35 лет семейному союзу Владимира и Инны Пашковичей из Язно
gazeta 30-10-2024, 17:30 4 524 Вясковае жыццё
Любить– это не значит смотреть друг на друга, любить – это значит вместе смотреть в одном направлении. С высказыванием классика полностью согласен Владимир и Инна Пашковичи из Язно. В сентябре их семейному союзу исполнилось 35 лет.
Кахаць – гэта не значыць глядзець адно на аднаго, кахаць – гэта значыць разам глядзець у адным накірунку. З выказваннем класіка цалкам згодны Уладзімір і Іна Пашковічы з Язна. Сёлета ў верасні іх сямейнаму саюзу споўнілася 35 гадоў.
Традыцыі значаць шмат
Каралавае вяселле Уладзімір Пятровіч і Іна Вітальеўна адзначылі ў коле родных і блізкіх. Дрэс-код сямейнай урачыстасці – нацыянальныя ўборы. У іх былі апрануты і самі юбіляры, і іх госці.
Традыцыі для сям’і Пашковічаў значаць шмат.
– Заўжды ўсім кажу: каб арыентавацца ў сваім жыцці і ў сваёй дзяржаве, трэба быць патрыётам, ведаць сваю гісторыю, захоўваць і перадаваць духоўную спадчыну, – заўважае Уладзімір Пятровіч. – Патрыёт той, хто любіць сваю радзіму і ўласнай працай памнажае яе дабрабыт. Пад духоўнасцю маю на ўвазе не толькі веру – яна прыхо-
дзіць з гадамі і вопытам, але і перадачу з пакалення ў пакаленне народных традыцый. У нашай сям’і адзначаюць усе рэлігійныя святы, аднак самыя галоўныя – Нараджэнне Хрыстова і Вялікдзень. На калядны стол заўсёды кладзём сена, на якое сцелецца абрус і ставяцца стравы, сярод якіх ёсць тыя, якія гатуюцца толькі на гэтае свята. У велікодную раніцу трэба памыцца вадой, куды пакладзена асвечанае яйка. Важна памятаць сваіх родных, якіх ужо няма. Наведваем іх могілкі, сочым за парадкам. У гэтых традыцыях выхоўвалі сына Ілью, цяпер далучаем да іх трохгадовага ўнука Косцю.
Сын са сваёй сям’ёй жыве ў Мар’інай Горцы. Як і тата, Ілья выбраў медыцыну і стаў урачом агульнай практыкі. Яго жонка Іна – урач-анколаг. Бацькі і дзеці стараюцца як мага часцей бачыцца і разам праводзіць час.
Таксама ў ліку традыцый сяброўскія сустрэчы. Уладзімір Пятровіч і Іна Вітальеўна шчаслівыя і тым, што ў іх шмат сапраўдных сяброў, правераных часам і жыццём.
Пачатак каханню паклала пісьмо
Гартаючы альбом у аксамітнай вокладцы, на кардонных лістах якога чорна-белыя вясельныя здымкі, Уладзімір Пашковіч расказвае гісторыю свайго кахання. Яны з Інай аднакласнікі, але ў школе былі проста сябрамі. Затым Уладзімір паступіў у медінстытут у Віцебск, Іна засталася працаваць піянерважатай у школе.
– Вось тады штосьці прачнулася. Напісаў ёй пісьмо, яна адказала. З гэтага ўсё і пачалося, – прыгадвае суразмоўнік пачатак кахання, якое доўжыцца 35 гадоў.
Праз год Уладзімір пайшоў служыць у армію, пасля чаго прадоўжыў вучобу, Іна стала студэнткай філфака Віцебскага педінстытута. Студэнтамі яны стварылі сям’ю і атрымалі асобны пакой у інтэрнаце. Іна скончыла вучобу на два гады раней і засталася чакаць мужа ў Віцебску, уладкаваўшыся на працу ў школу. Пасля маладая сям’я ўрача і педагога прыехала ў вёску Ломашы на Глыбоччыну. Праз чатыры гады – у канцы 1997-га – іх новым домам стала Язна на Міёршчыне.
– Гэтае месцейка мне было знаёма. Студэнтам прыязджаў сюды да роднай сястры, – гаворыць Уладзімір Пятровіч. – Неяк праязджаючы міма бальніцы заўважыў, што было б добра тут працаваць. З часам так і сталася.
Разам у будні і ў святы
27 гадоў Уладзімір Пашковіч загадвае язненскай установай аховы здароўя. У месцейку яго ведаюць не толькі як урача. Спявае ў хоры ў мясцовым храме, актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці ў СДК, артыст «Язынкі» і нязменны Дзядуля Мароз.
– Кажуць, у вёсцы сумна жыць. Не згодны з гэтым, – адзначае суразмоўнік. – Сумна таму, хто нічога не робіць. Трэба рухацца.
Актывіст у грамадскім і культурным жыцці застаецца клапатлівым сем’янінам і дбайным гаспадаром. Як заўважае Уладзімір Пятровіч, у іх сям’і не прынята дзяліць абавязкі. Уборка дома, догляд агарода і іншыя бытавыя клопаты – справа сумесная. Толькі выпечка хлеба – яго рытуал. Каля дзесяці гадоў таму гэта стала хобі. У свой час пашчасціла даведацца з першых вуснаў рэцэпт закваскі, занесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Ім падзялілася жыхарка Глыбоцкага раёна Сцепаніда Лупач, пра якую калісьці з сынам-школьнікам глядзелі тэлеперадачу. Цяпер кожную пятніцу ад дома Пашковічаў плыве па наваколлі чароўны водар. Дамашнім хлебам частуюць суседзяў і сяброў.
Разам з жонкай нарыхтоўваюць іван-чай. Збіраюць яго на малой радзіме Уладзіміра Пятровіча ў акружанай лесам і азёрамі вёсачцы Бабруйшчына на Глыбоччыне, куды часта наведваюцца на дачу да пляменніка. І хлеб, і іван-чай, і іншую дамашнюю смакату прадстаўлялі на падворку Язненскага сельсавета на экасвяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага раёна», да якога таксама рыхтаваліся разам.
Сям’я на падтрымцы трымаецца
Праз 35 гадоў Уладзімір Пятровіч і Іна Вітальеўна не любяць надоўга расставацца. Калі хтосьці, напрыклад, едзе на курсы, ужо праз два – тры дні пачынаюць сумаваць. Меркаванне наконт таго, што муж і жонка час ад часу павінны адно ад аднаго адпачываць, не падзяляюць. Асновай трывалай сям’і лічаць узаемаразуменне і падтрымку, а ўсе пытанні вырашаюць за размовамі.
– Размаўляць – важнае правіла ў сям’і. Пра ўсё трэба гаварыць, выказваць меркаванні, умець дамаўляцца, – перакананы Уладзімір Пятровіч і з жартам дадае: – Мы ўжо 35 гадоў размаўляем, і ўсё роўна яшчэ пытанняў шмат.
На думку суразмоўніка, іх сямейнае жыццё характарызуюць наступныя песенныя радкі:
Надо просто любить
И любить не бояться.
Просто верить и жить
И сквозь слезы смеяться.
Не бояться прощать,
Уходя, не прощаться.
Не бояться летать,
Ведь страшней не подняться.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва рэдакцыі і сям'і ПАШКОВІЧ.