіх нас»

– Мне пяць гадоў было, калі сюды прыехалі. У гэтым храме ўсё маё дзяцінства прайшло. Тут вянчаліся з мужам, дачку хрысцілі, – гаворыць Таццяна Вішнёвая. – Гэтая царква – частка ўсіх нас. Вельмі яе любім.

Размаўляем з Таццянай Мікалаеўнай у храме, уладкаваўшыся на лавачках. У гэты час старэйшая сястра Вера завіхаецца на вуліцы па гаспадарчых справах. Яе муж Уладзімір Чысцюлін жартам заўважае карэспандэнтам: «Дапамагаць прыехалі? Тады на дах!» і адпраўляецца на гарышча мяняць аконную раму.

– Будынак старэе, разбураюцца нясучыя сцены, дах працякае. Часткова прывялі храм у парадак, рыхтуючыся да ўрачыстасці з нагоды яго 250-годдзя. Вялікі дзякуй усім, хто адгукнуўся на просьбу дапамагчы, – заўважае Таццяна Мікалаеўна. – Аднак трэба яшчэ нямала зрабіць, каб зберагчы святыню. Спадзяёмся на добрых людзей і Божую дапамогу. Дарэчы, нават у вайну храм дзейнічаў. Ікона Мікалая Цудатворцы кулямі прабіта.

 Агеньчык у душы

У Лявонпаль святар Мікалай Мелях са сваёй сям’ёй прыехаў у 1959 годзе.

– Малая радзіма таты і мамы – вёска Морына Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Тата рана застаўся без маці, цётка выхоўвала. Са сваім бацькам – царкоўным старастам – пастаянна ў храм хадзіў, – расказвае пра татава дзяцінства дачка і заўважае: – Калі ў душы агеньчык запалілі, да царквы прывучылі, то самому туды ісці хочацца, не ўяўляеш сябе без гэтага. Душа ў храм просіцца. Да ўсяго з дзяцінства прывучаюць. Не варта чакаць, што дзіця вырасце і зразумее, што яму трэба. Не зразумее, калі з малых гадоў гэта не прывіць.

Траіх дочак – Веру, Валянціну і Таццяну – бацькі выхоўвалі ў строгасці, веры і любові да Бога. Нягледзячы на ганенні, якім падвяргалася царква ў савецкі час, дзяўчаты наведвалі храм. Дома выконвалі пасты, раніцай і вечарам маліліся.

– Нягледзячы на забарону ўлад, у храме было шмат людзей, – заўважае Таццяна Мікалаеўна. – Аднойчы на Вялікдзень я аднакласнікаў на службу прывяла. Настаўніца нас заўважыла і паведаміла дырэктару. У школе выпусцілі гумарыстычную газету. Дадому з плачам прыйшла. Тата апрануў падраснік, надзеў крыж і ў школу пайшоў. Газету ўжо знялі, але з дырэктарам пагутарыў. Не раз з татам размаўляла раённае кіраўніцтва наконт таго, каб адмовіўся ад веры і ўступіў у партыю. Адказваў, што гэтага ніколі не будзе. Нас жа вучыў любіць Бога, спадзявацца на яго волю і дапамагаць тым, хто побач.

У матэрыяльным плане сям’і сельскага святара жылося нялёгка. Каб пракарміцца, трымалі гаспадарку. Жонка Марыя Рыгораўна лён ірвала, затым пятнаццаць гадоў хлеб у мясцовай пякарні пякла. Айцец Мікалай шукаў выпадковыя заробкі: сена касіў, бульбу капаў, печы складаў. Ветэрынар па дыпломе лячыў жывёлу вяскоўцам.

– Трэба было за штосьці жыць. Святару нельга было ў магазіне нічога купляць, адразу ж пытанне: людскія грошы траціць? – расказвае Таццяна Мікалаеўна. – Цяжка тату даводзілася. Неяк у храме электрычнасць абрэзалі. Пераадольваць усе складанасці яму дапамагала моцная вера ў Бога. Заставаўся добрым і клапатлівым, жыццярадасным. Умеў знайсці падыход да людзей, ведаў, з кім і пра што пагаварыць. Нікому не адмаўляў, кожнага падтрымліваў. У свой час пры храме дзейнічала нядзельная школа. У таты шмат духоўных дзяцей. Пасля вянчацца да яго прыязджалі, малых сваіх хрысціць прывозілі. Цяпер хтосьці з іх у Наваполацку, хто ў Маскве, хто ў Пецярбургу.

 Разам у родным доме і ў храме

З сабой у Таццяны Мікалаеўны некалькі газетных артыкулаў пра тату і ўрачыстасці ў Лявонпалі, фотаздымкі. На адным з іх колішні епіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій уручае лявонпальскаму святару ўзнагароду. Дарэчы, на працягу дваццаці гадоў айцец Мікалай быў настаяцелем храмаў у Лявонпалі і ў Друі. На службу ў суседні раён дабіраўся на мапедзе. Добрым сябрам святара быў былы дабрачынны Міёрскай акругі Мікалай Рунда.

Зямны шлях айца Мікалая Меляха скончыўся ў ліпені 2011-га, яму было 86 гадоў.

– На тры гады раней не стала маці. Тата вельмі перажываў яе страту. Яны ўсё жыццё як іголачка з нітачкай. Мама псаломшчыцай у царкве была, тата яе навучыў, – расказвае Таццяна Мікалаеўна.

Калі не стала Марыі Рыгораўны, з Рыгі разам з мужам прыехала да таты старэйшая дачка Вера. Так і засталіся пастаяннымі жыхарамі бацькоўскага дома, што непадалёк ад царквы. Далучылася да іх Таццяна, перыядычна бывае ў міёрскай кватэры, але больш часу праводзіць у Лявонпалі. Даўно няма з імі Валянціны, у васямнаццаць гадоў захварэла на запаленне лёгкіх, урачы не змаглі ўратаваць.

Таццяна Мікалаеўна, дарэчы, таксама выбрала сабе ў мужы святара. Разам з айцом Васілём несла службу ў храме ва Узмёнах, затым у Цвеціне. Служэнне спалучала з працай у аддзеле статыстыкі райвыканкама. Цяпер разам з сястрой і яе мужам прысвячае сябе лявонпальскаму храму.

Сярод аддадзеных царкве сяльчан Марыя Пятроўна Сушко, шмат гадоў яна тут казначэй. Спявае ў хоры і дапамагае з гаспадарчымі клопатамі Святлана Рыжкова, якая дзесяць гадоў таму пераехала ў Лявонпаль з Мурманска.

– Як заўважаюць прыхаджане, у храме лёгка дыхаць. Гэта сапраўды так. Тут кожная ікона намоленая, – гаворыць Таццяна Вішнёвая. – І на ўсіх святах побач з намі нябачна прысутнічае айцец Мікалай, стаіць у алтары і ўсімі намі кіруе. 

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий